№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 чэрвеня

  • 1625

    Памёр Анарэ д’Юрфэ (фр. Honoré d'Urfé, нар. 11 лютага 1568), французскі пісьменнік. Вучыўся ў езуіцкім каледжы, у 1590 уступіў у Каталіцкую Лігу герцага Гіза; трапіўшы ў палон у 1595, пачаў пісаць свае “Маральныя пасланні” (Epistres morales) у трох кнігах. Самы вядомы твор д’Юрфэ — вялізны пастаральны раман “Астрэя” (L’Astrée): у першым выданні ён налічваў 5399 старонак. Пяты том быў фактычна цалкам напісаны сакратаром д’Юрфэ Бальтазарам Баро і выдадзены пасля смерці Юрфэ. Фінал Баро супярэчыць агульнай логіцы папярэдніх частак (магчыма, аўтар пятага тому не чытаў папярэдніх :)), нашмат больш праўдападобны фінал быў прапанаваны ў 1626 годзе Марэнам Леруа дэ Гамбервілем.

  • 1878

    Нарадзіўся Джон Эдвард Мэйсфілд (анг. John Edward Masefield, памёр 12 траўня 1967), ангельскі паэт, празаік, журналіст. З 1930 году — паэт-лаўрэат. Вядомы таксама як аўтар фантастычных раманаў для дзяцей “Дзеці поўначы” (The Midnight Folk) і “Скрыня асалодаў” (The Box of Delights).

  • 1890

    Памёр Камілу Каштэлу Бранку (парт. Camilo Castelo Branco, нар. 16 сакавіка 1825), партугальскі пісьменнік. Быў вельмі пладавіты, напісаў больш за 260 кніг і стаў першым партугальскім аўтарам, які зарабляў на жыццё сваёй творчасцю. Большасць твораў напісана ў духу рамантызму, але з часам Камілу схіляецца у бок рэалізму. З рамантычных раманаў найбольш вядомыя “Лісабонскія таямніцы” (Misterios de Lisboa, 1854) і “Згубнае каханне” (Amor de perdição, 1862). Да рэалістычных твораў адносяць “Апавяданні пра правінцыю Мінью”, раманы “Эўсэбію Макарыю” (Eusébio Macário, 1879) і “Бразільянка з Празіньша” (A Brasileira de Prazins, 1882). За ўнёсак у партугальскую літаратуру кароль даў яму тытул віконта, а калі па стане здароўя Камілу ўжо не мог пісаць, парламент прызначыў яму пенсію. Аслепнуўшы, пісьменнік скончыў жыццё самагубствам.

  • 1915

    Нарадзіўся Ян Твардоўскі (польск. Jan Twardowski, памёр 18 студзеня 2006), польскі паэт і святар. Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, падчас вайны быў у падполлі, браў удзел у Варшаўскім паўстанні 1944 году. Найаўтарытэтнейшая постаць польскай культуры, лаўрэат шматлікіх узнагародаў. Вершы Твардоўскага перакладзеныя на многія мовы свету.

  • 1937

    Нарадзілася Колін Маккалаў (анг. Colleen McCullough), аўстралійская пісьменніца. У 1974 годзе быў надрукаваны яе дэбютны раман “Цім”, а праз тры гады — знакамітая кніга “Птушкі на цернях” (The Thorn Birds), якая была перакладзеная на 20 моваў і прынесла пісьменніцы сусветную славу. На беларускую мову раман пераклалі С. Дорскі і В. Рабкевіч.

  • 1938

    Памёр Эдэн фон Харват (ням. Ödön von Horváth, нар. 9 снежня 1901), аўстрыйскі пісьменнік. Дэбютаваў як драматург у 1920. Пасля факельнага шэсця нацыстаў, які засведчыў надыход “новага парадку”, Харват пераехаў з Берліна ў Вену. Яго кнігі былі сярод многіх іншых унесеныя ў спісы тых, што падлягалі знішчэнню, і спаленыя на плошчы ў Мюнхене (1933). Пасля аншлюсу Харват эміграваў у Парыж. Там пісьменнік, які ўсё жыццё баяўся маланкі, быў забіты галінай каштана, што ўпала падчас навальніцы на Елісейскіх палях. Па-майстэрску выкарыстоўваючы ў сваіх п'есах розныя сацыяльныя тыпажы, нацыянальныя мовы Габсбургскай імперыі, венскія гаворкі і жаргоны, Харват развіваў традыцыі народнай сацыяльна-крытычнай камедыі. Большасць яго п'ес сталі асновай кіна- і тэлефільмаў.

  • 1954

    Памёр Марцін Андэрсэн-Нэксё (дац. Martin Andersen Nexø, сапр. прозвішча Андэрсэн, нар. 26 чэрвеня 1869), дацкі пісьменнік-камуніст, адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Даніі. Першапачаткова ў творчасці Андэрсэна-Нэксё пераважаў песімізм часоў Fin de siècle, аднак пасля ўступлення пісьменніка ў Сацыял-дэмакратычную, а пасля Камуністычную партыю Даніі характар яго творчасці змяніўся. У 1906—1910 гадах Андэрсэн выдаў самую вядомую сваю працу — чатырохтомны раман “Пеле Заваёўнік” (Pelle Erobreren), які двойчы экранізавалі. Раман “Дытэ, дзіця чалавечае” (Ditte Menneskebarn, 1917—1921) прысвечаны самаахвярнасці жанчыны, а кніга “У жалезнае стагоддзе” (Midt i en Jærntid, 1929) высмейвае дацкіх фермераў часоў Першай сусветнай вайны. Пасля Другой сусветнай Андэрсэн-Нэксё перабраўся ў ГДР. Пачэсны грамадзянін Дрэздэна.

  • 1968

    Памерла Хелен Адамс Келер (анг. Helen Adams Keller, нар. 27 чэрвеня 1880), амерыканская пісьменніца, грамадскі дзеяч і выкладчык. Ва ўзросце 19 месяцаў Келер захварэла і ў выніку хваробы страціла зрок і слых. Натхнёная метадам навучання слепаглухой Лоры Брыджман, апісаным у “Амерыканскіх нататках” Чарлза Дыкенса, Келер захацела вучыцца. Яе настаўніцай зрабілася Эн Саліван, з якой будучая пісьменніца стасавалася наступныя 49 гадоў. Келер навучылася чытаць па-ангельску, па-французску, па-нямецку, па-грэцку і на лаціне метадам Брайля. Нягледзячы на тое, што Келер не магла пісаць самастойна, яна з’яўляецца аўтарам сямі кніг, самая вядомая сярод якіх — аўтабіяграфічная аповесць “Гісторыя майго жыцця” (Story of my life, 1903).

  • 2010

    Памёр Андрэй Вазнясенскі (руск. Андрей Вознесенский, нар. 12 траўня 1933), рускі паэт, празаік, мастак і архітэктар. Адзін з самых вядомых паэтаў-шасцідзясятнікаў. На беларускую мову вершы Вазнясенскага перакладаў Рыгор Барадулін; пераклады склалі кнігу “Высокае неба”.