Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Пэдра Кальдэрон дэ ла Барка (гішп. Pedro Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño, нар. 17 студзеня 1600), гішпанскі драматург і паэт Залатога стагоддзя, паслядоўнік Лопэ дэ Вэгі. Аўтар каля 200 драматычных твораў. Кальдэрон часта параўноўваецца з Шэкспірам паводле значнасці для еўрапейскага тэатру.
Памерла Мары Мадлен дэ Лафает (фр. Marie-Madeleine Pioche de La Vergne, графіня дэ Лафает, нар. 18 сакавіка 1634), французская пісьменніца. У юнацтве, зацікавіўшыся літаратурай, пачала наведваць найбольш значныя літаратурныя салоны таго часу — салон мадам дэ Рамбуе і салон мадам дэ Скюдэры, а ў сталым узросце заснавала ўласны салон. Блізка сябравала з Ларашфуко, які пазнаёміў яе з самымі выбітнымі літаратарамі той эпохі. Першым надрукаваным яе творам была псіхалагічная навела “Прынцэса дэ Манпансье” (La Princesse de Montpensier, 1662), выдадзеная ананімна. Наступным выйшаў “маўрытанскі” раман “Заіда” (Zaïde, 1669—1671) за подпісам Жана Рэно дэ Сегрэ. Самы знакаміты твор Лафает — раман “Прынцэса Клеўская” — быў надрукаваны ў 1678, зноў ананімна. Лічыцца, што гэты раман папярэднічае еўрапейскаму псіхалагічнаму раману. Астатнія творы мадам дэ Лафает былі надрукаваныя пасля яе смерці.
Нарадзіўся Ралф Ўолда Эмерсан (анг. Ralph Waldo Emerson, памёр 27 красавіка 1882), амерыканскі паэт, эсэіст і філосаф, заснавальнік трансцэндэнталізму, ідэі якога выказаныя перш за ўсё ў эсэ “Прырода” (Nature, 1936). Эмерсан моцна паўплываў на развіццё амерыканскай думкі і літаратуры — лібералы яго пакалення лічылі яго сваім духоўным лідарам. Уплыў Эмерсана прасочваецца ў творчасці Ў. Ўітмэна, Г. Тора, Н. Готарна, Г. Мэлвіла, у больш позні перыяд — у Э. Дыкінсан, Э. А. Робінсана і Р. Фроста. У Еўропе Эмерсан таксама быў папулярны — яго творы чыталі Ф. Ніцшэ, М. Метэрлінк, А. Бергсон, Ш. Бадлер.
Нарадзіўся Наім Фрашэры (алб. Naim Frashëri, памёр 20 кастрычніка 1900), албанскі паэт, празаік, выбітны дзеяч албанскага нацыянальнага адраджэння ХІХ ст., нацыянальны паэт Албаніі. Першыя вершы былі створаныя ім на персідскай мове, пісаў таксама на турэцкай, грэцкай і албанскай. Перакладаў французскіх аўтараў, “Іліяду” Гамэра. Найбольш вядомы яго вершаваны зборнік “Статкі і зерне” (Bagëti e Bujqësi, 1886).
Нарадзіўся Роберт Рос (анг. Robert Ross, памёр 5 кастрычніка 1918), ангельскі мастацтвазнаўца і літаратурны крытык, блізкі сябра Оскара Ўайлда, а пасля яго смерці — ягоны павернік. Першая кніга Роса выйшла ў 1909 годзе, была прысвечаная Обры Бёрдслі і так і называлася — “Обры Бёрдслі” (Aubrey Beardsley). У верасні таго ж году выйшла яшчэ адна кніга, “Маскі і фазы” (Masques and Phases) — зборнік эсэ, артыкулаў і кароткіх апавяданняў (адзін з артыкулаў кнігі зноў жа прысвечаны творчасці Бёрдслі і мае падзагаловак “Погляд у мінулае”; на беларускую мову яго пераклала Ганна Янкута). 5 кастрычніка 1918 году Рос вярнуўся пасля абеду з сябрамі і сказаў, што ў яго баліць у грудзях і што ён крыху адпачне. Калі прыйшлі клікаць яго да вячэры, ён быў мёртвы. У адпаведнасці з тэстаментам ён быў крэміраваны, а урна з яго прахам была ў 1950 годзе дастаўленая ў Парыж і змешчаная ў спецыяльным паглыбленні ў помніку Оскару Ўайлду — ужо замаўляючы помнік Эпштэйну, Рос вырашыў, што яго прах будзе ляжаць побач з прахам сябра. Сябар Роса Зігфрыд Сасун у сваёй аўтабіяграфіі напісаў: “Адпачываючы перад вячэрай, ён памёр — у яго спынілася сэрца. І, думаю, да месца будзе сказаць, што гэта быў адзіны выпадак, калі сэрца яго падвяло”.
Нарадзіўся Тэадор Рэтке (анг. Theodore Roethke, памёр 1 жніўня 1963), амерыканскі пісьменнік, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 1954 году за кнігу “Абуджэнне” (The Waking, 1953), двойчы лаўрэат Нацыянальнай кніжнай прэміі.
Памёр Максім Багдановіч (нар. 9 снежня 1891), беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык. Пісаў і друкаваўся як на беларускай, так і на рускай мове. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў санет, трыялет, рандо і іншыя класічныя вершаваныя формы, верлібр. Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы і літаратурныя агляды. Перакладаў на беларускую мову вершы Поля Вэрлена, Эміля Верхарна, Генрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідыя, Гарацыя і іншых, на рускую — творы Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко. На паэзію Багдановіча паўплывалі творы французскіх сімвалістаў, рускіх акмеістаў, аднак ён імкнуўся да стварэння ўласна беларускай паэзіі, арганічнага зліцця беларускіх ды іншаземных традыцый.
Нарадзілася Расарыё Кастэльянас (гішп. Rosario Castellanos, памерла 7 жніўня 1974), выбітная мексіканская пісьменніца, паэтка “пакалення 50-х”, якая значна паўплывала на развіццё фемінісцкага руху ў Мексіцы. Аўтар трох раманаў: паўаўтабіяграфічнага “Balún Canán”, “Кніга жальбы” (Oficio de tinieblas ), які расказвае пра паўстанне індзейцаў у штаце Чыяпас, і “Рытуал ініцыяцыі” (Rito de iniciacion), некалькіх зборнікаў паэзіі. Была прызначаная амбасадарам Мексікі ў Тэль-Авіве, дзе загінула ад удару току.
Нарадзіўся Рэйманд Карвер (анг. Raymond Clevie Carver, Jr., памёр 2 жніўня 1988), амерыканскі навеліст, паэт, майстар англамоўнай кароткай прозы. Лаўрэат некалькіх літаратурных узнагародаў, у тым ліку Прэміі імя О. Генры (1983 і 1988). Аўтар паэтычных зборнікаў “Зімовая бяссонніца” (Winter Insomnia, 1970), “Ультрамарын” (Ultramarin, 1986), “Новая сцежка да вадаспаду” (A New Path to the Waterfalls, 1989), зборнікаў апавяданняў “Калі ласка, памаўчыце” (Will You Please Be Quiet, Please?, 1976), адзначаны Нацыянальнай кніжнай прэміяй, “Жудаснае надвор’е” (Furious Seasons, 1977), “Пра што мы гаворым, калі гаворым пра каханне” (What We Talk About When We Talk About Love, 1981), “Сабор” (Cathedral, 1983), намінаваны на Пулітцэраўскую прэмію.
Памерла Яўгенія Гінзбург (руск. Евгения Гинзбург, нар. 20 снежня 1904), вядомая савецкая журналістка, мемуарыстка, маці пісьменніка Васіля Аксёнава. Рэпрэсаваная ў 1937, правяла 18 гадоў у турмах, лагерах і бестэрміновай высылцы. Аўтар кнігі ўспамінаў “Круты маршрут” (1967, другая частка — 1975—1977), аднаго з першых літаратурных твораў, які расказваў пра сталінскія рэпрэсіі ў СССР. Упершыню кніга выйшла ў Мілане, куды была вывезеная ў аўдыёзапісе без ведама аўтаркі. Першае выданне ў СССР выйшла ў 1988 годзе.