Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Тарквата Таса (іт. Torquato Tasso, нар. 11 сакавіка 1544), адзін з найбуйнейшых італьянскіх паэтаў. Галоўны твор Таса — рыцарская паэма “Вызвалены Ерусалім” (La Gerusalemme liberata, 1575), што складаецца з 20 песняў, напісаных актавамі. У аснове паэмы ляжаць падзеі Першага крыжовага паходу, узначаленага Готфрыдам Бульёнскім. Паход завяршыўся ўзяццем Ерусаліма і заснаваннем на Блізкім Усходзе хрысціянскага каралеўства. Таса вельмі доўга адмаўляўся друкаваць паэму, урыўкі якой тым часам распаўсюджвалася ў спісах з велізарнай колькасцю памылак і недакладнасцяў. Знаходзячыся ў шпіталі Св. Ганны як “небяспечны шаленец”, Таса дазволіў надрукаваць свой твор пад новай назвай (раней паэма называлася проста “Ерусалім”), а ў 1593 годзе ўвогуле радыкальна яе перапрацаваў і назваў “Зваяваны Ерусалім” (La Gerusalemme conquistata). Гэтая версія паэмы не была прынятая ні чытачамі, ні крытыкамі.
Апублікаваны раман Даніэля Дэфо пра Рабінзона Круза. Поўная назва рамана гучыць так: “Жыццё і дзівосныя прыгоды Рабінзона Круза, марака з Ёрка, які пражыў 28 гадоў у поўнай адзіноце на незаселенай выспе ля берагоў Амерыкі блізу вусця ракі Арынока, куды ён быў выкінуты караблекрушэннем, падчас якога ўвесь экіпаж карабля, акрамя яго, загінуў; з аповедам пра яго нечаканае вызваленне піратамі, напісаныя ім самім”.
Нарадзіўся Ўолтэр Дэ Ла Мар (анг. Walter de la Mare, памёр 22 чэрвеня 1956), ангельскі паэт і празаік, найбольш знакаміты сваімі вершамі для дзяцей.
Памёр Міхайла Кацюбінскі (укр. Михайло Коцюбинський, нар. 17 верасня 1864), класік украінскай літаратуры і грамадскі дзеяч. У гісторыю ўкраінскай літаратуры увайшоў як “мастак рэвалюцыі”, які зрабіў моцны ўплыў на развіццё ўкраінскай прозы.
Нарадзілася Карын Тэльяда (гішп. Corín Tellado, памерла 11 красавіка 2009), гішпанская пісьменніца, самы пладавіты і найбольш чытаны гішпанскі аўтар пасля Сервантэса. Яна надрукавала каля 4 тысяч раманаў (у асноўным любоўна-рамантычных гісторый), якія былі прададзеныя агульным накладам у 400 мільёнаў экзэмпляраў. У 1994 годзе яе імя было ўключанае ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
Нарадзіўся Хасэ Анхель Валентэ (гішп. José Ángel Valente, памёр 18 ліпеня 2000), гішпанскі паэт, эсэіст і перакладчык. Пісаў па-гішпанску і па-галісійску. Адзін з найбуйнейшых гішпанскіх паэтаў другой паловы ХХ стагоддзя. Лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Яго вершы перакладзеныя на ангельскую, французскую, нямецкую, партугальскую, італьянскую, чэшскую і рускую мовы.