№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 27 траўня

  • 1867

    Нарадзіўся Арнольд Бэнэт (анг. Arnold Bennett, памёр 27 сакавіка 1931), ангельскі пісьменнік. Перадусім вядомы як раманіст, аднак многія яго дакументальныя кнігі таксама былі і застаюцца надзвычай папулярнымі, напрыклад, кніга “Як жыць напоўніцу 24 гадзіны ў суткі” (How to Live on 24 Hours a Day); дзённікі Бэнэта часта цытаваліся брытанскай прэсай. Аднак многія пісьменнікі, напрыклад, Вірджынія Вулф, лічылі Бэнэта слабым творцам “старой гвардыі”, і цягам ХХ ст. гэтае меркаванне набывала ўсё большую вагу, пакуль у 1990-х крытыкі не перагледзелі сваёй стаўленне да творчай спадчыны Бэнэта і не вярнулі яму сваю прыхільнасць.

  • 1894

    Нарадзіўся Дэшыл Хэмет (анг. Samuel Dashiell Hammett, памёр 10 студзеня 1961), амерыканскі пісьменнік і крытык, аўтар дэтэктываў; адзін з заснавальнікаў жанру "крутога дэтэктыву" і субжанру "нуар".

  • 1894

    Нарадзіўся Луі-Фердынад Селін (фр. Louis-Ferdinand Céline, памёр 1 ліпеня 1961), французскі пісьменнік, доктар паводле адукацыі. Раманы “Падарожжа на край ночы” (Voyage au bout de la nuit, 1932) і “Смерць у крэдыт” (Mort à crédit, 1936) адразу ж прынеслі аўтару шумны поспех, аднак лёс аўтара склаўся трагічна: наступныя творы замацавалі за Селінам рэпутацыю антысеміта і расіста. У канцы Другой сусветнай вайны Селін, абвінавачаны ў супрацы з акупантамі, збег спачатку на поўдзень Германіі, адтуль — у Данію, дзе яго арыштавалі. Пазней турэмнае зняволенне яму замянілі на высылку. З 1951 году Селін, амаль забыты ўсімі, вяртаецца ў Францыю па амністыі і да канца жыцця жыве ў парыжскім прыгарадзе Медоне і працуе доктарам для бедных. Толькі пасля смерці Селіна да яго зноў прыходзіць шырокая літаратурная вядомасць — гэтым разам дзякуючы аўтабіяграфічнай трылогіі “З замка ў замак” (D’un château l’autre, 1957), “Поўнач” (Nord, 1960) і “Рыгадон” (Rigodon, надр. у 1969).

  • 1900

    Нарадзіўся Уладзімір Жылка (памёр 1 сакавіка 1933), беларускі паэт, перакладчык і крытык. Дэбютаваў з друку з вершамі ў заходнебеларускіх выданнях “Беларускія ведамасці”, “Наша думка”, “Наша будучыня”, “Новае жыццё”. Аўтар паэмы “Уяўленне” (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў “На ростані” (Вільня, 1924), “З палёў Заходняй Беларусі” (Мінск, 1927), “Вершы” (Мінск, 1970), зборніка “Пожні” (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986). На беларускую пераклаў “Слова пра Якуба Шэлю” Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсэна, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.

  • 1912

    Нарадзіўся Джон Чывер (анг. John William Cheever, памёр 18 чэрвеня 1982), амерыканскі пісьменнік, буйны майстар кароткай прозы XX стагоддзя. Найбольш знакаміты зборнікам сваіх апавяданняў “Велізарнае радыё” (The Enormous Radio, 1953), раманамі “Сямейная хроніка Ўопшатаў” (The Wapshot Chronicle, 1957), “Булет-парк” (Bullet Park, 1969), “Фальконер” (Falconer, 1977). За “Сямейную хроніку Ўопшатаў” быў узнагароджаны Нацыянальнай кніжнай прэміяй, а за зборнік “Гісторыі Джона Чывера” (The Stories of John Cheever, 1978) атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.

  • 1939

    Памёр Ёзэф Рот (ням. Moses Joseph Roth, нар. 2 верасня 1894), аўстрыйскі пісьменнік. У 1932 годзе дапісаў свой самы доўгі і самы знакаміты раман “Марш Радзецкага”, раман-хроніку Габсбургскай эпохі. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў эміграваў у Францыю. У траўні 1939 году, даведаўшыся пра самагубства свайго сябра Эрнста Толера, Ёзэф Рот упаў на зямлю і неўзабаве памёр.

  • 2009

    Выйшаў першы нумар часопіса “ПрайдзіСвет”, прысвечаны сучаснай літаратуры. Ён змяшчаў пераклады твораў Вольгі Такарчук (Польшча), Сяргія Жадана (Украіна), Ар’ена Дэйнкера (Нідэрланды), Мэцью Дзікмана (ЗША), Вітаўтаса Дэкшніса (Літва), Алешандры Радрыгеша (Бразілія), Чарлза Букоўскі (ЗША) і многіх іншых. На сённяшні дзень выйшла дзевяць нумароў часопіса: другі нумар (“Кухня мадэрнізму”) быў прысвечаны літаратуры мадэрнізму, трэці (“Ад Хэлаўіна да Калядаў”) — зімова-калядным і гатычным творам, чацверты (“Juvenes dum sumus”) — вундэркіндам ад літаратуры, падвойны пяты-шосты нумар (“Выкраданне Еўропы”) — жаночай творчасці і жанчыне ў літаратуры, сёмы (“Finis Africae”) — афрыканскім літаратурам і літаратуры пра Афрыку, восьмы (“Аўтапартрэт з люстэркамі”) — шматмоўнай беларускай літаратуры і яе перакладам на іншыя мовы, дзявяты (“Art Detected”) — дэтэктыўны. Усе нумары часопіса можна знайсці ў раздзеле “Бібліятэка”.