№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 красавіка

  • 1774

    Памёр Олівер Голдсміт (анг. Oliver Goldsmith, нар. 10 лістапада 1730), ангельскі празаік, паэт і драматург ірландскага паходжання, яркі прадстаўнік сентыменталісцкай прозы, вядомы сваім сентыментальна-меладраматычным раманам “Вэкфілдскі святар” (The Vicar of Wakefield, 1766), паэтычнай антыідыліяй “Пакінутая вёска” (The Deserted Village, 1770), а таксама шэрагам п’есаў. Апошнім буйным творам Голдсміта быў фарс “Ноч памылак, альбо Знявага лепей за ганарыстасць” (1773); гэта была адзіная з п’есаў XVIII ст., якая не сыходзіла з ангельскай сцэны да самага XX ст. Ён лічыцца аўтарам класічнай дзіцячай казкі “Гісторыя цацы” (The History of Little Goody Two-Shoes”), з якой пайшло выслоўе “goody two-shoes” (“цаца”).

  • 1806

    Памёр Карла Гоцы (іт. Carlo Gozzi, нар. 13 снежня 1720), італьянскі драматург, аўтар казачных п’есаў (ф’яба), што выкарыстоўваюць фальклорныя элементы сюжэту і прынцыпы камедыі дэль артэ ў выбары персанажаў-масак. Згодна з легендай сваю першую п’есу Гоцы напісаў, паспрачаўшыся з Гальдоні (які быў тады ў зеніце славы), што напіша п’есу з самым простым сюжэтам, якая зробіцца знакамітай. Так з’явілася “Любоў да трох апельсінаў” — п’еса, якая перадвызначыла з’яўленне жанру ф’ябы, альбо трагікамічнай казкі для тэатра.

  • 1818

    Нарадзіўся Томас Майн Рыд (анг. Thomas Mayne Reid, памёр 22 кастрычніка 1883), ірландска-амерыканскі пісьменнік. Бацька будучага аўтара прыгодніцкіх раманаў быў пастарам. Атрымаўшы адукацыю ў Белфасце, Майн Рыд вырашае ехаць у ЗША, дзе як журналіст удзельнічае ў Мексіканскай вайне 1846 — 1848 гадоў. Гэтыя падзеі былі пакладзеныя ў аснову шэрагу раманаў, у тым ліку “Вершніка без галавы” (The Headless Horseman). Атрыманае на вайне раненне сталася вынікам таго, што апошнія гады жыцця Майн Рыд не мог рухацца без мыліцаў. У Савецкім Саюзе карыстаўся папулярнасцю, у той час як ў Ірландыі і ЗША ў ХХ ст. быў ужо амаль невядомы.

  • 1846

    Нарадзіўся граф дэ Латрэамон (фр. comte de Lautréamont, сапр. Ізідор Дзюкас; памёр 24 лістапада 1870), французскі паэт і празаік. Памёр у 24 гады, пакінуўшы 2 творы — паэму прозаю “Песні Мальдарора” (Les Chants de Maldoror, 1869) і зборнік “Вершы І і ІІ”. Баючыся пераследу за блюзнерства і непрыстойнасць, “Песні Мальдарора” Дзюкас выдаў пад псеўданімам. Адметнасць кнігі палягае ў тым, што, як зазначае рускі літаратуразнаўца Г. Косікаў у артыкуле “Пякельная машына Латрэамона”, “Песні Мальдарора” выраслі зусім не з “жыццёвага досведу” аўтара, якога ў яго папросту не было, а з незлічонага мноства прачытаных у школьныя гады кніг. <...> “Песні Мальдарора” — гэта кніга, напісаная “па матэрыялах” іншых, раней прачытаных кніг, якія служаць прадметам пераймання, і калі паспрабаваць даць ім самае папярэдняе літаратурнае азначэнне, то варта прызнаць, што гэта не толькі адкрыта, але і прынцыпова другасны твор — самазабыўная імітацыя разнастайных белетрыстычных узораў”. “Адкрылі” Латрэамона толькі ў 1920-я гады, і прадстаўнікі авангардных рухаў залічылі яго да сваіх папярэднікаў.

  • 1908

    Адбыўся паэтычны дэбют Жана Както (Jean Cocteau, 1889 — 1963), французскага пісьменніка, кінарэжысёра, актора, мастака. У гэты дзень на Елісейскіх палях у тэатры Феміна прайшоў выступ “васямнаццацігадовага паэта-пачаткоўца”. Арганізаваў вечар сябар Както, актор Эдуар дэ Макс, уступнае слова сказаў вядомы ў той час паэт Ларан Таяд. Выступ быў вельмі паспяховым, Както практычна адразу пачаў актыўна друкавацца і ў хуткім часе выпусціў некалькі зборнікаў — “Лямпа Аладына” (La lampe d’Aladin), “Легкадумны прынц” (Le prince frivole), “Танец Сафокла” (La danse de Sophocles), “Вакалізы” (Les vocalises), — якія потым, паводле ўласнага прызнання, хацеў бы цалкам знішчыць.

  • 1914

    Нарадзілася Маргерыт Дзюрас (фр. Marguerite Duras, сапр. Данадзьё, памерла 3 сакавіка 1996), французская пісьменніца. Нарадзілася ў паўднёвым В’етнаме. Самы знакаміты яе твор — аўтабіяграфічная аповесць “Каханак” (L’Amant, 1984), за якую яна атрымала Ганкураўскую прэмію. Па гэтай аповесці ў 1992 годзе быў зняты аднайменны фільм (рэжысёр — Жан-Жак Ано).

  • 1991

    Памёр Макс Фрыш (ням. Max Frisch, нар. 15 траўня 1911), швейцарскі раманіст і драматург. Да 1950-х гадоў зарабляў на жыццё працай архітэктара. Сусветную вядомасць Фрышу прынеслі тры раманы: “Штылер” (Stiller, 1954), “Homo Faber” (1957) і “Назаву сябе Гантэнбайн” (Mein Name sei Gantenbein, 1964). У 1960-я гады Фрыш шмат падарожнічае, наведвае Японію, ЗША і іншыя краіны. У 1972 годзе ён асталёўваецца ў Берліне, а ў пачатку 1980-х гадоў перасяляецца ў ЗША, дзе жыве ў Нью-Ёрку са сваёй спадарожніцай жыцця Эліс Лок-Керы, якой прысвячае частку сваіх дзённікаў. Гэтыя дзённікі, знойдзеныя ў архівах яго сакратаркі, былі апублікаваныя ў сакавіку 2010. У іх — разважанні пра жыццё ў ЗША падчас прэзідэнцтва Роналда Рэйгана.