Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Вілем Клос (нід. Willem Kloos, памёр 31 сакавіка 1938), нідэрландскі паэт і літаратурны крытык. Клос быў адным з заснавальнікаў вельмі ўплывовага ў Нідэрландах літаратурнага “Руху васьмідзясятага” (Beweging van Tachtig), ці “васьмідзясятнікаў”, што дзейнічаў у Амстэрдаме ў 1880-х гадах і змагаўся ў першую чаргу за індывідуалізм у творчасці і “мастацтва дзеля мастацтва”. І хаця пісаць Клос, які дажыў да 79 гадоў, скончыў досыць рана, бо пакутаваў на алкагалізм і ў 1895 годзе быў нават шпіталізаваны, яго раннія творы ўвайшлі ў канон нідэрландскай літаратуры (асноўны корпус яго твораў напісаны паміж 1880 і 1885 гадамі).
Памёр Генры Дэвід Таро (анг. Henry David Thoreau, нар. 12 ліпеня 1817), амерыканскі пісьменнік, мысляр, грамадскі дзеяч. Скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Ад Ралфа Эмерсана ўспрыняў ідэі трансцэндэнталізму. У 1845—1847 гг. Таро жыў у пабудаванай ім самім хаціне на беразе Ўолдэнскай сажалкі, самастойна забяспечваючы сябе ўсім неабходным для жыцця. Гэты досвед жыцця ўдалечыні ад грамадства ён апісаў у кнізе “Ўолдэн, альбо Жыццё ў лесе” (1854).
Нарадзіўся Гастон Леру (фр. Gaston Louis Alfred Leroux, памёр 15 красавіка 1927), французскі пісьменнік, майстар дэтэктыўнага жанру. Самыя вядомыя яго раманы — “Таямніца Жоўтага пакоя” (Le Mystère de la chambre jaune, 1907) і “Прывід Оперы” (Le Fantôme de l’Opéra, 1910), якія неаднакроць экранізаваліся.
Нарадзіўся Крысціян Маргенштэрн (ням. Christian Morgenstern, памёр 31 сакавіка 1914), нямецкі пісьменнік і перакладчык. Асаблівую папулярнасць мае ягоная гумарыстычная лірыка. Маргенштэрн шмат перакладаў: так, летам 1897 году ён на замову пераклаў з французскай мовы аўтабіяграфічны раман Аўгуста Стрындберга “Inferno”, а ў кастрычніку 1897 году падпісаў кантракт на пераклад твораў Генрыка Ібсэна (хаця на той момант яшчэ не ведаў нарвежскай мовы). Каб вывучыць мову, пэўны час жыў у Нарвегіі і неаднаразова сустракаўся з самім Ібсэнам.
Нарадзілася Тэфі (руск. Тэффи, сапр. Надзея Лохвіцкая, па мужу Бучынская; памерла 6 кастрычніка 1952), руская паэтка, празаік, мемуарыст. Сястра паэткі Міры Лохвіцкай. Яе называлі першай рускай гумарысткай пачатку XX стагоддзя, “каралевай рускага гумару”, аднак яна ніколі не была прыхільніцай чыстага гумару, а заўсёды спалучала яго з сумам і дасціпнымі назіраннямі над навакольным жыццём. Пасля эміграцыі (1919) сатыра і гумар паступова перастаюць дамінаваць у яе творчасці, назіранні над жыццём набываюць філасофскі характар.
Памёр Юхан Людвіг Рунэберг (шведск. Johan Ludvig Runeberg, нар. 5 лютага 1804), фінскі шведскамоўны паэт. З ягоных твораў найбольш вядомы эпічны цыкл “Аповеды прапаршчыка Столя” (Fänrik Ståhls sägner), адзін з вершаў якога, пад назвай “Наша зямля” (шведск. Vårt land, фінск. Maamme), у фінскім перакладзе зрабіўся гімнам Фінляндыі. Жонка Рунэберга Фрэдрыка таксама была пісьменніцай, яе гістарычныя раманы былі аднымі з першых узораў гэтага жанру ў фінскай літаратуры. Апошнія 13 гадоў жыцця Рунэберг быў паралізаваны і не мог займацца літаратурнай творчасцю. Рунэберг перакладаў на шведскую Пушкіна, Жукоўскага, украінскія і сербскія песні. На беларускую мову верш Рунэберга “Паво” пераклаў Максім Багдановіч. Дзень нараджэння паэта (5 лютага) адзначаецца ў Фінляндыі як Дзень Рунэберга.
Нарадзіўся Паўлюк Трус (памёр 30 жніўня 1929), беларускі паэт і празаік. Сябра літаратурнага аб'яднання “Маладняк”. Дэбютаваў у друку ў 1923 г. Выйшлі зборнікі паэзіі “Вершы” (1925), “Ветры буйныя” (1927), Збор твораў (1934), “Творы” (1935), “Новай квадры настаў маладзік” (вершы і паэмы, 1984) і кнігі выбраных твораў. Выдадзеная кніга паэзіі для дзяцей “Падаюць сняжынкі” (1983).
Нарадзіўся Хары Эдмунд Мартынсан (шведск. Harry Edmund Martinson, памёр 11 лютага 1978), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1974 году (у гэтым годзе прэмію атрымаў таксама Эйвінд Юнсан) — “за творчасць, у якой ёсць усё — ад кроплі расы да космасу”. Скончыў жыццё самагубствам, зарэзаўшы сябе нажніцамі.
Нарадзіўся Юрка Гаўрук (псеўд. С. Дробуш, памёр 18 лютага 1979), беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысёр. Аўтар першай у Беларусі кнігі паэтычных перакладаў “Кветкі з чужых палёў” (1928). Перакладаў з французскай, ангельскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай моваў. Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля “Любіць будзем заўтра” (1960), зборнік А. Маруа “Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы” (1974), раманы Э. Хэмінгуэя “І ўзыходзіць сонца” (1976) і К. С. Прычард “Дачка ўрагану” (1977). Шмат твораў пераклаў для тэатральных пастановак. Пісаў артыкулы і эсэ па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу.
Нарадзіўся Эрых Фрыд (ням. Erich Fried, памёр 22 лістапада 1988), аўстрыйскі паэт, празаік, перакладчык і публіцыст. У 1944 годзе ў эмігранцкім выдавецтве аўстрыйскага ПЭН-цэнтра выходзіць яго першы зборнік вершаў “Германія” (Deutschland). Пасля вайны супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі, працуе палітычным каментатарам у нямецкай рэдакцыі ВВС. Вядомасць паэту прынеслі “Вершы” (Gedichte, 1958) і адзіны раман “Салдат і дзяўчына” (Ein Soldat und ein Mädchen, 1960) у перакладах Дылана Томаса. З 1963 Фрыд належаў да “Групы 47”, у гэты ж перыяд пераклаў п'есы Шэкспіра на нямецкую мову. Вядомасць і прызнанне (Брэменская літаратурная прэмія, Дзяржаўная аўстрыйская прэмія, Прэмія Георга Бюхнэра) прыйшлі да яго ў 70-гадовым узросце, калі паэт быў ужо цяжка хворы.
Памёр Казімір Сваяк (сапр. Кастусь Стаповіч, нар. 19 лютага 1890), беларускі каталіцкі святар, нацыянальны дзеяч, паэт. Друкаваўся з 1913 (“Беларус”). Аўтар зборніка вершаў “Мая ліра” (Вільня, 1924), вершаванага апавядання “Чарку дай, браце” (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі “Янка Канцавы” (Вільня, 1920, 1924), “Купалле” (Вільня, 1930). Напісаў філасофскі дзённік “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі” з “Аўтабіяграфіяй”.
У “Известиях” і “Литературной газете” апублікаваны праект Статуту Саюза савецкіх пісьменнікаў.
Пулітцэраўскую прэмію атрымлівае Джон Стэйнбек за раман “Гронкі гневу” (The Grapes of Wrath). На беларускую мову гэты раман пераклаў Сямён Дорскі.
Памёр Марыс Метэрлінк (фр. Maurice (Mooris) Polydore Marie Bernard Maeterlinck, нар. 29 жніўня 1862), бельгійскі франкамоўны паэт, драматург і філосаф. Аўтар філасофскай п'есы-прыпавесці “Сіняя птушка” (L’Oiseau bleu, 1908). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1911 году “за шматбаковую літаратурную дзейнасць, і асабліва за драматычныя творы, якія вылучаюцца багаццем уяўлення і паэтычнай фантазіяй”.
Памёр Лучыян Блага (рум. Lucian Blaga, нар. 9 траўня 1895), румынскі паэт, перакладчык, драматург, журналіст, прафесар універсітэта, дыпламат, філосаф, адна з найбуйнейшых фігураў румынскай культуры XX стагоддзя. Дэбютаваў як паэт у 1919, у 1920 абараніў дысертацыю па філасофіі. У пасляваеннай Румыніі быў у сацыяльнай і культурнай ізаляцыі. У 1956 быў прапанаваны кандыдатам на Нобелеўскую прэмію ад Францыі і Італіі, але камуністычны ўрад Румыніі, лічачы Благу “буржуазным ідэалістам”, аказала ціск на Нобелеўскі камітэт і перашкодзіла разгляду яго кандыдатуры. Да 1962 літаратурныя творы Благі, апрача перакладаў Лесінга і інш., у сацыялістычнай Румыніі не публікаваліся.