Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Аўгуст Фрыдрых Фердынанд фон Кацэбу (ням. August Friedrich Ferdinand von Kotzebue, забіты 23 сакавіка 1819), нямецкі драматург і раманіст. Дзякуючы сваім п’есам, якія адпавядалі густам тагачаснай публікі, у свой час быў папулярнейшы за Гётэ і Шылера. Служыў у Расійскай імперыі, быў арыштаваны і сасланы у Сібір, аднак памілаваны Паўлам І, які, прачытаўшы адну з яго п’есаў, падараваў яму маёнтак у Эстоніі і прызначыў на пасаду прыдворнага дарадцы і дырэктара нямецкага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Ад імя Кацэбу ў рускай мове з’явілася абазначэнне “кацэбяціна”, што адлюстроўвае нізкапробную драматургію, засілле якой на сцэнах расійскіх тэатраў выклікала пратэсты крытыкаў у пачатку ХІХ стагоддзя.
Нарадзіўся Канстанцін Гамсахурдзія (груз. კონსტანტინე გამსახურდია, памёр 17 ліпеня 1975), грузінскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, што лічыцца адным з самых значных грузінскіх раманістаў ХХ стагоддзя. Яго сын, Звіяд Гамсахурдзія, быў савецкім дысідэнтам і ў 1991 годзе стаў першым прэзідэнтам незалежнай Грузіі.
Нарадзіўся Тодась Асьмачка (укр. Тодось Осьмачка, Осьмачка Теодосій Степанович; памёр 7 верасня 1962), украінскі празаік, паэт, перакладчык. Некалькі разоў прасіў дазвол выехаць з СССР, за гэта яго накіроўвалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Падчас Другой сусветнай вайны Асьмачку ўдалося выехаць на захад. На яго творчасць паўплывалі сімвалізм і экспрэсіянізм, у позніх зборніках заўважны ўплыў неарамантызму. Перакладаў на ўкраінскую мовы творы О. Ўайлда і Ў. Шэкспіра. Актыўна ўдзельнічаў у эмігранцкім таварыстве “Мистецький український рух”.
Нарадзіўся Егуда Аміхай (іўр. יהודה עמיחי, памёр 22 верасня 2000), ізраільскі паэт. Адным з першых пачаў выкарыстоўваць гутарковы іўрыт. Вядомасць яму прынёс зборнік вершаў “Сёння і ў іншыя часы” (1955).
Нарадзілася Таццяна Талстая (руск. Татьяна Толстая), руская пісьменніца, тэлевядоўца, унучка пісьменніка Аляксея Талстога. Першае яе апавяданне “На золотом крыльце сидели...” было апублікаванае ў 1983 годзе. З таго часу выйшла 24 апавяданні Талстой і антыўтопія “Кысь” (1999). Талстую адносяць да “новай хвалі” ў літаратуры, называюць адным з яскравых імёнаў “артыстычнай прозы”. Жыла і працавала ў Прынстане (ЗША), выкладала рускую літаратуру ва ўніверсітэтах. Цяпер жыве ў Маскве, вядзе тэлеперадачу “Школа зласлоўя”.
Памёр Ежы Касіньскі (польск. Jerzy Kosiński, нар. 14 чэрвеня 1933), амерыканскі пісьменнік польскага паходжання, двойчы прэзідэнт амерыканскага ПЭН-клуба. Нарадзіўся ў Лодзі, у 1957 г. эміграваў у ЗША, дзе выйшла большасць яго твораў. Найбольш вядомы дзякуючы раманам “Размаляваная птушка” (The Painted Bird, 1965), “Быць там” (Being There, 1971), паводле якога быў зняты аднайменны фільм — лаўрэат “Оскара”. У 1980-я гады пісьменніка абвінавацілі ў плагіяце і падтасоўцы фактаў біяграфіі, якія леглі ў аснову яго галоўных твораў. Скончыў жыццё самагубствам.