№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 5 траўня

  • 1813

    Нарадзіўся Сёрэн Абю К'еркегор (дацк. Søren Aabye Kierkegaard, памёр 11 лістапада 1855), дацкі філосаф, пратэстанцкі тэолаг і пісьменнік. У процівагу нямецкаму класічнаму ідэалізму (а дакладней, кірунку, які надаў яму Гегель) настойваў на другаснасці рацыянальнасці і першаснасці чыстага існавання (экзістэнцыяльнасці), якое пасля пэўнага дыялектычнага шляху развіцця асобы павіннае знайсці свой сэнс у веры.

  • 1846

    Нарадзіўся Генрык Сянкевіч (польск. Henryk Adam Aleksander Pius Sienkiewicz, памёр 15 лістапада 1916), польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1905 году “за выбітныя заслугі ў жанры эпасу”. Першая аповесць — “Дарэмна” (1872). Найбольш вядомы твор 1880-х г. — гістарычная трылогія: раманы “Агнём і мячом” (1883 — 1884), у якім паказаная казацкая вызваленчая вайна 1648 — 1654, “Патоп” (1884 — 1886) пра вызвольную барацьбу народаў Рэчы Паспалітай супраць шведскай інтэрвенцыі 1655 — 1656 і “Пан Валадыёўскі” (1887 — 1888) пра барацьбу з турэцкім нашэсцем у 1672 — 1673. У рамане “Quo vadis?” (1895 — 1896) паказаў барацьбу ранніх хрысціян з дэспатызмам Нерона. Раман “Крыжакі” (1897 — 1900) — эпапея пра барацьбу славян супраць Тэўтонскага ордэна на мяжы XIV — XV стст.

  • 1902

    Памёр Фрэнсіс Брэт Гарт (анг. Francis Bret Harte, нар. 25 жніўня 1836), амерыканскі пісьменнік. Яму належыць раман “Габрыель Канрой”, шэраг аповесцяў, арыгінальныя вершы, і нават п’еса ў суаўтарстве з Маркам Твэнам, аднак найбольшую папулярнасць яму прынеслі апавяданні. Яго прозай захапляліся Дыкенс і Кіплінг.

  • 1904

    Памёр Мор Ёкаі (венг. Mór Jókai, нар. 18 лютага 1825), венгерскі раманіст, драматург, адзін з найбольш выбітных венгерскіх літаратараў XIX стагоддзя. Найбольш вядомы ягоны твор — “Сыны чалавека за каменным сэрцам” (A kőszívű ember fiai, 1869) — прысвечаны венгерскай рэвалюцыі 1848 — 1849 гг. Раман напісаны ў рамантычнай манеры, чытаецца як гімн вызваленчай барацьбе, за што надоўга зрабіўся любімай кнігай венгерскіх патрыётаў.

  • 1936

    Нарадзіўся Васіль Якавенка, беларускі празаік, публіцыст, грамадскі дзеяч. У друку выступае з 1948 г. (газеты “Зорька”, “Гомельская праўда”) з мастацка-публіцыстычнымі творамі — з 1962 г. (газета “Калгасная праўда”). Піша на беларускай і рускай мовах. Выдаў тры кнігі ў перакладзе на рускую мову. Лаўрэат альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф. Нансена (1994).