Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Томас Мур (анг. Thomas Moore, памёр 25 лютага 1852), ірландскі паэт-рамантык, аўтар песняў і баладаў. Самымі знакамітымі творамі Мура лічацца верш “Апошняя ружа лета” (Тhe Last Rose of Summer) і зборнік “Ірландскія мелодыі” (1807). У Расіі больш за ўсё была вядомая балада Мура “Вечерний звон” (Those evening bells), якая была перакладзеная Іванам Казловым і зрабілася знакамітай песняй.
Пушкін чытаў “Барыса Гадунова” ў доме бацькі Кацярыны Трубяцкой графа Івана Лаваля ў прысутнасці Адама Міцкевіча і Аляксандра Грыбаедава.
Памерла Эн Бронтэ (анг. Anne Brontë, нар. 17 студзеня 1820), ангельская паэтка і празаік, малодшая з трох сёстраў Бронтэ (яе старэйшыя сёстры — Шарлота і Эмілі). З 1839 па 1845 гады Эн Бронтэ працавала гувернанткай, і досвед гэтай працы потым адлюстраваўся ў рамане “Агнэс Грэй” (1847). У 1846 годзе разам з сёстрамі пад псеўданімамі Карэр (Шарлота), Эліс (Эмілі) і Эктан (Эн) выдае зборнік “Вершы Карэра, Эліса і Эктана Бэлаў”, куды ўвайшоў 21 яе верш. Эн Бронтэ памерла ў 1849 годзе ад туберкулёзу.
Нарадзіўся Максіміліян Валошын (руск. Максимилиан Волошин, сапр. Кірыенка-Валошын, памёр 11 жніўня 1932), рускі паэт, перакладчык, мастацкі крытык і мастак-пейзажыст. У 1907 годзе Валошын пераехаў у Кактэбель, дзе напісаў знакаміты цыкл вершаў “Кімерыйскае змярканне” (“Киммерийские сумерки”). 22 лістапада 1909 году ён біўся на дуэлі з Мікалаем Гумілёвым; прычынай дуэлі была паэтка Елізавета Дзмітрыева. Для яе Валошын прыдумаў удалую містыфікацыю — Чэрубіну дэ Габрыяк, у якую закахаліся многія творчыя людзі Пецярбурга, у тым ліку Гумілёў. Секундант Валошына, граф Аляксей Талстой, пакінуў досыць забаўнае апісанне гэтай дуэлі, падчас якой была згубленая адна галёша. Скончылася дуэль без праліцця крыві.
Нарадзіўся Оскар Мілаш (фр. Oscar Milosz, літ. Oskaras Milašius, памёр 2 сакавіка 1939), французскі паэт і літоўскі дыпламат, дзядзька лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1980 году, паляка Чэслава Мілаша. Апроч вершаў паэт напісаў некалькі драматычных твораў: “Мігель Маньяра”, “Мефібасэт”, “Саўл з Тарса” і некалькі містычных трактатаў-паэмаў. У 1931 годзе Оскар Мілаш быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну, з 1966 году ў Францыі дзейнічае Таварыства сяброў Оскара Мілаша, якое выдае прысвечаныя яго творчасці “Сшыткі”.
Нарадзіўся Уладзіслаў Хадасевіч (руск. Владислав Ходасевич, памёр 14 чэрвеня 1939), рускі паэт і крытык. Часцей за ўсё ў дачыненні да яго ўжывалі эпітэт “зласлівы”. Горкі ў прыватных размовах і лістах казаў, што менавіта злосць — аснова яго паэтычнага дару. “Я лічуся злосным крытыкам, — казаў Хадасевіч. — А вось нядаўна зрабіў я “падлік сумлення”, як перад споведдзю... Так, многіх лаяў. Але з тых, каго лаяў, ні з аднаго нічога не атрымалася”. Хадасевіч любіў містыфікацыі, захапляючыся нейкім “літаратарам, які не піша”, майстрам на такія справы. Сам ён выкарыстоўваў містыфікацыю як літаратурны прыём, праз некаторы час выкрываючы яе. Так, ён напісаў некалькі вершаў ад чужога імені і нават выдумаў забытага паэта XVIII стагоддзя Васіля Траўнікава, напісаўшы за яго ўсе яго вершы, акрамя аднаго, які належыць сябру Хадасевіча Муні (Самуілу Кісіну). Паэт чытаў пра Траўнікава на літаратурным вечары і надрукаваў пра яго даследаванне (1936). Слухаючы вершы, якія чытаў Хадасевіч, адукаванае грамадства адчувала збянтэжанасць і здзіўленне, бо Хадасевіч адкрыў бясцэнны архіў найбуйнейшага паэта XVIII стагоддзя. Разам з жонкай Нінай Берберавай эміграваў з СССР у 1922 годзе. Жыў спачатку ў Берліне, потым пераехаў у Парыж. Памёр у Парыжы, пахаваны на могілках Булонь-Б’янкур.
Памёр Іван Франко (укр. Іван Франко, нар. 27 жніўня 1856), украінскі паэт, празаік, навуковец і дзеяч рэвалюцыйнага сацыялістычнага руху ў Галіцыі. У 1915 годзе быў высунуты на Нобелеўскую прэмію, аднак смерць паэта перашкодзіла яму скласці канкурэнцыю іншым намінантам. У гонар Франко горад Станіслаўль перайменаваны ў Івана-Франкоўск; імя пісьменніка носіць вуліца ў Манрэалі (Канада).
Нарадзіўся Алесь Аркуш (сапр. Козік), беларускі пісьменнік. З 1987 году жыве ў Полацку. Уваходзіў у літаратурнае таварыства “Тутэйшыя”. Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Піша вершы, прозу, эсэістыку, крытычныя артыкулы. Аўтар каля дзесяці зборнікаў паэзіі і трох зборнікаў эсэістыкі “Выпрабаванне развоем” (2000), “Аскепкі вялікага малюнку” (2007), “Брызгалаўка” (разам з Барысам Козікам, 2009). Аўтар тэксту гімна Полацка.
Памёр Томас Оліў Мэбат (анг. Thomas Ollive Mabbott, нар. 6 ліпеня 1898), амерыканскі прафесар і даследчык літаратуры, шырока вядомы сваімі працамі па творчасці Эдгара По. Даследаваў таксама творчасць Джона Мілтана, Ўолта Ўітмэна, Томаса Чатэртана і Эдварда Коўта Пінкні.