Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Жасінт Вэрдагер (гішп. Jacint Verdaguer i Santaló, памёр 10 чэрвеня 1902), каталонскі паэт, адзін з найбуйнейшых у каталонскай літаратуры, выбітны прадстаўнік каталонскага нацыянальнага Адраджэння. Быў святаром, шмат падарожнічаў. Вяртаючыся з плавання на Кубу, напісаў эпічную паэму “Атлантыда” (L'Atlàntida, 1876), якая прынесла яму славу. Праз два гады, падчас падарожжа ў Рым, паэт меў аўдыенцыю ў папы рымскага Льва XIII, дзе абмяркоўвалася гэтая паэма. У 1883 г. Вердагер напісаў “Оду Барселоне” (A Barcelona), якую гарадская рада раздрукавала ў ста тысячах экзэмпляраў. У 1886 г. біскуп Маргадас вянчаў Вердагера як “Паэта Каталоніі”.
Нарадзіўся Анры Барбюс (фр. Henri Barbusse, памёр 30 жніўня 1935), французскі пісьменнік, журналіст, грамадскі дзеяч. Прытрымліваўся камуністычных поглядаў, быў сябрам Французскай кампартыі. Лаўрэат Ганкураўскай прэміі за антываенны раман “Агонь” (Le Feu, 1916). Яшчэ адзін раман, які апісвае жудасці вайны, быў выдадзены ў 1919 г. і называўся “Пэўнасць” (Clarté). У тым самым годзе паэт заснаваў міжнароднае антываеннае аб’яднанне дзеячаў культуры пад такой самай назвай. Барбюс з захапленнем успрыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, некалькі разоў наведваў Расію. У выніку падарожжаў была напісаная кніга “Расія” (La Russie, 1930) і біяграфія Сталіна. Падчас чарговай вандроўкі Барбюс захварэў і памёр у Маскве.
Нарадзіўся Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст (расстраляны 17 траўня 1934). За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы сядзеў у Лукішскай турме (1924, 1927), дзе пачаў пісаць вершы. У 1928 г. нелегальна перайшоў польска-савецкую граніцу, жыў у Мінску. Выдаў зборнік вершаў “Лукішкі” (1929), пісаў артыкулы ў газеце “Звязда”, часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны да выключнай меры пакарання. У 1961 часопіс “Полымя” надрукаваў яго “Лукішскі дзённік”.
Памёр Марыё Бэнэдэці (гішп. Mario Benedetti, нар. 14 верасня 1920), уругвайскі пісьменнік, літаратуразнаўца, журналіст. У гішпанамоўным свеце лічыцца адным з найбуйнейшых лацінаамерыканскіх пісьменнікаў XX стагоддзя. Лаўрэат шматлікіх літаратурных узнагарод. Напісаў каля 80 кніг. Яго найбольш знакаміты раман “Зацішша” (La tregua, 1960) быў перакладзены на 19 моваў і двойчы экранізаваны.