Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Філіп Кіно (фр. Philippe Quinault, памёр 26 лістапада 1688), французскі паэт, драматург, лібрэтыст. Вальтэр у “Стагоддзі Людовіка XIV” (1751) ставіць Кіно ў адзін шэраг з Карнэлем, Расінам, Буало, Мальерам і Лафантэнам.
Памёр Мікалай Карамзін (руск. Николай Карамзин, нар. 12 снежня 1766), рускі гісторык і пісьменнік. Яго публікацыі “Лістоў рускага вандроўніка” (“Письма русского путешественника”, 1791—1792) і аповесці “Бедная Ліза” (“Бедная Лиза”, 1792, асобнае выданне 1796) распачалі ў Расіі эпоху сентыменталізму. Яго творчасць зрабіла моцны ўплыў на развіццё рускай літаратуры.
Памёр Франц Кафка (ням. Franz Kafka, нар. 3 ліпеня 1883), адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Першай мовай Франца Кафкі была нямецкая, але пры гэтым ён вельмі добра валодаў чэшскай. Пазней ён заняўся вывучэннем французскай і адным з самых любімых сваіх аўтараў лічыў Гюстава Флабэра. Цікавасць да мовы ідыш і культуры ўсходнееўрапейскіх габрэяў прачнулася ў яго ў дваццацігадовым узросце, а вывучаць іўрыт Кафка пачаў толькі ў канцы жыцця. Стаўленне да сваіх каранёў ён выказаў у дзённіку: “Што ў мяне агульнага з габрэямі? Я ледзь знаходжу нешта агульнае з самім сабой, а таму павінен ціхенька стаяць у куце і радавацца, што хаця б дыхаю”. Творы Ф. Кафкі на беларускую мову перакладаў Л. Баршчэўскі: у 1996 годзе ў яго перакладах выйшаў зборнік Кафкі "Прысуд: Апавяданні і мініяцюры", асобныя пераклады можна знайсці тут і тут.
Нарадзіўся Ален Гінзберг (анг. Irwin Allen Ginsberg, памёр 5 красавіка 1997), амерыканскі паэт, адзін з заснавальнікаў бітніцтва. Бацька літаратара Луіс Гінзберг паходзіў з Львова, быў настаўнікам і паэтам. Ці не самы знакаміты твор Гінзберга — паэма “Лямант” (Howl, 1956), якая сталася своеасаблівым маніфестам маладога пакалення, была перакладзеная на 28 моваў свету. Гінзберг таксама вёў актыўную грамадскую дзейнасць: пратэставаў супраць выпрабавання ядзернай зброі, супраць забруджвання наваколля, супраць мілітарызму і г.д. Быў выбраны ў Амерыканскую акадэмію мастацтваў і літаратуры, а таксама ўзнагароджаны французскім ордэнам Ганаровага легіёну.
Нарадзіўся Васіль Зуёнак, беларускі паэт. Працаваў у рэдакцыі газеты “Рабочае юнацтва” (Мінск), у 1960—1966 г. — у газеце “Піянер Беларусі”. Быў галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка” (1972—1978). У 1966—1972 г. — намеснік галоўнага рэдактара, у 1978—1982 г. — галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР (з 1966). У 1982—1989 г. — сакратар, у 1989—1990 г. — першы сакратар, з 1990 г. — старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук. Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай. Вершы В. Зуёнка перакладаліся на ангельскую, балгарскую, польскую, славацкую мовы.
Памёр Вікенцій Верасаеў (руск. Викентий Вересаев, сапр. Смідовіч; нар. 16 студзеня 1867), рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў “Без дарогі”, “Нататкі доктара”, “На павароце”, “Да жыцця”, “У тупіку”, “Сёстры” і нш. Перакладаў са старажытнагрэцкай “Гамэравы гімны”, Гесіёда, Сапфо і інш.
Памёр Франс Эміль Сіланпяя (фінск. Frans Eemil Sillanpää, нар. 16 верасня 1888), фінскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1939) “за глыбокае пранікненне ў жыццё фінскіх сялян і выдатнае апісанне іх звычаяў і сувязі з прыродай”.