Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Луіс дэ Гонгара-і-Арготэ (гішп. Luis de Góngora y Argote, нар. 11 ліпеня 1561), гішпанскі паэт эпохі барока. Вывучаў права ва ўніверсітэце Саламанкі, служыў канонікам у кафедральным саборы Кордавы. З 1589 вандраваў па Гішпаніі, выконваючы даручэнні капітула. У 1609 вярнуўся ў родны горад. У 1617 быў прызначаны каралеўскім капеланам, да 1626 жыў пры двары караля Філіпа III у Мадрыдзе. У 1627 сур'ёзна захварэў, страціў памяць і зноў вярнуўся дадому, дзе ў скрайняй беднасці памёр неўзабаве ад апаплексіі. Творчасць Гонгары прынята дзяліць на два перыяды — “ясны” (да 1610 году) і “цёмны”. У першы перыяд ён піша лірычныя і сатырычныя вершы — традыцыйныя санэты, рамансы, летрыльі. Плён другога перыяду — “Ода на ўзяцце Ларачэ” (1610), міфалагічная паэма “Паданне пра Паліфема і Галатэю” (1613). Вяршыня паэзіі Гонгары і адна з вяршыняў гішпанскага вершаванага мастацтва — цыкл пастаральных “Паэмаў самоты” (Soledades). З задуманых чатырох паэмаў (“Самота ў полі”, “Самота на беразе”, “Самота ў лесе”, “Самота ў пустэльні”) напісаная толькі першая і частка другой. Створанае Гонгарам у гэты перыяд залічваюць да “вучонай” паэзіі, так званага культэранізму, або культызму (el culteranismo, el cultismo) — плыні барокавай слоўнасці, якая пры жыцці Гонгары выклікала вострую літаратурную палеміку. Яго супернікамі выступалі Лопэ дэ Вэга (з якім Гонгара абменьваўся абразлівымі вершамі) і Франсіска Кеведа (санэты апошняга, зрэшты, не чужыя “цёмнай” манеры). Святкаванне 300-годдзя з дня смерці Гонгары (1927), арганізаванае ў Севільі тарэадорам Ігнасіё Санчэсам Мехіясам, стала актам сімвалічнага згуртавання паэтаў, якія групаваліся вакол Федэрыка Гарсія Лоркі, і дало групе імя “пакалення 27 году”. Пасля гэтага створанае Гонгарам, які пры жыцці не апублікаваў ніводнай кнігі (яго вершы перапісваліся ад рукі і друкаваліся толькі ў анталогіях), уваходзіць у класічны канон.
Памерла Францішка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх (нар. 13 лютага 1705), пісьменніца, першая ў ВКЛ жанчына-драматург. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю: добра ведала сусветную літаратуру, замежныя мовы, пісала вершы. Выйшла замуж у 20 гадоў за князя Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбаньку”, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, мецэната, найбагацейшага магната Рэчы Паспалітай. П’есы княгіня Радзівіл пачала пісаць для нясвіжскага тэатра, дзе спачатку ставіліся творы замежных драматургаў (Вальтэра, Мальера і інш.). Творчая спадчына Ф. У. Радзівіл складае 16 трагедый і камедый, якія былі надрукаваныя пасля яе смерці, увосень 1754 г. У 2003 годзе выйшаў зборнік твораў Ф. У. Радзівіл у перакладзе на беларускую мову.
Нарадзілася Марыя Канапніцкая (польск. Maria Konopnicka, памерла 8 кастрычніка 1910), польская пісьменніца. Дэбютавала ў 1870 годзе. Аўтар вершаў і рэалістычных навелаў пра жыццё вёскі і гарадской беднаты на грамадскую і псіхалагічную тэматыку (“Міласэрнасць абшчыны”, “Мендаль Гданьскі” і інш.). Шырока вядомыя паэма М. Канапніцкай пра долю сялян-эмігрантаў “Пан Бальцэр у Бразіліі” (Pan Balcer w Brazylii, 1892—1906, поўнае выданне ў 1910), аповесць для дзяцей “Пра гномаў і сіротку Марысю”, цыклы народных песняў “З лугоў і палёў”, “На жалейцы”. Сярод зборнікаў навелаў Марыі Канапніцкай варта назваць наступныя: першы зборнік “Чатыры навелы” (Cztery nowele, 1888), “Мае знаёмыя” (Moi znajomi, 1890), На дарозе” (Na drodze, 1893), “Людзі і рэчы” (Ludzie i rzeczy, 1898), “На нармандскім беразе” (Na normandzkim brzegu, 1904). Таксама вядомая як публіцыстка і літаратурны крытык. Актыўна займалася дзейнасцю па абароне правоў жанчын. Некаторыя творы пісьменніцы друкаваліся ў часопісе “Роднае слова” (№4, 2002) у перакладах Я. Купалы, В. Сёмухі. На сайце часопіса “ПрайдзіСвет” можна пачытаць апавяданні пісьменніцы “Банасёва” (пераклад Пятра Бітэля) і “Дым” (пераклад Янкі Брыля).
У польскім дабрачынным прытулку на ўскраіне Парыжу ў галечы памёр Цыпрыян Каміль Норвід (польск. Cyprian Kamil Norwid, нар. 24 верасня 1821), польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец. Большую частку жыцця пражыў у замежжы — Германіі, Італіі, ЗША, Францыі, Англіі, часта без сродкаў да існавання, незразумелы крытыкам і родным. Сярод найлепшых твораў Норвіда — паэтычны цыкл “Vade-mecum” (1865—1866), філасофская паэма “A Dorio ad Phrygium” (1871), трагедыі “За кулісамі” (Za kulisami, 1865—1866), “Клеапатра і Цэзар” (Kleopatra i Cezar, 1870—1872), “Пярсцёнак велікасвецкай дамы” (Pierścień Wielkiej Damy, czyli Ex-machina Durejko, 1872). Пры жыцці Норвіда была апублікаваная малая частка яго паэзіі і прозы, прызнанне ён атрымаў пасмяротна. Норвіда залічваюць да найбуйнейшых польскіх паэтаў нароўні з А. Міцкевічам і Ю. Славацкім. Поўны збор твораў Норвіда выйшаў у адзінаццаці тамах (Варшава, 1971—1976). Пераклады на беларускую выйшлі ў кнізе: Ідзі за мною: лірыка / Цыпрыян Норвід; пер. з польск., [прадм. і заўв. Алега Мінкіна; маст. С. В. Чарановіч]. — Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1993. Творы Норвіда на беларускую перакладаў таксама Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Пэр Фабіян Лагерквіст (шведск. Pär Fabian Lagerkvist, памёр 11 ліпеня 1974), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1951 году. Яго кнігі былі адзінай крыніцай ведаў пра жыццё пісьменніка, замкнёнага і стрыманага па прыродзе. Лагерквісту належыць знакамітая фраза “Я не ўмешваюся ў сваю творчасць”. Найбольш знакамітыя аповесці — “Кат” (Bödeln, 1933), “Сівіла” (Sibyllan, 1956) і “Марыямна” (Mariamne, 1968), раман “Карлік” (Dvärgen, 1944), прыпавесць “Варава” (Barabbas, 1950), п’есы “Таямніца неба” (Himlens hemlighet, 1919), “Нябачны” (Den osynlige, 1923), “Чалавек без душы” (Mannen utan själ, 1936), “Перамога ў цемры” (Seger i mörker, 1939). У 1940 годзе Лагерквіст быў абраны адным з 18 “несмяротных” чальцоў Шведскай акадэміі. Апавяданне Лагерквіста "Вызваленне" не беларускую мову пераклаў Валеры Буйвал.
Памёр Генрык Ібсэн (нарв. Henrik Johan Ibsen, нар. 20 сакавіка 1828), найбуйнейшы нарвежскі драматург XIX стагоддзя, заснавальнік “новай драмы”, тэатральны рэжысёр і паэт. Пісаў на дацкай мове (яе нарвежскім варыянце), якая ў той час была літаратурнай мовай Нарвегіі. Жыццё і творчасць Ібсэна поўныя дзіўных супярэчнасцяў: моц яго таленту дазволіла арганічна спалучыць самыя розныя, нярэдка палярныя тэмы, ідэі, сродкі мастацкага выражэння. Прадстаўнікі розных эстэтычных плыняў залучаюць яго ў свае шэрагі. Некаторыя называлі яго “Фройдам у драматургіі”. Адной з самых папулярных п'есаў Ібсэна быў “Лялечны дом” (Et Dukkehjem, 1879). Да ліку найлепшых залічваюцца п’есы “Бранд” (Brand, 1865), “Пэр Гюнт” (Peer Gynt, 1867), “Вораг народа” (En Folkefiende, 1882), “Дзікая качка” (Vildanden, 1884), “Будаўнік Сольнэс” (Bygmester Solness, 1892). Шматлікія творы Ібсэна пастаўленыя ў тэатрах і экранізаваныя.
Памёр Франсуа Капэ (фр. Françoіs Édouard Joachіm Coppée, нар. 26 студзеня 1842), французскі паэт, драматург і празаік, прадстаўнік парнаскай школы. Капэ быў адным з самых папулярных паэтаў свайго часу, але пазней яго творчасць зрабілася аб’ектам кпінаў і пародый з боку “выклятых паэтаў” (Вэрлена, Рэмбо, Кро) і была забытая. Яго вершы вылучае павучальны патрыятызм, уважлівасць да паўсядзённага жыцця і цікавасць да пачуццяў простага чалавека (за гэта Капэ празвалі “паэтам беднякоў”).
Памёр Анры дэ Рэнье (фр. Henri-Francois-Joseph de Régnier, нар. 28 снежня 1864), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі, аўтар вершаў, навелаў і раманаў. Быў жанаты з дачкой аднаго з лідараў “Парнаса”, Жазэ Марыі дэ Эрэдыя. На творчасць пісьменніка моцна паўплываў Малармэ. Рэнье быў блізкі да сімвалістаў, сябраваў і ліставаўся з Андрэ Жыдам і Полем Валеры. У паэзіі трымаўся сярэдняй лініі паміж парнасцамі і сімвалістамі, эксперыментаваў са свабодным вершам, разам з тым часам вяртаючыся да санэтнай формы і працягваючы традыцыю Нэрваля і Вэрлена. У прозе развіваў стылістыку “галантнага” XVIII стагоддзя.