№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 7 чэрвеня

  • 1843

    Памёр Фрыдрых Гёльдэрлін (ням. Johann Christian Friedrich Hölderlin, нар. 20 сакавіка 1770), нямецкі паэт-рамантык. Творчасць і асоба Гёльдэрліна паўплывалі ў далейшым не толькі на пісьменнікаў (С. Цвайг, Г. Гайм), але і на філосафаў і тэолагаў (В. Дыльтэй, Ф. Ніцшэ, К. Ясперс, М. Хайдэгер, М. Бланшо). Яшчэ ва ўніверсітэце ён зацікавіўся антычнасцю і філасофіяй, вывучэнне якіх зблізіла яго з аднакурснікамі Г. Гегелем і Ф. Шэлінгам. Акрамя лірычных вершаў Гёльдэрлін таксама пакінуў пасля сябе раман “Гіперыён, або Пустэльнік у Грэцыі” (Hyperion oder Der Hermit in Griechenland, тт. 1—2, 1797—1799). Няскончанай засталася трагедыя “Смерць Эмпедокла” (Der Tod des Empedokles, 1797—1800). Сярод апошніх твораў Гёльдэрліна былі таксама пераклады “Антыгоны”, “Эдыпа-цара” і некалькіх гімнаў Піндара. З маладосці паэт пакутаваў на псіхічнае захворванне.

  • 1848

    Памёр Вісарыён Бялінскі (руск. Виссарион Белинский, нар. 11 чэрвеня 1811), рускі пісьменнік, літаратурны крытык, публіцыст, філосаф-заходнік. Супрацоўнічаў з часопісамі “Отечественные записки” (1839—1846) і “Современник” (з 1846).

  • 1917

    Нарадзілася Гвендалін Брукс (анг. Gwendolyn Brooks, памерла 3 снежня 2000), амерыканская паэтка. За сваю другую кнігу — паэму “Эні Ален” (Annie Allen, 1949) — Брукс атрымала Пулітцэраўскую прэмію. У 1962 прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі запрашае Брукс узяць удзел у фестывалі паэзіі, які праводзіўся Бібліятэкай Кангрэсу. З таго часу яны выкладала курс творчага пісьма.

  • 1952

    Нарадзіўся Архан Памук (турэцк. Orhan Pamuk), турэцкі пісьменнік, лаўрэат шэрагу турэцкіх літаратурных прэмій, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (2006) як аўтар, “які ў пошуках меланхалічнай душы роднага горада знайшоў новыя сімвалы для сутыкнення і перапляцення культур”. Яго творы перакладзеныя больш чым на сорак моваў. У сваіх творах Памук спрабуе спалучыць традыцыі еўрапейскай літаратуры і турэцкага прыгожага пісьменства. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка — канфлікт і процістаянне паміж Усходам і Захадам, ісламам і хрысціянствам, традыцыямі і сучаснасцю. Напрыклад, разыходжанні паміж заходніцтвам і ісламізмам у сучаснай Турцыі складаюць галоўную тэму кнігі “Снег” (Kar, 2002). Пісьменнік публічна выказваў свае меркаванні па “балючых пытаннях” (генацыд армян, дыскрымінацыя курдаў), за што турэцкі ўрад скардзіўся на яго ў суд. Але з працэдурных прычынаў абвінавачанні былі адхіленыя (студзень 2006).

  • 1953

    Нарадзіўся Ярамір Ногавіца (чэшск. Jaromír Nohavica, Jarek Nohavica), чэшскі паэт, кампазітар, аўтар і выканаўца песняў. Піша ўласныя тэксты і перакладае тэксты іншых бардаў — Акуджавы, Высоцкага, Коэна, Віяна і інш. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Бажэны Немцавай (2008), якой уганароўвае Акадэмія чэшскай літаратуры. Гэтай узнагародай Акадэмія адзначыла высокі паэтычны ўзровень ягоных альбомаў "Pražská pálená" і "Ikarus".

  • 1959

    Памёр Пятрас Вайчунас (літ. Petras Vaičiūnas, нар. 11 ліпеня 1890), літоўскі паэт, драматург і перакладчык. Перакладаў з нямецкай, польскай, рускай, французскай моваў драматычныя творы К. Гамсуна, Г. Гаўптмана, Г. Ібсэна, М. Метэрлінка, С. Пшыбышэўскага, Ю. Славацкага, О. Ўайлда, Ф. Шылера — усяго больш за 30 п'есаў. Яго ўласныя драмы перакладзеныя на ідыш, латышскую, польскую, рускую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы.

  • 1967

    Памерла Дораці Паркер (анг. Dorothy Parker, нар. 22 жніўня 1893), амерыканская паэтка і празаік, вядомая сваім вострым гумарам, дасціпнасцю і праніклівасцю. Тройчы была замужам (двойчы — за адным і тым жа чалавекам), рабіла некалькі спробаў самагубства, у выніку стала залежнай ад алкаголю.

  • 1970

    Памёр Эдвард Морган Форстэр (анг. Edward Morgan Forster, нар. 1 студзеня 1879), ангельскі пісьменнік. Аўтар раманаў “Куды баяцца ступіць анёлы” (Where Angels Fear to Tread, 1905), “Ховардс Энд” (Howards End, 1910), “Морыс” (Maurice, 1913—1914, згодна з воляй аўтара надрукаваны ў 1971) і іншых. Менавіта Форстэр пазнаёміў еўрапейскіх чытачоў з паэзіяй Канстацінаса Кавафіса, пераклаўшы яго вершы на ангельскую мову.

  • 1976

    Памёр Міхась Машара (псеўд. С. Антонаў; М. Каліна, Міх. Каліна, Міхась Каліна, М. Машарак, крыпт. М.М.; нар. 18 лістапада 1902), беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Аўтар некалькіх зборнікаў лірыкі, дэбютаваў у друку ў 1927. Вершы, напісаныя падчас зняволення ў Лукішках, З. Верас таемна вынесла і ў 1928 выдала асобным зборнікам “Малюнкі”, які стаў першай кнігай паэта. У 1960—1970-я выступаў пераважна як празаік. Аўтар раманаў “Крэсы змагаюцца” (1966), “Сонца за кратамі” (1968) і “Лукішкі” (1970), якія склалі трылогію, кнігі ўспамінаў “Старонкі летапісу” (1975) і інш. Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля (1950), апавяданні Г. Сянкевіча (1955), “Уральскія сказы” П. Бажова (1956) і інш.

  • 1980

    Памёр Генры Мілер (анг. Henry Miller, нар. 26 снежня 1891), амерыканскі пісьменнік і мастак. Уласнае жыццё пісьменніка пакладзена ў аснову ягоных скандальных для таго часу інтэлектуальна-эратычных раманаў пра час пасля Першай сусветнай і пра лёс пісьменніка ў гэтым свеце. Самымі знакамітымі працамі Мілера з'яўляюцца раманы “Тропік Рака” (Tropic of Cancer, 1934), “Тропік Казярога” (Tropic of Capricorn, 1939) і “Чорная вясна” (Black Spring, 1936), якія склалі своеасаблівую аўтабіяграфічную трылогію. Джун Эдыт Сміт, другая жонка Мілера, займела багатага прыхільніка, які згадзіўся фінансаваць кнігі Мілера, якія Джун выдавала за свае ўласныя грошы.