№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 4 чэрвеня

  • 1798

    Памёр Джакома Казанова (іт. Giacomo Girolamo Casanova, нар. 2 красавіка 1725), вядомы італьянскі авантурыст, вандроўнік і пісьменнік. У 1789 годзе ён пачаў пісаць мемуары, апісваючы сваё жыццё, поўнае разнастайных прыгодаў, — “Гісторыя майго жыцця”, якія прынеслі яму сусветную славу. У 1822 — 1828 гг. быў выдадзены скарочаны пераклад яго мемуараў па-нямецку. У 1826 — 1838 гг. выйшла французскае выданне ў апрацоўцы Ж. Лафорга, у якім былі скарочаныя сэксуальныя прыгоды (у прыватнасці, выкінутыя ўсе гомасэксуальныя эпізоды), а таксама змененая палітычная афарбоўка мемуараў — з каталіка і перакананага праціўніка рэвалюцыі, якім ён быў насамрэч, Казанова ператварыўся ў палітычнага і рэлігійнага вальнадумца. Сапраўдны тэкст Казановы выдадзены толькі ў 1960-я гады. У 2010 годзе рукапіс дзённікаў быў прададзены з аўкцыёну за 7 мільёнаў еўра.

  • 1821

    Нарадзіўся Апалон Майкаў (руск. Аполлон Майков, памёр 29 сакавіка 1897), рускі паэт і перакладчык. Зрабіў паэтычны пераклад "Слова пра паход Ігаравы" на рускую мову (скончаны ў 1870). Таксама займаўся перакладамі народнай паэтычнага творчасці Беларусі, Грэцыі, Сербіі, Гішпаніі і іншых краін. Перакладаў творы Гайне, Міцкевіча, Гётэ. Таксама пераклаў IV—X раздзелы "Апакаліпсісу". (1868).

  • 1978

    Памёр Жоржы ды Сэна (парт. Jorge de Sena, нар. 2 лістапада 1919), партугальскі празаік, паэт, драматург, крытык, эсэіст, перакладчык. Адзін з найбуйнейшых партугальскіх інтэлектуалаў другой паловы XX стагоддзя. Узнагароджаны міжнароднай паэтычнай прэміяй Этна-Таарміна, а таксама двума нацыянальнымі ордэнамі (Ордэнам Генрыха Мараплаўца і Ордэнам святога Якава). На беларускую мову апавяданне Сэны “Чаму ў Дзеда Мароза белая барада” пераклала Наста Гвоздзева.

  • 1986

    Памерла Канстанцыя Буйло (нар. 14 студзеня 1893), беларуская паэтка. Дэбютавала вершамі ў 1909 г. (газета “Наша ніва”). Першую кнігу “Курганная кветка” (1914, Вільня, факсімільнае выданне ў 1989) адрэдагаваў Я. Купала. Аўтар зборнікаў вершаў “Світанне” (1950), “На адноўленай зямлі” (1961), “Май” (1965), “Роднаму краю” (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), “Выбранае” (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей “Юрачка” (1957), “У бляску зор” (1968), “Вясной” (1984). Многія вершы паэткі пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня “Люблю”.

  • 2013

    Памёр Юрась Бушлякоў(нарадзіўся 29 траўня 1973), мовазнаўца, журналіст, перакладчык.Скончыў філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру пры ім. Абараніў кандыдацкую дысертацыю (2003) “Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)”. Працаваў выкладчыкам на кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ (1999—2003), таксама выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі, Карлавым універсітэце ў Празе. Адначасова займаўся журналістыкай, працаваў у тэлекампаніі “ФІТ” (1994—1995), на мінскім радыё “101,2” (1995—1996), у штотыднёвіку “Наша Ніва” (1997), карэспандэнтам беларускай і ўкраінскай рэдакцый Польскага радыё (1997—1999), журналістам Радыё Рацыя (1999—2002), з 1996 году (праграма “Новае пакаленне выбірае”) з перапынкамі супрацоўнічаў з Радыё Свабода, у 2003—2004 гадах вёў там аўтарскую перадачу “Жывая мова” — нататкі з культуры беларускага маўлення. Кола навуковых інтарэсаў — феномен моўнага пурызму, пытанні нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, яе стылістыкі і культуры. Адзін з суаўтараў кнігі “Беларускі клясычны правапіс” (разам з В. Вячоркам, З. Санько, З. Саўкам; Вільня—Мінск, 2005). Перакладаў на беларускую мову творы Чэслава Мілаша, Эдгара Алана По, Вітальда Гамбровіча, Збігнева Герберта, Яраслава Сейферта.