Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Амар Хаям (перс. عمر خیام; памёр 4 снежня 1131), персідскі паэт, навуковец, філосаф. Сусветна вядомы сваімі чатырохрадкоўямі “рубаі”, многія з якіх зрабілімся афарызмамі. Аўтар навуковых трактатаў на арабскай і персідскай мовах: матэматычных (“Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы”), фізічных (“Вагі мудрасцяў”), філасофскіх (“Адказ на тры пытанні”, “Трактат пра існаванне”), гістарычных (“Наўруз-намэ”). На беларускую вершы Хаяма перакладаў Р. Барадулін (Рубаі, 1989).
Памёр П’ер Агюстэн дэ Бамаршэ (фр. Pierre-Augustin Caron de Beaumarchais, нар. 24 студзеня 1732), французскі драматург. Нарадзіўся ў сям’і рамесніка, але, зрабіўшыся настаўнікам музыкі ў дачок караля Людовіка XV, здабыў пасаду сакратара і тытул двараніна. Дзякуючы прыдворным сувязям пазнаёміўся з буйным фінансістам Пары-Дзювернэ і ўзяў удзел у фінансавых аперацыях, якія прынеслі яму багацце, а потым уцягнулі ў шэраг гучных судовых працэсаў. Судовы досвед Бамаршэ з’едліва апісаў у сваіх “Мемуарах” (Mémoires, 1774), якія мелі шырокі поспех. Нават Вальтэр выказваў сваё захапленне імі. Але найбольш вядомы Бамаршэ ўсё-ткі сваімі п’есамі — “Севільскі цырульнік” (Le Barbier de Séville ou la Précaution inutile, 1773) і “Вар'яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара" (La Folle journée ou Le Mariage de Figaro), якія ў далейшым леглі ў аснову вядомых опер Расіні і Моцарта.
Выйшаў знакаміты раман Брэма Стокера “Дракула” (Dracula).
Памёр Джордж Мерэдыт (анг. George Meredith, нар. 12 лютага 1828), адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў віктарыянскай эпохі. Самы вядомы яго раман — “Эгаіст” (The Egoist, 1879). У 21 год ажаніўся з 30-гадовай дачкой сатырыка Томаса Лава Пікака, аўтара “Абацтва кашмараў”, якая праз 9 гадоў кінула яго, забраўшы з сабой 5-гадовага сына. Гэтыя падзеі леглі ў аснову першага рамана Мерэдыта “Цяжар Рычарда Фаверэла” (The Ordeal of Richard Feverel, 1859). Оскар Ўайлд пісаў пра Мерэдыта ў эсэ “Заняпад маны”: “Ягоны стыль — хаос, які асвятляюць успышкі маланак. Яму як пісьменніку падуладна ўсё, апроч мовы; як раманіст ён засвоіў усе мастацтвы, апроч мастацтва аповеду; як мастак ён валодае ўсімі вартасцямі, апроч здольнасці да самавыяўлення”.
Памерла Эліза Ажэшка (польск. Eliza Orzeszkowa, нар. 6 чэрвеня 1841), польская пісьменніца, грамадская дзяячка. Ладную частку жыцця пражыла ў Гродне. Два разы намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Раннія раманы і аповесці Ажэшкі “Пан Граба” (Pan Graba, 1869), “Марта” (Marta, 1873) і іншыя напісаныя на тэму грамадскай эмансіпацыі і барацьбы жанчын за свае правы. Самым значным творам Ажэшкі лічыцца раман “Над Нёманам” (Nad Niemnem, 1887), у якім выяўленыя верныя нацыянальна-патрыятычным традыцыям эпохі Польскага паўстання 1863 году працаўнікі і шляхта, што паступова дэградуе. На беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Я. Брыль (апавяданні “Раманіха”, “А…Б…Ц…”, “Зімовым вечарам”, “Тадэвуш”), А. Бутэвіч (раман “Над Нёманам”; нарыс “Gloria victis” — “Дзеяслоў №4, 2008), Я. Бягомская (аповесць “Хам”), Г. Тычка (аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, нарыс “Людзі і кветкі над Нёманам”).
Нарадзіўся Ян Чыквін, беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнавец з Беласточчыны, доктар філалагічных навук. Друкуецца з 1957 году. Старшыня літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, рэдактар літаратурна-мастацкага і беларусазнаўчага часопіса “Тэрмапілы”. Аўтар паэтычных зборнікаў „Іду” (1969), „Святая студня” (1970), “Неспакой” (1977), “Сонечная вязь” (1988), “Светлы міг” (1989), “Кругавая чара” (1992), “Свет першы і апошні” (1997), “Крэйдавае кола” (2002), артыкулаў па гісторыі беларускай і рускай літаратураў.
Нарадзіўся Ян Максімюк, беларускі перакладчык, журналіст. Перакладае з ангельскай, французскай, нарвежскай, дацкай, шведскай, чэшскай і польскай на беларускую; з беларускай на польскую; з нарвежскай, шведскай, дацкай і нямецкай — на падляшскую. Перакладаў творы Дж. Джойса, Ў. Фолкнэра, П. Мадыяно, Т. Вэсаса, Г. Нордбранта, А. Ліндгрэн, Б. Грабала, С. І. Віткевіча, Г. фон Додэрэра, В. Акудовіча, У. Арлова, І. Бабкова, А. Глобуса, А. Разанава, А. Хадановіча.
Памёр Якаў Фіхман (іўр. יעקב פיכמן; ідыш יעקבֿ פֿיכמאַן; нар. 25 лістапада 1881), класік габрэйскай паэзіі.Пісаў на іўрыце і ідыш. Быў рэдактарам розных часопісаў, газет, кніг. Самастойна засвоіў рускую і нямецкую мовы, перакладаў Лермантава, Блока, Гайнэ, Гётэ, займаўся распрацоўкай тэорыі перакладу на іўрыт. Зрабіў значны ўнёсак у развіццё дзіцячай літаратуры на іўрыце. У 1957 г. за сваю плённую творчасць быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Ізраіля.
Памёр Ўільям Сараян (анг. William Saroyan, арм. Վիլյամ Սարոյան; нар. 31 жніўня 1908), амерыканскі пісьменнік армянскага паходжання, адзін з самых выбітных у XX стагоддзі. Пісаў па-ангельску, але лічыў сябе армянскім пісьменнікам. Сараяну належыць больш за паўтары тысячы апавяданняў, дванаццаць п’ес і каля дзесяці раманаў. Адным з найлепшых яго твораў лічыцца часткова аўтабіяграфічная аповесць “Чалавечая камедыя” (The Human Comedy, 1942). Добра вядомыя таксама раманы “Прыгоды Ўэслі Джэксана” (Adventures of Wesley Jackson, 1946), “Мама, я люблю цябе” (Mama I Love You, 1956). За п’есу “Усё вашае жыццё” (The Time of Your Life, 1939) Сараяну была прысуджаная Пулітцэраўская прэмія, ад якой ён адмовіўся, лічачы, што мастацтва не павіннае ацэньвацца па продажах. Таксама пасля няўдалай, на яго думку, спробы экранізацыі “Чалавечай камедыі” ў Галівудзе больш ніколі не даваў згоды на экранізацыю іншых сваіх твораў, нягледзячы на грашовыя цяжкасці. Апавяданні Сараяна па-беларуску выходзілі ў перакладах І. Сляповіч і А. Міхальчука асобнай кнігай "У гарах маё сэрца..." (1985).