Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся П'ер Карнэль (фр. Pierre Corneille, памёр 1 кастрычніка 1684), французскі драматург, “бацька французскай трагедыі”. Сябра Французскай акадэміі. Аўтар п'есаў “Сід” (Le Cid, 1636), “Ілгун” (Le Menteur, 1644), “Псіхея” (Psyché, 1671) і інш.
Нарадзіўся Аляксандр Пушкін (руск. Александр Пушкин, памёр 10 лютага 1837), рускі паэт, драматург і празаік. Лічыцца найвялікшым рускім паэтам, у філалогіі разглядаецца як стваральнік літаратурнай мовы. У перакладзе на беларускую мову выбраныя творы Пушкіна выходзілі ў 1949 і ў 1999 гг.
Нарадзілася Эліза Ажэшка (польск. Eliza Orzeszkowa, памерла 18 траўня 1910), польская пісьменніца, грамадская дзяячка. Ладную частку жыцця пражыла ў Гродне. Два разы намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Раннія раманы і аповесці Ажэшкі “Пан Граба” (Pan Graba, 1869), “Марта” (Marta, 1873) і іншыя напісаныя на тэму грамадскай эмансіпацыі і барацьбы жанчын за свае правы. Самым значным творам Ажэшкі лічыцца раман “Над Нёманам” (Nad Niemnem, 1887), у якім выяўленыя верныя нацыянальна-патрыятычным традыцыям эпохі Польскага паўстання 1863 году працаўнікі і шляхта, што паступова дэградуе. На беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Я. Брыль (апавяданні “Раманіха”, “А…Б…Ц…”, “Зімовым вечарам”, “Тадэвуш”), А. Бутэвіч (раман “Над Нёманам”; нарыс “Gloria victis” — “Дзеяслоў №4, 2008), Я. Бягомская (аповесць “Хам”), Г. Тычка (аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, нарыс “Людзі і кветкі над Нёманам”).
Нарадзіўся Томас Ман (ням. Paul Thomas Mann, памёр 12 жніўня 1955), нямецкі пісьменнік, эсэіст, майстар эпічнага рамана, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1929), брат Генрыха Мана, бацька Клаўса Мана і Эрыкі Ман. Пасля смерці бацькі, паводле яго тэстаменту, сямейная фірма і дом у Любэку былі прададзеныя, а Томас Ман атрымаў ката, у якога была нездаровая цяга да ботаў. Праз 5 месяцаў кот памёр ад з’едзенага бота. Вядомасць да Мана прыйшла пасля таго, як у 1901 г. пабачыў свет яго першы раман, у аснову якога была пакладзеная гісторыя яго ўласнага роду — "Будэнброкі" (Buddenbrooks — Verfall einer Familie), за які пісьменнік атрымлівае Нобелеўскую прэмію. На беларускую мову творы Т. Мана перакладаў В. Сёмуха — “Доктар Фаўстус: жыццё нямецкага кампазітара Адрыяна Леверкюна, пра якое расказаў яго сябар” (“Мастацкая літаратура”, 1989) і навелы “Вундэркінд”, “Дарога на могілкі”, “Марыё і штукар” (Томас Ман, Штэфан Цвэйг. Навелы; пер. з ням. В. Сёмухі, У. Чапегі; “Юнацтва”, 1996).
Нарадзіўся Мікалай Ушакоў (руск. Николай Ушаков, памёр 17 лістапада 1973), рускі паэт, празаік і перакладчык. Друкаваўся з 1923 году, нейкі час належаў да канструктывістаў. Перакладаў на рускую мову творы І. Франко, Л. Украінкі, М. Кацюбінскага, рэдагаваў рускамоўныя выданні Шаўчэнкі і Кацюбінскага. У 1973 г. — лаўрэат прэміі імя Т. Шаўчэнкі за зборнікі вершаў “Мои глаза”, “Я рифмы не боюсь глагольной” і шматгадовую плённую дзейнасць у галіне перакладу з украінскай літаратуры. Імем М. Ушакова названая літаратурная прэмія, якой уганароўваюцца ўкраінскія паэты, што пішуць на рускай мове.
Памёр Браніслаў Эпімах-Шыпіла (крыпт. Б.Э.-Ш.; нар. 16 верасня 1859), дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта. Быў памочнікам бібліятэкара (паводле сучаснага азначэння — намеснікам дырэктара) у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта, у гэты час грунтоўна працаваў у галіне бібліяграфіі. У 1889 Б. Эпімах-Шыпіла пачаў запісваць творы беларускіх аўтараў, у т.л. і невядомых. Гэты збор ён назваў “Biеłаrusskaja Chrestomatija”. Эпімах-Шыпіла быў адным з ініцыятараў стварэння першай і найбуйнейшай за апошнія некалькі стагоддзяў выдавецкай суполкі “Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” (1906—1914). Ён выдаткоўваў уласныя сродкі на забяспечанне функцыянавання выдавецтва, якое змяшчалася на яго кватэры ў Пецярбургу (Васільеўскі востраў, 4-я лінія, 45, кв. 16). У 1929 годзе перадаў у дар Беларускай акадэміі навук сваю асабістую бібліятэку, якую збіраў усё жыццё, — 5 тысяч тамоў, пераважна па беларусазнаўстве. Па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі”, 18 ліпеня 1930 году, пасля ператрусу, Б. Эпімах-Шыпіла быў арыштаваны і зняволены ў турме, дзе знаходзіўся два месяцы. Яму было загадана пакінуць Мінск. Па вяртанні ў Пецярбург ён апынуўся ў надзвычай цяжкім становішчы. Чатыры гады кватараваў у даўніх знаёмых, жыў у галечы. У гэты ж час (1931) з'яўляюцца апошнія запісы ў яго “Хрэстаматыю” — пераклады на польскую і нямецкую мовы верша Альберта Паўловіча “Сумная восень”.
Памёр Герхарт Гаўптман (ням. Gerhart Johann Robert Hauptmann, нар. 15 лістапада 1862), нямецкі драматург і раманіст. Аўтар драмаў “Перад узыходам сонца” (Vor Sonnenaufgang, 1889), “Свята міру” (Das Friedenfest, 1890), “Адзінокія” (Einsame Menschen, 1891), “Ткачы” (Die Weber, 1892) і інш. Пачаўшы з натуралізму, з праблемы спадчыннасці ў сваіх ранніх творах, Гаўптман перайшоў да псіхалогіі асобы ў барацьбе з асяроддзем. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1912) “на знак прызнання плённай, разнастайнай і выбітнай дзейнасці ў галіне драматычнага мастацтва”.
Нарадзіўся Аляксей Дудараў, беларускі драматург і кінадраматург, мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Пераклаў на беларускую мову хроніку У. Шэкспіра “Рычард III”.
Памёр Эдуардас Межэлайціс (літ. Eduardas Mieželaitis, нар. 3 кастрычніка 1919), літоўскі паэт, перакладчык, эсэіст. На агульным сходзе літоўскіх савецкіх пісьменнікаў яго рэзка крытыкавалі за “безыдэйнасць творчасці”. Пасля гэтага ён пераважна займаўся перакладамі А. Міцкевіча, А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, В. Маякоўскага, С. Маршака, Ш. Пецёфі і выдаў некалькі кніг дзіцячых вершаў: “Кім быць” (Kuo būti, 1947), “Што сказала яблынька” (Ką sakė obelėlė, 1951) і інш. Найбольшую вядомасць атрымаў дзякуючы зборніку “Чалавек” (1961), перакладзенаму на многія мовы (у перакладзе на беларускую мову выйшаў у 1984). Вершы Э. Межэлайціса на беларускую мову перакладаў М. Хведаровіч.