Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся П’етра Арэтына (іт. Pietro Aretino, памёр 21 кастрычніка 1556), італьянскі пісьменнік Позняга Рэнесансу, сатырык, публіцыст і драматург, галоўны італьянскі аўтар свайго часу, які лічыцца некаторымі даследчыкамі папярэднікам і заснавальнікам еўрапейскай журналістыкі.
У амерыканскім часопісе Graham's Magazine друкуецца адно з першых апавяданняў дэтэктыўнага жанру ў сусветнай літаратуры — “Забойствы на вуліцы Морг” Эдгара По.
Памёр Сяргей Палуян (нар. 19 кастрычніка 1890), беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнаўца. Пражыў кароткае, але насычанае жыццё. Супрацоўнічаў з украінскімі газетамі і “Нашай Нівай”. Менавіта Палуян адшукаў у архіве “Нашай Нівы” сшытак з вершамі Максіма Багдановіча і пераканаў рэдакцыю надрукаваць іх. Зборнік “Вянок” М. Багдановіча прысвечаны Палуяну. Яму таксама прысвечаная паэма “Курган” Я. Купалы і верш Ц. Гартнага. У 1986 г. быў выдадзены зборнік твораў С. Палуяна “Лісты ў будучыню”. Скончыў жыццё самагубствам (паводле афіцыйнай версіі).
Памёр Брэм Стокер (анг. Abraham “Bram” Stoker, нар. 8 лістапада 1847), ірландскі пісьменнік. Аўтар шматлікіх твораў, але непахісную славу яму прынёс знакаміты гатычны раман “Дракула” (Dracula, 1897), экранізаваны шмат разоў. Стокер працаваў над ім восем гадоў, спецыяльна вывучаў еўрапейскі фальклор і легенды пра вампіраў. Раман стаў класікай жанру і выклікаў шырокае захапленне “вампірскай” тэмай, якое не сціхае да гэтага часу. У маладыя гады Стокер пазнаёміўся з ангельскім акторам Генры Ірвінгам, які прапанаваў яму перабрацца ў Лондан. 27 гадоў Стокер быў яго асабістым сакратаром і мэнэджарам пры тэатры “Ліцэум”. Ажаніўся са знакамітай ірландскай красуняй Флорэнс Бэлкам, якой прапаноўваў шлюб Оскар Ўайлд. Раман “Дракула” на беларускую мову пераклаў Алесь Асташонак.
Памерла Жакеліна Э. ван дэр Валс (нід. Jacqueline E. van der Waals, нар. 26 чэрвеня 1869), нідэрландская паэтка, празаік і перакладчыца. Важную ролю ў яе жыцці адыгрывала рэлігія і містыцызм. У пратэстанцкім зборніку “Песеннік для царквы” (Liedboek voor de Kerken) сабраныя многія песні яе аўтарства. Поўны збор вершаў пісьменніцы выйшаў у 1994 годзе.
Нарадзіўся Арта Паасіліна (фінск. Arto Tapio Paasilinna), фінскі пісьменнік, адзін з самых чытаных у свеце. Яго раманы перакладзеныя больш чым на 30 моваў. Найбольш вядомы яго раман — “Год зайца” (Jäniksen vuosi, 1975), двойчы экранізаваны. Сярод іншых раманаў Паасіліны — “Лес павешаных лісаў” (Hirtettyjen kettujen metsä, 1983), “Пяшчотная атрутніца” (Suloinen myrkynkeittäjä, 1988), “Чароўныя самагубствы” (Hurmaava joukkoitsemurha, 1990). У сям’і пісьменніка было сямёра дзяцей, чатыры з якіх сталі літаратарамі. Нядаўна ў Фінляндыі ўсталявалі помнік усёй сям’і Паасіліна.