Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Крыстафер Марла (анг. Christopher Marlowe, нар. 26 лютага 1564), ангельскі паэт, перакладчык і драматург елізавецінскай эпохі, адзін з выбітных папярэднікаў Ўільяма Шэкспіра. Пра пэўныя перыяды жыцця драматурга амаль нічога не вядома, лічыцца, што ён мог быць таемным агентам ангельскай кароны ў Еўропе. Смерць Марла таксама выклікае ў даследчыкаў шмат пытанняў — пісьменнік быў забіты падчас спрэчкі ў дэптфардскай таверне, аднак прычыны гэтай спрэчкі так і не высветленыя; гэта магло быць нават замоўленае забойства. Існуюць розныя сведчанні нават адносна даты смерці Марла (называюць таксама 1 альбо 2 чэрвеня). У тыя часы нават сур’ёзна разглядалася версія, паводле якой гэта магла быць проста інсцэніроўка, а сам пісьменнік застаўся жывы. Значнае месца адводзілася Марла ў “шэкспіраўскім пытанні”: ён быў адным з “падазраваных” у аўтарстве тых ці іншых п’есаў Шэкспіра. Самы вядомы твор Марла — трагедыя “Доктар Фаўст”.
Памёр Аляксандр Поўп (анг. Alexander Pope, нар. 21 траўня 1688), ангельскі паэт, найбольш вядомы за сатырычныя (“Дунсіяда”, The Dunciad, 1728) і камічныя паэмы (“Выкраданне локана”, The Rape of the Lock, 1712) і пераклады на ангельскую “Іліяды” і “Адысеі” Гамэра. Нарадзіўся ў каталіцкай сям’і. Згодна з законам аб усталяванні англіканскай царквы яму было забаронена, між іншага, паступаць ва ўніверсітэт. Паэт самастойна вывучаў паэзію ангельскіх, італьянскіх, французскіх, лацінскіх, грэцкіх паэтаў. З дзяцінства пакутаваў на асаблівую форму сухотаў, якая запаволіла яго нармальны рост, — паэт быў не вышэйшы за 1,37 м.
Памёр Вальтэр (фр. Voltaire, сапр. Франсуа-Мары Аруэ, нар. 21 лістапада 1694), французскі пісьменнік і філосаф, адзін з найбуйнейшых асветнікаў ХVІІІ ст., паэт, празаік, сатырык, гісторык, публіцыст, заснавальнік вальтэр’янства. Перад смерцю Вальтэра яго пляменнік абат Міньё паклікаў да дзядзькі абата Гацье, спадзеючыся прымірыць Вальтэра з царквой. Калі святар прапанаваў вальнадумцу “адрачыся ад Сатаны і прыйсці да Госпада” Вальтэр адказаў: “Навошта перад смерцю здабываць новых ворагаў?”
Нарадзіўся Уладзімір Назор (харв. Vladimir Nazor, памёр 19 чэрвеня 1949), харвацкі паэт і перакладчык, адзін з асноўных прадстаўнікоў харвацкага мадэрнізму, а таксама першы кіраўнік харвацкага парламента. Перакладаў творы шэрагу класічных аўтараў: Дантэ, Гётэ, Гайнэ, Гюго, Шэкспіра, Мюсэ.
Нарадзіўся Антанін Баяя (чэшск. Antonín Bajaja), чэшскі пісьменнік. Самы знакаміты раман Баяі “Зваўчэнне. Раманета пра ваўкоў, людзей і знакі” (Zvlčení. Romaneto o vlcích, lidech a úkazech), за які аўтар у 2004 годзе атрымаў прэмію Magnesia Litera, на беларускую мову пераклала Марыя Мартысевіч.
Памёр Барыс Пастарнак (руск. Борис Пастернак, нар. 10 лютага 1890), рускі паэт, празаік, перакладчык. Бацька будучага паэта быў мастаком, а маці — піяністкай. З 1946 па 1950 Пастарнак штогод вылучаўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры, але беспаспяхова. Толькі ў 1958 годзе, калі ягоную кандыдатуру прапанаваў папярэдні лаўрэат Альбэр Камю, Пастарнак атрымаў прэмію “за значныя дасягненні ў сучаснай лірычнай паэзіі, а таксама за працяг традыцыі вялікага рускага эпічнага рамана”. Пад ціскам савецкіх уладаў ад прэміі адмовіўся.
Памёр Хуан Карлас Анэці (гішп. Juan Carlos Onetti, нар. 1 ліпеня 1909), уругвайскі пісьменнік, прадстаўнік “пакалення 1945-га году”. З 1975 году жыў у Гішпаніі. Лаўрэат прэміі Мігеля дэ Сервантэса, а таксама Вялікай літаратурнай прэміі Уругвая. Проза Анэці з героем-адзіночкам, які ўвесь час сумняецца ў сабе і ў свеце, паралельная пошукам французскіх экзістэнцыялістаў.