№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 14 красавіка

  • 1745

    Нарадзіўся Дзяніс Фанвізін (руск. Денис Фонвизин, памёр 12 снежня 1792), рускі літаратар, стваральнік жанру рускай бытавой камедыі (“Недарасль”, “Брыгадзір”). Паходзіў з рыцарскага роду, які перасяліўся ў Расію з Лівоніі за часамі Івана Грознага, прозвішча роду пісалася ў два словы, Фон Візен ці Фон-Візен, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Фанвізін згадваецца ў “Яўгеніі Анегіным” Пушкіна і “Ночы перад Калядамі” Гогаля (праўда, яго імя там не называецца).

  • 1880

    Нарадзіўся Язэп Дыла (Восіп Лявонавіч Дыла, памёр 7 красавіка 1973), псеўд. і крыпт.: Н. Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А. Дыл; А. Дыла; Жорсткі; Л. Жорсткі; Тодар Кулеш; Т. Кулеша; Язэп; Н.Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я.Д.; Язэп Д.; Яз.Д-а), беларускі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч. Дэбютаваў у 1912 у “Нашай Ніве”. Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, высланы ў Кунгур Пермскай вобласці на 5 гадоў. 22 жніўня 1938 зноў арыштаваны (10 сакавіка 1939 справа спыненая). Асабістая справа захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

  • 1917

    Памёр Людвік Заменгоф (ідыш לײזער זאַמענהאָף, польск. Ludwik Zamenhof, эсперанта Ludoviko Zamenhof; нар. 15 снежня 1859), доктар і лінгвіст габрэйскага паходжання, стваральнік мовы эсперанта. Перакладаў на створаную ім мову паэзію і прозу з розных моваў. Памёр у акупаванай Варшаве.

  • 1920

    Нарадзіўся Аляксей Карпюк (памёр 14 ліпеня 1992), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы (канец 1942) быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль — у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 уцёк з лагера і ўзяў удзел у партызанскай барацьбе. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута (1949). У 1961 скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў першай палове ХІХ ст. — на тэму, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесць “Данута”, раман-быль “Вершалінскі рай” ды інш.). Вакол А.Карпюка ў Гародні ў 1960—1970-х узнік своеасаблівы клуб вальнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, кантактаваў з сям'ёй Геніюшаў. Тэлефонныя размовы Карпюка пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся таемныя ператрусы. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў “Дзве сасны” (1958), “Данута” (1960), “Мая Гродзеншчына” (нарыс, 1960), “Пушчанская адысея” (1964), “Чаго мы варты” (1970), “След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны” (1972), “Вершалінскі рай” (1974), “Ольга Корбут” (1977), “Свежая рыба” (1978), “Партрэт” (1983), “Сучасны канфлікт” (1985), “Дзве сястры” (казка, 1986), раман “Карані” (1988). Выйшлі “Выбраныя творы” ў 2-х тамах у 1980 і 1990—1991, а таксама том выбранага ў “Беларускім кнігазборы” (2007).

  • 1930

    Памёр Уладзімір Маякоўскі (руск. Владимир Маяковский, нар. 19 ліпеня 1893), рускі савецкі паэт-футурыст, драматург, рэдактар часопісаў “ЛЕФ” (Левы фронт) і “Новы ЛЕФ”. Сваёй творчасцю заслужыў званне “вялікага пралетарскага паэта”. Сярод найбольш значных твораў — паэмы “Облако в штанах” (1914—1915), “Флейта-позвоночник” (1915), “Люблю” (1922), “Про это” (1923), “Владимир Ильич Ленин” (1924), “Хорошо!” (1927), п’есы “Мистерия-буфф”, “Клоп” (1928), “Баня” (1929). Скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў сэрца.

  • 1980

    Памёр Джані Радары (іт. Gianni Rodari, нар. 23 кастрычніка 1920), італьянскі дзіцячы пісьменнік і журналіст. Нарадзіўся ў Аменьі (паўночная Італія). Падчас Другой сусветнай вайны быў вызвалены ад службы з прычыны дрэннага здароўя. Пасля смерці двух блізкіх сяброў і зняволення брата Чэзарэ ў канцэнтрацыйным лагеры стаў удзельнікам руху Супраціву. Лаўрэат прэміі Г. Х. Андэрсэна (1970). Аўтар казак “Джэльсаміна ў Краіне хлусаў” (Gelsomino nel paese dei bugiardi, 1959), “Джып у тэлевізары” (Gip nel televisore, 1962), “Планета навагодніх ёлак” (Il pianeta degli alberi di Natale, 1962), “Падарожжа Блакітнай Стралы” (La freccia azzurra, 1964), “Торт у небе” (La Torta in cielo, 1966) і інш. На беларускую мову казачную аповесць Радары “Прыгоды Чыпаліна” пераклаў Алесь Гібкоўскі (2010).

  • 1986

    Памерла Сімона дэ Бавуар (фр. Simone de Beauvoir, нар. 9 лютага 1908), французская пісьменніца, філосаф, ідэолаг фемінісцкага руху, тэарэтык экзістэнцыялізму; жонка і аднадумца Жан-Поля Сартра. Лаўрэат Ганкураўскай прэміі за раман "Мандарыны" (Les Mandarins, 1954). У 1993 атрымала “дацкага Нобеля” — прэмію Sonning.