Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейДжэфры Чосэр упершыню прадстаўляе “Кентэрберыйскія аповеды” пры двары Рычарда ІІ.
Л. Талстой скончыў раман “Ганна Карэніна”
Нарадзілася Карэн Бліксэн (дацк. Karen Blixen, памерла 7 верасня 1962), дацкая пісьменніца. На Захадзе больш вядомая пад псеўданімам Ісак Дынісэн. Два разы намінавалася на Нобелеўскую прэмію — у 1954 і 1957 г., сябравала з Э. Хэмінгуэем, Т. Капотэ, А. Мілерам, Э. Камінгсам. Пісала на ангельскай, потым перакладала свае кнігі на дацкую. Значную частку жыцця пражыла ў Афрыцы (у Кеніі). Страціўшы там каханага, яна вярнулася ў Данію і ўжо ў сталым узросце пачала актыўную літаратурную дзейнасць. Найбольш вядомы твор Бліксэн — кніга ўспамінаў “З Афрыкі” (Out of Africa, 1937), выдадзены пад іменем І. Дынісэна, экранізаваны ў 1985 г. (ролю пісьменніцы выканала Мэрыл Стрып).
Нарадзіўся Торнтан Ўайлдэр (анг. Thornton Niven Wilder, памёр 7 снежня 1975), амерыканскі празаік, драматург, эсэіст. Тройчы атрымліваў Пулітцэраўскую прэмію (у 1928, 1938 і 1943): за раман “Мост караля Людовіка Святога” (The Bridge of San Luis Rey, 1927) і п’есы “Наш горад” (Our Town, 1938) і “На валаску” (The Skin of Our Teeth, 1942). Таксама быў уганараваны Нацыянальнай кніжнай прэміяй раман “Восьмы дзень” (The Eighth Day, 1967). П’еса “Гандляр з Ёнкерса” ("The Merchant of Yonkers", 1938) была пераробленая ў 1955 г. у п’есу “Свацця” (The Matchmaker) і стала асновай вядомага мюзікла “Hello, Dolly!” (1964).
Нарадзіўся Эрвэ Базэн (фр. Hervé Bazin, сапр. Жан-П’ер Эрвэ-Базэн; памёр 17 лютага 1996), французскі пісьменнік, прэзідэнт Ганкураўскай акадэміі (з 1973). Пачынаў літаратурную дзейнасць як паэт — у 1947 годзе зборнік яго вершаў атрымаў прэмію Г. Апалінэра. Але па парадзе Поля Валеры ў далейшым ён аддае перавагу прозе. Базэн лічыцца “сямейным” раманістам, сям’я і сямейныя стасункі — цэнтральная тэма яго раманаў. Найбольш вядомыя з іх — “Змяя ў кулаку” (Vipère au poing, 1948), “Устань і ідзі” (Lève-toi et marche, 1951), “Дзеля сына” (Au nom du fils, 1960), “Шлюб” (Le Matrimoine, 1966), “Шчаслівыя з выспы роспачы” (Les Bienheureux de la désolation, 1970), “Анатомія разводу” (Madame Ex, 1974), “Агонь паглынае агонь” (Un feu dévore un autre feu, 1978). Шмат яго кніг было выдадзена па-руску ў СССР, а ў 1980 годзе яму была прысуджаная Ленінская прэмія “за ўмацаванне міру паміж народамі”.
Нарадзіўся Міхась Рудкоўскі (памёр 7 ліпеня 1991), беларускі паэт і перакладчык з украінскай, рускай і польскай моваў. Аўтар зборнікаў вершаў “Першыя вёрсты” (1963), “Трыгор'е” (1981), “Залатазвон” (1986) і інш.
Нарадзіўся Нік Хорнбі (анг. Nick Hornby), ангельскі пісьменнік, эсэіст, сцэнарыст. Першым творам, які прынёс яму вядомасць, стала аўтабіяграфічная кніга “Футбольная ліхаманка” (Fever Pitch, 1992), прысвечаная адданаму заўзятарству за футбольны клуб “Арсенал”. Гэты твор быў адзначаны прэміяй Хіла як найлепшая спартыўная кніга году і пазней двойчы экранізаваны (1997 і 2005). Бэстсэлерамі сталі выдадзеныя пазней раманы Хорнбі “Hi-Fi” (High Fidelity, 1995) , “Мой хлопчык” (About a Boy, 1998), “Як быць добрым” (How to Be Good, 2002), “Доўгае падзенне” (A Long Way Down, 2005), “Слэм” (Slam, 2007), “Аголеная Джульета” (Juliet, Naked, 2009). Калі высветлілася, што першы сын Хорнбі хварэе на аўтызм, пісьменнік узяў удзел у заснаванні дабрачыннай арганізацыі TreeHouse, якую падтрымлівае да гэтага часу.
Памёр Габрыэль Гарсія Маркес (гішп. Gabriel García Márquez, нарадзіўся 6 сакавіка 1928), калумбійскі пісьменнік, журналіст і палітычны дзеяч, адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў магічнага рэалізму. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1982). На беларускую мову перакладзены раман “Каханне падчас халеры” ("El amor en los tiempos del cólera", пер. К. Шэрман, ARCHE, 2005, № 4, 5), урывак з рамана "Успамін пра маіх сумных бл.дзей" ("Memoria de mis putas tristes", пер. Б. Арлоў, Наша Ніва, 2005), некалькі навэлаў з кнігі "Дванаццаць дзіўных навэлаў" (пер. В. Буйвала, Дзеяслоў, № 8).