№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 16 траўня

  • 1703

    Памёр Шарль Пэро (фр. Charles Perrault, нар. 12 студзеня 1628), французскі пісьменнік-казачнік, крытык, сябра Французскай акадэміі. Дзякуючы падтрымцы Жана Кальбэра шмат у чым вызначаў палітыку Людовіка XIV у галіне мастацтва. У знакамітай “спрэчцы старых і новых” быў апанентам Нікаля Буало, прадстаўляючы “новых”. Сусветную славу Пэро прынёс зборнік “Казкі матулі Гускі, альбо Гісторыі прамінулых часоў з павучаннямі” (Contes de ma mère l’Oye, ou Histoires du temps passé, avec des moralités) — дзевяць казак, якія пры жыцці пісьменніка амаль не былі заўважаныя. Гэтыя казкі, што збольшага ўяўляюць сабою апрацоўку народных, Пэро падпісаў не сваім імем, а імем свайго трэцяга сына Пэро д’Арманкура, што ў ХХ стагоддзі спарадзіла дыскусію пра іх аўтарства. На беларускую мову восем з дзевяці казак зборніка (апроч “Аслінай шкуры”) пераклаў Зміцер Колас (Шарль Пэро. Чарадзейныя казкі. Мн., 1993).

  • 1898

    Нарадзілася Дэсанка Максімавіч (сербск. Десанка Максимовић; памерла 11 лютага 1993), сербская паэтка і празаік, сябра Сербскай акадэміі навук і мастацтваў з 1959 году. Знакамітая сваёй любоўнай і патрыятычнай лірыкай. Найбольш вядомы зборнік — “Патрабую памілавання: Спрэчка паэта з законнікам цара Душана” (Тражим помиловање, лирска дискусија с Душановим закоником, 1964), у якім у форме маналогаў цара і адказаў паэткі яна выступае ў абарону народа, слабых і безабаронных, паэзіі і кахання.

  • 1910

    Нарадзілася Вольга Бергольц (рус. Ольга Бергольц, памерла 13 лістапада 1975), руская паэтка. У 1941—1943 гг. падчас блакады Ленінграда працавала на радыё, падтрымліваючы мужнасць жыхароў горада. У гэты час былі створаныя “Лютаўскі дзённік” і “Ленінградская паэма”, прысвечаныя абаронцам Ленінграда. Менавіта ёй належыць аўтарства фразы “Никто не забыт и ничто не забыто”. Лёс паэткі вельмі трагічны — першы муж Б. Карнілаў быў расстраляны ў 1938 г., а другі памёр падчас блакады. Дзве дачкі рана памерлі, а трэцяе дзіця яна страціла падчас жорсткага допыту ў турме, калі яе арыштавалі па ілжывых абвінавачваннях. Праз цэнзуру не былі апублікаваныя многія яе вершы, доўгі час яе залічвалі да сервільных паэтаў. Усё жыццё яна вяла дзённікі, якія пасля смерці былі канфіскаваныя і перададзены ў спецсхоў. Толькі ў 1990-я гг. стаў вядомы іншы бок яе творчасці, калі былі апублікаваныя турэмныя вершы і частка дзённікаў.

  • 1911

    Нарадзіўся Олаф дэ Ландэл (нід. Olaf J. de Landell, сапр. Ян Бернард Вемерслагер ван Спарваўдэ, памёр 26 красавіка 1989), нідэрландскі пісьменнік. Ландэл займаўся не толькі літаратурай, але і пантамімай, балетам і іншымі танцамі, радыёжурналістыкай і шмат чым іншым. Першы раман пісьменніка “Мы — сучасныя людзі” (Wij moderne menschen, 1935) прайшоў амаль незаўважаным, аднак з кожным яго наступным раманам слава Ландэла расла і дасягнула свайго піку пасля выдання трылогіі пра парцалянавую фабрыку Ярсмаў (1974—1976).

  • 1917

    Нарадзіўся Хуан Рульфа (гішп. Juan Nepomuceno Carlos Pérez Rulfo Vizcaíno, памёр 7 студзеня 1986), мексіканскі пісьменнік, сцэнарыст, фатограф. Лічыцца адным з перадвеснікаў магічнага рэалізму. Заваяваў сусветную славу, выдаўшы ўсяго дзве кнігі — зборнік навелаў “Раўніна ў агні” (El llamo en llamas, 1953) і раман “Пэдра Парама” (Pedro Páramo, 1955, экранізаваны некалькі разоў).

  • 1924

    У СССР выйшаў першы нумар дзіцячага часопіса “Мурзілка”.

  • 1955

    Памёр Джэймс Эйджы (анг. James Rufus Agee, нар. 27 лістапада 1909), амерыканскі празаік, паэт, сцэнарыст, журналіст і кінакрытык. У 1940-я гг. быў самым уплывовым кінакрытыкам у ЗША, а ў 1950-х стаў яшчэ і знаным сцэнарыстам. Як пісьменнік набыў большую вядомасць ужо пасля смерці — у 1958 г. яго аўтабіяграфічны раман “Смерць у сям’і” (A Death in the Family, 1957) быў уганараваны Пулітцэраўскай прэміяй.

  • 1984

    Памёр Ірвін Шоў (анг. Irwin Shaw, сапр. Ірвін Гілберт Шамфараў; нар. 27 лютага 1913), амерыканскі пісьменнік, драматург, сцэнарыст. Двойчы лаўрэат прэміі О. Генры, якая ўручаецца за апавяданні. Шоў пачаў пісаць сцэнарыі для радыё ў 21 год. Пасля займаўся напісаннем кінасцэнарыяў, і нарэшце ў 1949 г. выйшаў яго першы раман — “Маладыя ільвы”( The Young Lions), заснаваны на ўласным досведзе часоў Другой сусветнай вайны. Раман меў вялікі поспех і пазней быў экранізаваны (у 1958). Пасля выдання другога рамана, які апісваў уздым макартызму ў Штатах, Шоў абвінавацілі ў прыналежнасці да камуністаў, а яго імя трапіла ў чорны спіс Галівуду. У 1951 г. Шоў з’ехаў у Еўропу, дзе пражыў да смерці. У Еўропе былі напісаныя не менш паспяховыя кнігі: “Люсі Краўн” (Lucy Crown, 1956), “Два тыдні ў другім горадзе” (Two Weeks in Another Town, 1960), “Багаты, бедны” (Rich Man, Poor Man; 1970).