Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Ўільям Вордсварт (анг. William Wordsworth, памёр 23 сакавіка 1850), ангельскі паэт-рамантык, прадстаўнік “азёрнай школы”. Падчас навучання ў Кембрыджскім універсітэце, на вакацыях, ён абышоў Азёрны край і Ёркшыр і напісаў гераічным двувершам паэму “Вечаровы шпацыр” (An Evening Walk, 1793), у якой шмат карцін прыроды. Абстрактную і напышлівую мову паэзіі класіцызму Вордсварт знізіў да ўзроўню размоўнай мовы; ён лічыў, што мова паэзіі не павінная адрознівацца ад мовы прозы. Вордсварт верыў, што яго паэтычнае прызначэнне — паказаць прыроду не як ратаванне чалавека ад пакутаў і абавязкаў, а як крыніцу “найчысцейшай жарсці і радасці”.
Нарадзілася Габрыэла Містраль (гішп. Gabriela Mistral, сапр. Лусіла дэль Перпетуа Сакора Гадой-Алькаяга; памерла 10 студзеня 1957), чылійская паэтка баскска-індыйскага паходжання, змагарка за правы жанчынаў, першы з лацінаамерыканскіх пісьменнікаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1945) — “за паэзію сапраўднага пачуцця, якая зрабіла яе імя сімвалам ідэалістычнага імкнення для ўсёй Лацінскай Амерыкі”. Яе вершы прасякнутыя разважаннямі пра прыроду, здраду, каханне, матчыную любоў, смутак і вяртанне, вандраванням і лацінаамерыканскай ідэнтычнасці. На беларускую мову вершы Містраль перакладаў Рыгор Барадулін.
Памёр Аляксей Жамчужнікаў (руск. Алексей Жемчужников, нар. 22 лютага 1821), рускі паэт, сатырык і гумарыст. На раннім этапе творчасці самай заўважнай яго часткай была створаная разам з братам Уладзімірам і стрыечным братам Аляксеем Талстым літаратурная маска Казьмы Пруткова.
Нарадзіўся Сяргей Пятроў (руск. Сергей Петров, памёр 31 кастрычніка 1988), рускі паэт, празаік і перакладчык. Вучыўся ў Казанскім усходнім педагагічным інстытуце, датэрмінова скончыў факультэт мовазнаўства і матэрыяльнай культуры Ленінградскага ўніверсітэта (аддзяленне заходнееўрапейскіх моваў і літаратураў). Арыштаваны 28 лютага 1933 году, высланы ў сяло Бірылюсы Заходне-Сібірскага краю, з таго часу арыштоўваўся неаднакроць, адседзеў тры гады ў турме і сямнаццаць гадоў правёў у сібірскай высылцы, выкладаючы на пасяленні замежныя мовы. Латышскую вывучыў ад непісьменнага сукамерніка-латыша, гішпанскую — атрымаўшы замову з выдавецтва на пераклад Франсіска Кеведа (і прыдумаў з гэтай нагоды жартоўнае двухрадкоўе: “Переведу Кеведо я, испанского не ведая”). Агулам ведаў больш за два дзясяткі моваў, на палове з іх пісаў арыгінальныя вершы. Перакладаў на рускую мову творы Райнэра Марыі Рыльке, Баляслава Лесьмяна, Поля Валеры, Карла Міхаэля Бельмана, Роберта Бэрнса, Вальтэра Скота, Дж. Г. Байрана, Ганса Сакса, Фрыдрыха Гёльдэрліна, Тэафіля Гацье, Клемана Маро, Шарля Леконта дэ Ліля, Серэна К’еркегора, паэзію скальдаў і многіх іншых. Калі пераклады Пятрова выдаваліся неаднакроць, хоць далёка не ўсе, арыгінальную яго творчасць пачалі адкрываць толькі цяпер. На сённяшні дзень у расійскім выдавецтве “Водолей” выйшлі тры тамы паэтычных твораў Пятрова, прычым ні адзін з твораў трэцяга тома дагэтуль ніколі нідзе не друкаваўся.
Памёр Язэп Дыла (Восіп Лявонавіч Дыла, нар. 14 красавіка 1880), псеўд. і крыпт.: Н. Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А. Дыл; А. Дыла; Жорсткі; Л. Жорсткі; Тодар Кулеш; Т. Кулеша; Язэп; Н.Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я.Д.; Язэп Д.; Яз.Д-а), беларускі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч. Дэбютаваў у 1912 у “Нашай Ніве”. Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, высланы ў Кунгур Пермскай вобласці на 5 гадоў. 22 жніўня 1938 зноў арыштаваны (10 сакавіка 1939 справа спыненая). Асабістая справа захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Памерла Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч, нар. 9 жніўня 1910), беларуская паэтка, дзяячка нацыянальнага руху, аўтарка кнігі ўспамінаў “Споведзь”. 8 гадоў правяла ў лагерах, усё астатняе жыццё, 27 гадоў у Зэльве, прайшло пад наглядам КДБ.