Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Франсуа Рабле (фр. François Rabelais, дакладная дата нараджэння невядомая), французскі пісьменнік, адзін з найвялікшых еўрапейскіх сатырыкаў-гуманістаў эпохі Рэнесансу, аўтар рамана “Гарганцюа і Пантагруэль”, які пракліналі і аддавалі анафеме сарбонскія тэолагі. Меў дваіх пазашлюбных дзяцей, Франсуа і Жуні, якія ў 1540 годзе былі прызнаныя законнымі папам Паўлам ІІІ. На беларускую мову асобныя раздзелы з “Гарганцюа і Пантагруэля” пераклаў Зміцер Колас.
Памерла Сара Філдынг (анг. Sarah Fielding, нар. 8 лістапада 1710), брытанская пісьменніца і сястра празаіка Генры Філдынга. Аўтарка кнігі “Гувернантка, або Маленькая жаночая акадэмія” (The Governess, or The Little Female Academy, 1749). Гэтая кніга лічыцца першым англамоўным творам, напісаным адмыслова для дзяцей.
Нарадзіўся Эліяс Лёнрат (фін. Elias Lönnrot, памёр 19 сакавіка 1884), фінскі мовазнаўца і фалькларыст, які склаў і апублікаваў “Калевалу”. Ёсць звесткі, што ў канцы жыцця Лёнрата збіраліся выключыць з евангельска-лютэранскага веравызнання за прапаганду язычніцтва як у “Калевале”, так і ў працах па магічнай медыцыне. Нататкі перакладчыка “Калевалы” на беларускую Якуба Лапаткі можна пачытаць тут, некаторыя раздзелы з паэмы ў перакладзе на беларускую — тут.
Нарадзіўся Шарль Бадлер (фр. Charles Pierre Baudelaire, памёр 31 жніўня 1867), французскі паэт, літаратурны крытык і перакладчык. Імя Бадлера зрабілася сімвалам літаратурнага і мастацкага дэкадансу. Дзякуючы бадлераўскім перакладам твораў Эдгара По, пісьменніка не толькі адкрылі ў Еўропе, але і “заўважылі” на радзіме, у Амерыцы. Пра славу, якая дасталася самому Бадлеру, Жан Както пісаў: “Мы ўмеем шанаваць славутых людзей, схіляць перад імі галаву, мы ацэньваем іх вартасці, але для нас мае значэнне слава іншага кшталту — не разведзеная вадою, тая, што застаецца на дне, што пракладае дарогу ў некаторыя душы, а іншыя зусім не кранае. Вы ведаеце імёны людзей, якія маюць такую славу. А ці ведаеце вы іх помнікі? Я налічыў сем помнікаў Мюсэ і ніводнага — Бадлеру; ён, нягледзячы на незлічоныя выданні, ніяк не можа заслужыць яго. Эрык Саці, ураджэнец Анфлёра, расказаў мне такую гісторыю: у 1869 годзе бацька Альфонса Але падумаў, што Анфлёру варта было б усталяваць невялікі бюст Бадлера ў нішы дома генерала Апіка [айчыма Бадлера. — ПС]. Праз два месяцы муніцыпальная рада сабралася абмеркаваць гэтую прапанову. “Бадлер? Сын мадам Апік? Пачакайце, пачакайце... Мадам Апік... суседка мсье Баона? — Так. — Выдатны чалавек мсье Баон”. І ўсё ў тым жа духу... “Спадарства! — не вытрымаў нарэшце мсье Але. — Вернемся да пытання пра бюст”. — “Ды вы што! — абурыўся старшыня. — Не можам жа мы ўсталёўваць бюсты ўсім сынам мадам Апік”. На беларускую мову творы Бадлера перакладалі Юрка Гаўрук і Андрэй Хадановіч.
Нарадзіўся Тор Нэве Ланге (дацк. Thor Næve Lange, памёр 22 лютага 1915), дацкі філолаг-класік, паэт, перакладчык, лінгвіст, педагог, журналіст. Перакладаў на дацкую мову Сапфо, Анакрэонта, Піндара, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Генрыха Гайнэ, Генры Лангфэла, Альфрэда Тэнісана, Поля Вэрлена, а таксама са славянскіх моваў — зборнікі “З далёкіх краёў” (Fra fremmede lande, 1876), “Далёкія мелодыі” (Fjerne melodier, 1902), “Слова пра паход Ігаравы” і інш.
У Міхельсдорфе (Германія) заснаванае Беларускае літаратурнае згуртаванне “Шыпшына”.
Памёр Мікола Аляхновіч (нар. 21 красавіка 1903), беларускі літаратурны крытык. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1936 быў рэпрэсаваны, жыў у высылцы на Калыме (1938 — 1942), у Іркуцкай і Карагандзінскай абласцях.
Памёр Леанід Салаўёў (руск. Леонид Соловьёв, нар. 18 жніўня 1906), рускі пісьменнік, сцэнарыст, найбольш вядомы сваімі творамі пра Хаджу Насрэдзіна. Адбыў 8 гадоў у лагерах па абвінавачанні ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Тамсама была напісаная аповесць “Зачараваны прынц” (1950), другая частка “Аповесці пра Хаджу Насрэдзіна”. Маладому Салаўёву таксама прыпісваюць фальклорна-літаратурную містыфікацыю — зборнік песняў і паданняў пра Леніна, якія ён як быццам сабраў падчас вандроўкі па Ферганскай даліне ў 1924—1925 гг. і выдаў пад назвай “Ленін і творчасць народаў Усходу” ў 1930.
Ватыкан адмяніў Індэкс забароненых кніг, які праіснаваў больш за чатыры стагоддзі. У розныя часы ў спіс уваходзілі творы такіх аўтараў, як Эразм Ратэрдамскі, Лорэнс Стэрн, Вальтэр, Дэфо, Бальзак, Сартр і інш.