№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 8 красавіка

  • 1798

    Нарадзіўся Дыянісіяс Саламос (грэцк. Διονύσιος Σολωμός, памёр 9 лютага 1857), грэцкі паэт, аўтар “Гімна свабодзе” (1823), які зрабіўся нацыянальным гімнам Грэцыі (з 1869).

  • 1835

    Памёр Вільгельм фон Гумбальт (ням. Friedrich Wilhelm Christian Karl Ferdinand Freiherr von Humboldt, нар. 22 чэрвеня 1767), нямецкі філолаг, філосаф, мовазнаўца, дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Адзін з пачынальнікаў лінгвістыкі як навукі. Развіў вучэнне аб мове як бесперапынным творчым працэсе і аб “унутранай форме мовы” як выражэнні індывідуальнага светапогляду народа. Шмат у чым вызначыў шлях і кірунак развіцця нямецкай і нават еўрапейскай гуманітарнай думкі сваёй эпохі. Быў сябрам Гётэ і Шылера.

  • 1912

    Нарадзіўся Валянцін Карэль (шведск. Walentin Chorell, памёр 18 лістапада 1983), фінска-шведскі паэт, празаік, драматург. Дэбютаваў у 1941 годзе са зборнікам вершаў “Віно і бутля” (Vinet och lägeln). Таксама пісаў раманы і п’есы. Першы вялікі поспех Карэлю прынесла яго п’еса “Фабіян адчыняе вароты” (Fabian öppnar portarna), пастаноўкі якой з захапленнем прымалі гледачы ў многіх тэатрах Швецыі.

  • 1929

    Нарадзіўся Жак Брэль (фр. Jacques Brel, памёр 9 кастрычніка 1978), бельгійскі франкамоўны паэт, спявак, актор і рэжысёр. Большасць тэкстаў да сваіх песняў пісаў сам. Першую кружэлку выпусціў у 1953 годзе, а ўжо ў 1966-м, на піку поспеху, пакінуў сцэну. У кіно дэбютаваў у 1967 годзе, у фільме Андрэ Каена “Прафесійная рызыка”, у тэатры — у 1968 (спектакль “Чалавек з Ламанчы”, дзе Брэль сыграў дзве ролі — Дон Кіхота і Сервантэса). Таксама здымаўся ў Марсэля Карнэ (“Забойцы ў імя парадку”), Эдуара Малінара (“Зануда”) і інш. Некаторыя свае песні выконваў на дзвюх мовах — французскай і нідэрландскай, напрыклад, Le plat pays — гл. па-французску тут, па-нідэрландску разам з беларускім перакладам Ганны Янкута — тут.

  • 1931

    Памёр Эрык Аксель Карлфельт (шведск. Erik Axel Karlfeldt, нар. 20 ліпеня 1864), шведскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1931 году — “за ягоную паэзію (пасмяротна)”. Ёсць меркаванне, што яму хацелі ўручыць прэмію ў 1919 г., але Карлфельт ад яе адмовіўся.

  • 1937

    Памёр Сяргей Клычкоў (руск. Сергей Клычков, нар. 13 ліпеня 1889), рускі паэт, празаік і перакладчык. У 1930-я гады займаўся пераважна перакладамі (эпасы народаў СССР, народныя песні і паданні, творы шматлікіх грузінскіх паэтаў — Г. Леанідзэ, Важа Пшавела і інш., паэма Ш. Руставелі “Віцязь у тыгравай шкуры”). У 1937 годзе Сяргей Клычкоў быў арыштаваны па ілжывым абвінавачанні, прысуджаны да смяротнай кары і ў той жа дзень расстраляны.

  • 2006

    Памёр Герард Рэвэ (нід. Gerard Reve, нар. 14 снежня 1923), нідэрландскі пісьменнік, класік нідэрландскай літаратуры ХХ ст. Разам з Хары Мюлішам і Вілемам Фрэдэрыкам Хермансам складае “Вялікую Тройку” (De Grote Drie) паваеннай нідэрландскай літаратуры. Поўнае імя пісьменніка — Герард Карнэліс ван хет Рэвэ. Творы Рэвэ былі для многіх чытачоў шакавальнымі, бо ён адзін з першых закрануў тэму гомасэксуалізму; другой яго ўлюбёнай тэмай была рэлігія. Эратычная проза Рэвэ прысвечаная даследаванню ўласнай сэксуальнасці.