Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Жан дэ Лафантэн (фр. Jean de La Fontaine, нар. 8 ліпеня 1621), французскі паэт-байкапісец. Досыць рана ажаніўшыся (з чатырнаццацігадовай Мары Эрыкар), Лафантэн хутка пакінуў сям’ю і пераехаў у Парыж, адкуль вельмі рэдка (далёка не кожны год) ездзіў да родных. Захавалася ліставанне Лафантэна з жонкай, у якім ён падрабязна апавядае ёй пра свае рамантычныя прыгоды. Сваіх дзяцей байкапісец ведаў настолькі кепска, што, сустрэўшыся аднойчы з дарослым сынам, не пазнаў яго. Лафантэн стварыў новы жанр байкі, пазычыўшы вонкавую фабулу ў антычных аўтараў (у першую чаргу ў Эзопа і Федра). Большасць баек Лафантэна напісаныя свабодным вершам. Апроч баек Лафантэн напісаў “Казкі” (сюжэты ён часткова браў з Бакача), аповесць “Каханне Псіхеі і Купідона” (Les amours de Psyché et de Cupidon, 1662), прыродазнаўчую “Паэму пра хіннае дрэва” (Poème du Quinquina, 1682) і інш.
Нарадзіўся Сэмюэл Бэкет (анг. Samuel Beckett, памёр 22 снежня 1989), ірландскі празаік, драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1969 году. Пісаў па-ангельску і па-французску. Доўгі час большасць твораў, напісаных Бэкетам, нідзе не друкавалі (некаторыя з іх выйшлі толькі пасмяротна); поспех прыйшоў да пісьменніка толькі пасля Другой сусветнай вайны. 5 студзеня 1953 году ў Парыжы адбылася прэм’ера самай вядомай п’есы Бэкета “У чаканні Гадо” (En attendant Godot). З 1951 па 1953 год была выдадзеная і яго знакамітая трылогія — раманы “Малой” (Molloy), “Малон памірае” (Malone meurt) і “Безыменны” (L’Innomable).
Нарадзіўся Міхаіл Гаспараў (руск. Михаил Гаспаров, памёр 7 лістапада 2005), рускі літаратуразнаўца і філолаг-класік, гісторык антычнай літаратуры і рускай паэзіі, перакладчык, вершазнаўца і тэарэтык літаратуры, аўтар фундаментальных працаў пра рускае і еўрапейскае вершаскладанне. Пераклаў на рускую мову шэраг антычных аўтараў (сярод іх Гарацый, Цыцэрон, Авідый, Арыстоцель і інш.), паэзію вагантаў, “Неўтаймоўнага Раланда” Арыёста і шмат іншага. Аўтар найгрунтоўнейшай працы “Нарыс гісторыі еўрапейскага верша” (1989).
Нарадзіўся Шэймас Хіні (анг. Seamus Heaney), ірландскі паэт, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1995 году “за лірычную прыгажосць і этычную глыбіню паэзіі, што адкрывае перад намі дзівосныя будні і мінулае, якое ажывае”. Пераклаў шэраг твораў з ірландскай, англасаксонскай (“Бэўвульф”), польскай і іншых моваў. На беларускую мову вершы Хіні перакладаў Сяргей Шупа.
Памерла Мюрыэл Спарк (анг. Dame Muriel Spark, нар. 1 лютага 1918), шатландская пісьменніца. Найбольш вядомы яе раман “Міс Джын Броўдзі ў росквіце гадоў” (The Prime of Miss Jean Brodie, 1961). У 1966 — 1968 па ім была пастаўленая ў далейшым вядомая п’еса, затым — знакаміты фільм (1969) і нарэшце – шасцісерыйны тэлефільм, які таксама меў міжнародны поспех у 1978 — 1979 гг. У 1993 годзе Спарк была ўганараваная ордэнам Брытанскай імперыі. На беларускую мову апавяданні Мюрыэл Спарк “Жонка ўладальніка ламбарда” і “Надзвычай добры гадзіннік” пераклаў Аляксандр Дземчанка (“Далягляды”, 1979).
Гюнтэр Грас (ням. Günter Grass, нарадзіўся 16 кастрычніка 1927), нямецкі пісьменнік, скульптар, мастак, графік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1999). Сусветная слава прыйшла да яго з першым раманам “Бляшаны барабан” (Die Blechtrommel, 1959; экранізаваны ў 1979). Разам з аповесцю “Кошкі-мышкі” (Katz und Maus, 1961) і раманам “Сабачыя гады” (Hundejahre, 1963) яны ствараюць “данцыгскую трылогію”. Грас стаў першым сусветна вядомым нямецкім пісьменнікам пасля Другой сусветнай вайны. Сам ілюстраваў усе свае кнігі. У апошнія гады працаваў над мемуарным цыклам.