№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 29 красавіка

  • 1630

    Памёр Тэадор Агрыпа д’Абінье (фр. Théodore Agrippa d'Aubigné, нар. 8 лютага 1552), французскі паэт, празаік і гісторык канца эпохі Адраджэння. Літаратурная творчасць д’Абінье настолькі разнастайная, што, як зазначыў у 2001 годзе даследчык Г. Шрэнк, “поўны спіс яго працаў яшчэ толькі мае быць складзены”. Паводле некаторых даследчыкаў, паэтычны талент д’Абінье раўнаважны таленту Шэкспіра і Мілтана. Самыя вядомыя творы пісьменніка — “Трагічныя паэмы” (Les Tragiques, 1616).

  • 1863

    Нарадзіўся, а роўна праз семдзесят гадоў памёр Канстанцінас Кавафіс (грэцк. Κωνσταντίνος Π. Καβάφης), грэцкі паэт, адзін з найбуйнейшых паэтаў Александрыі і Грэцыі новага часу. У паэтычны канон Кавафіса ўваходзяць 154 вершы — але апроч іх засталося нямала твораў няскончаных і ўрыўкаў. Сам паэт дзяліў свае творы на тры тыпы: 1. Вершы гістарычныя, натхнёныя эпохай элінізму і пераважна звязаныя з Александрыяй, насычаныя грэцкай міфалогіяй. 2. Лірычныя і эмацыйныя, пачуццёвыя вершы, натхнёныя ўспамінамі. 3. Філасофскія вершы. Самы знакаміты верш Кавафіса — “У чаканні варвараў” (1904), дзе лірычны герой-візантыец расказвае, як празмерны страх да нябачных ворагаў дапамагае гэтым ворагам зваяваць супраціўнікаў. На беларускую мову верш “У чаканні варвараў” сумесна пераклалі Г. Янкута і К. Коракс. Невялікую падборку вершаў Кавафіса можна пачытаць тут.

  • 1931

    Памёр Яўхім Карскі (нар. 20 снежня 1860), філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай АН (1916, чалец-карэспандэнт 1901), правадзейны чалец Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929). Асноўная праца Карскага — “Беларусы”.

  • 1944

    Памёр Аляксей Новікаў-Прыбой (руск. Алексей Новиков-Прибой, сапр. Новікаў; нар. 24 сакавіка 1877), рускі савецкі пісьменнік. Служыў матросам на Балтыйскім флоце, браў удзел у Цусімскай бітве падчас руска-японскай вайны, трапіў у палон. У 1908 — 1913 гг. — палітычны эмігрант (краіны Еўропы і Паўночная Афрыка). Найвышэйшым дасягненнем творчасці лічыцца гістарычная эпапея “Цусіма” (1932 — 1935), за якую ў 1941 пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Сябраваў з Я. Купалам. Асобныя яго творы на беларускую мову пераклалі С. Дарожны, Л. Маракоў і інш.

  • 1986

    У Цэнтральнай бібліятэцы Лос-Анжэлеса здарыўся пажар, паводле афіцыйных звестак, пацярпела каля 350 тысячаў кніг.