№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 траўня

  • 1688

    Нарадзіўся Аляксандр Поўп (анг. Alexander Pope, памёр 30 траўня 1744), ангельскі паэт, найбольш вядомы за сатырычныя (“Дунсіяда”, The Dunciad, 1728) і камічныя паэмы (“Выкраданне локану”, The Rape of the Lock, 1712) і пераклады на ангельскую “Іліяды” і “Адысеі” Гамэра. Нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Згодна з законам аб усталяванні англіканскай царквы, яму было забаронена, між іншага, паступаць ва ўніверсітэт. Паэт самастойна вывучаў паэзію ангельскіх, італьянскіх, французскіх, лацінскіх, грэцкіх паэтаў. З дзяцінства пакутаваў на асаблівую форму сухотаў, якая запаволіла яго нармальны рост, — паэт быў не вышэйшы за 1,37 м.

  • 1771

    Памёр Крыстафер Смарт (анг. Christopher Smart, нар. 11 красавіка 1722), ангельскі паэт. Вядомы паэмамі “Песня Давіду” (A Song to David) і “Узвесяліцеся ў ягняці” (лац. Jubilate Agno), часткова напісанымі падчас знаходжання ў вар’ятні, куды паэт быў заключаны пасля шматлікіх скаргаў на яго паводзіны: паводле сведчанняў сучаснікаў, ён увесь час маліўся на поўны голас, падаў на калені і ўздымаў рукі да неба ў людных месцах, патрабуючы, каб астатнія бралі з яго прыклад. Пасля выхаду на волю ён жыў у нястачы, у 1770 годзе быў арыштаваны за пазыкі і памёр у галечы і напаўзабыты. Паэзія Смарта была наноў адкрытая Робертам Браўнінгам, які шмат зрабіў для яе папулярызацыі і стварыў рамантычную легенду пра Смарта — “геніяльнага вар'ята”. Дантэ Габрыэль Расэці называў “Песню Давіду” “самым дасканалым вершам, напісаным на ангельскай мове ў XVIII стагоддзі”. На рускую мову “Песню Давіду” пераклаў Я. Віткоўскі.

  • 1820

    Нарадзіўся Мішэль Ленц (люкс. Michel Lentz, памёр 8 верасня 1893), люксембургскі паэт, аўтар словаў гімну Люксембурга “Нашая Айчына” (Ons Hémécht). Пісаў пераважна патрыятычныя оды і маршы.

  • 1841

    Памёр Юльян Урсын Нямцэвіч (польск. Julian Ursyn Niemcewicz, нар. 16 лютага 1758), пісьменнік, гісторык, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Працаваў паслом Чатырохгадовага сойма (1788—1792), удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. У часе паўстання 1794 г. быў ад’ютантам Т. Касцюшкі. Пісаў на польскай мове і лічыцца адным з найвыдатнейшых пісьменнікаў польскага Асветніцтва. Аўтар палітычнай камедыі “Вяртанне пасла” (1790), зборнікаў “Літоўскія лісты” (1812), дзе адлюстраванае мясцовае (беларускае) жыццё, і патрыятычнага цыклу “Гістарычныя песні” (1816), раманаў “Два паны Сяцехі” (1815), “Ян з Тэнчына” (1825) і інш. Выдаў “Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу” (т. 1—6, 1822—1833).

  • 1855

    Нарадзіўся Эміль Верхарн (Emile Verhaeren, памёр 27 лістапада 1916), бельгійскі паэт-сімваліст, драматург, пісаў на французскай мове. Аўтар драмы “Кляштар” (Le Clotre, 1900), зборнікаў трагічных вершаў “Вечары” (Les Soires, 1887), “Катастрофы” (Les débâcles, 1888) і “Чорныя факелы” (Les Flambeaux noirs, 1890), сацыяльнай трылогіі з цыклаў вершаў “Палі ў трызненні” (Les Campagnes hallucines, 1893), “Вёскі-прывіды” (Les Villages illusoires, 1894) і “Гарады-спруты” (Les Villes tentaculaires, 1895).

  • 1880

    Нарадзіўся Тудор Аргезі (рум. Tudor Arghezi, сапр. Іён Н. Тэадарэску, памёр 14 ліпеня 1967), адзін з найвыбітнейшых румынскіх паэтаў ХХ ст. Першы вершаваны зборнік Аргезі “Патрэбныя словы” быў апублікаваны, калі паэту было 47 гадоў. Арыштаваны ў 1943 г. за публікацыю памфлета “Барон”, скіраванага супраць нацысцкай Германіі.

  • 1886

    Нарадзіўся Міхаіл Зянкевіч (руск. Михаил Зенкевич, памёр 14 верасня 1973), рускі паэт і перакладчык. У 1911 годзе стаў адным з сузаснавальнікаў “Цэху паэтаў”, у 1912 выдаў першую кнігу “Дзікая парфіра” (“Дикая порфира”). У савецкі перыяд Зянкевіч больш займаўся мастацкім перакладам, асабліва шмат перакладаў амерыканскай паэзіі, быў сурэдактарам вядомай анталогіі “Паэты Амерыкі XX стагоддзя”. У 1994 годзе ўнук паэта выдаў выніковы том вершаў і прозы Зянкевіча “Казачная эра” (“Сказочная эра”).

  • 1926

    Нарадзіўся Роберт Крылі (анг. Robert Creeley, памёр 30 сакавіка 2005), амерыканскі паэт і празаік. Паступіў у Гарвард, але сышоў на фронт добраахвотнікам, служыў у Індыі і Бірме. Вядомы сваімі эксперыментамі ў сінтаксісе, павышанай увагай да граматыкі, якую выкарыстоўваў як сродак перадачы сэнсу. Рэдактар авангарднага літаратурнага часопіса “Блэк Маўнцін Рэв’ю”.

  • 1949

    У Канах ад перадазіроўкі снатворнага памёр Клаўс Ман (ням. Klaus Mann, нар. 18 лістапада 1906), нямецкі пісьменнік, сын Нобелеўскага лаўрэата Томаса Мана. Найбольш вядомы раманам “Мефіста” (Mephisto, 1936), які быў забаронены ў ФРГ да 1981 г. Раман Мана “Вулкан” (Der Vulkan, 1939) — адзін з самых вядомых раманаў ХХ ст. пра нямецкіх бежанцаў часоў Другой сусветнай вайны. На беларускую мову раман “Мефіста” пераклаў Васіль Сёмуха.