Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Крыстафер Смарт (анг. Christopher Smart, памёр 21 траўня 1771), ангельскі паэт. Вядомы паэмамі “Песня Давіду” (A Song to David) і “Узвесяліцеся ў ягняці” (лац. Jubilate Agno), часткова напісанымі падчас знаходжання ў вар’ятні, куды паэт быў заключаны пасля шматлікіх скаргаў на яго паводзіны: паводле сведчанняў сучаснікаў, ён увесь час маліўся на поўны голас, падаў на калені і ўздымаў рукі да неба ў людных месцах, патрабуючы, каб астатнія бралі з яго прыклад. Пасля выхаду на волю ён жыў у нястачы, у 1770 годзе быў арыштаваны за пазыкі і памёр у галечы і напаўзабыты. Паэзія Смарта была наноў адкрытая Робертам Браўнінгам, які шмат зрабіў для яе папулярызацыі і стварыў рамантычную легенду пра Смарта — “геніяльнага вар'ята”. Дантэ Габрыэль Расэці называў “Песню Давіду” “самым дасканалым вершам, напісаным на ангельскай мове ў XVIII стагоддзі”. На рускую мову “Песню Давіду” пераклаў Я. Віткоўскі.
Нарадзіўся Ёнас Білюнас (літ. Jonas Biliūnas, памёр 8 снежня 1907), літоўскі празаік, крытык, паэт, публіцыст, родапачынальнік літоўскай лірычнай прозы. Творы Ё. Білюнаса перакладаліся на беларускую мову і друкаваліся ў газеце “Наша Ніва” (“Кветка шчасця”) і ў часопісе “Крывіч”.
Памёр Цішка Гартны (сапр. Зміцер Жылуновіч, нар. 4 лістапада 1887), беларускі пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, удзельнік рэвалюцыі 1905—1907. Аўтар раманаў “Сокі цаліны” і “Перагуды”, п’есаў, зборнікаў апавяданняў, артыкулаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Выключаны з ВКП(б) 16 студзеня 1931 з фармулёўкай “за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі”. Арыштаваны 15 лістапада 1936, 7 красавіка 1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лякарню, дзе і памёр (паводле афіцыйнай версіі, ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых звестак, скончыў жыццё самагубствам).
Памёр Джон О’Хара (анг. John O'Hara, нар. 31 студзеня 1905), амерыканскі пісьменнік, вядомы перш за ўсё дзякуючы сваім апавяданням і раманам — ужо першы яго раман “Спатканне ў Самары” (Appointment in Samarra, 1934) стаў бэстсэлерам і трапіў у спіс 100 найлепшых твораў ангельскамоўных раманаў ХХ ст. паводле Modern Library. На беларускую мову некалькі апавяданняў Джона О’Хары пераклаў Уладзімір Шчасны (“Далягляды”, 1984).
Памёр Жак Прэвэр (фр. Jacques Prévert, нар 4 лютага 1900), французскі паэт і кінадраматург. Свой першы паэтычны зборнік “Словы” (Paroles, 1946) Прэвэр выдаў, калі быў ужо даволі вядомым літаратарам, выбітным сцэнарыстам, аўтарам тэкстаў да шматлікіх знакамітых песняў. На дадзены момант зборнік выдадзены накладам у 3 мільёны асобнікаў.
Памёр Курт Вонэгут (анг. Kurt Vonnegut, нар. 11 лістапада 1922), амерыканскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Індыянапалісе, штат Індыяна, у сям'і архітэктара. Ягоныя бацькі паходзілі з сем'яў нямецкіх перасяленцаў. У снежні 1944 году Вонэгут трапіў у нямецкі палон, а ў лютым 1945-га, яшчэ знаходзячыся ў палоне, стаў сведкам бамбавання Дрэздэна авіяцыяй саюзнікаў. Вонэгут быў адным з сямі амерыканскіх палонных, якія здолелі перажыць гэтае бамбаванне, схаваўшыся ў сутарэннях пад бойняй. Уражанні пра гэта адлюстраваныя ў розных творах, асабліва ў адным з самых вядомых раманаў Вонэгута “Бойня нумар пяць, ці Крыжовы паход дзетак”, перакладзеным на беларускую Паўлам Касцюкевічам.