Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Уладзіслаў Вярыга (памёр 27 жніўня 1916), беларускі філосаф, этнограф і фалькларыст. Вучыўся ва ўніверсітэтах Варшавы, Берліна, Прагі і Берна. Займаўся збіральніцтвам беларускага фальклору. Друкаваўся ў часопісе “Вісла”. У 1889 у часопісе “Збор звестак па айчыннай антрапалогіі” апублікаваў працу “Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павета Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе”, у якой змясціў 45 беларускіх народных песняў. Выдаў кнігу “Беларускія паданні” (Львоў, 1889), дзе змясціў 32 беларускія казкі з Лідскага павета.
Памёр Чарлз Дыкенс (анг. Charles John Huffam Dickens, нар. 7 лютага 1812), найпапулярнейшы брытанскі пісьменнік віктарыянскай эпохі. Сам Дыкенс сцвярджаў, што ў ім памірае вялікі актор, і неаднаразова даводзіў гэта людзям навокал, выкідваючы самыя нечаканыя каленцы. Так, пэўны час ён разыгрываў сяброў, сцвярджаючы, што кахае каралеву Вікторыю і страшна пакутуе ад немагчымасці як-небудзь прыцягнуць яе ўвагу. У больш сталым узросце пісьменнік расказваў, што калі ён піша раман, яму страшна назаляюць героі твора, а таму даводзіцца выходзіць на вуліцу, у натоўп, каб ад іх пазбавіцца. Самыя першыя творы Дыкенса, што выйшлі па-беларуску, перакладаліся з рускага перакладу — гэта былі раманы “Домбі і сын” (1937) і “Вялікія спадзяванні” (1940). У 2010 годзе выйшаў досыць няўдалы пераклад рамана “Олівер Твіст”, зроблены Я. Бяласіным. У часопісе “ПрайдзіСвет” былі надрукаваныя пераклады “Гісторыі пра гоблінаў, якія скралі далакопа” (А. Ф. Брыль), а таксама ўрывак з аповесці “Калядны харал у прозе: святочная гісторыя пра прывідаў” (Г. Янкута).
Нарадзіўся Курцыё Малапартэ (іт. Curzio Malaparte, сапр. Kurt Erich Suckert; памёр 19 ліпеня 1957), італьянскі пісьменнік, журналіст, кінарэжысёр. Заснаваў літаратурны штоквартальнік “Дзевяцісотыя гады”, дзе друкаваліся Пікаса, Джэймс Джойс, Філіп Супо і інш.
Нарадзілася Кейт Вільгельм (анг. Kate Gertrude Wilhelm), амерыканская пісьменніца, якая працуе ў жанры навуковай фантастыкі, містыкі і фэнтэзі. Напісала і выдала больш за трыццаць кніг, яе творы перакладзеныя больш чым на 15 моваў. Лаўрэат прэмій “Нэб’юла” (1968, 1986, 1987), “Х’юга” (1977, 2006), The Locus Poll (1977, 2006), Solstice (2008).
Нарадзіўся Лін Картэр (анг. Linwood Vrooman Carter, памёр 7 лютага 1988), амерыканскі пісьменнік-фантаст, літаратуразнаўца і рэдактар кніжнай серыі “Ballantine Adult Fantasy Series” (скарочана “Adult Fantasy”). Вядомыя псеўданімы Картэра: Г. П. Лоўкрафт (анг. H. P. Lowcraft) — як пародыя на Г. Лаўкрафта — і Грэйл Ундвін (анг. Grail Undwin). Тэарэтык навукова-фантастычнага жанру. Ягоная манаграфія “Уяўныя сусветы” (Imaginary Worlds, 1973) была прызнаная настольнай кнігай прыхільнікаў навуковай фантастыкі. Самыя плённыя і творча ўдалыя гады Картэра як раманіста звязаныя са стварэннем эпасу пра Затопленую Лемурыю, якая папярэднічала Атлантыдзе (“Чараўнік з Лемурыі” (The Wizard of Lemuria, 1965), “Тонгар з Лемурыі” (Thongor of Lemuria, 1966), “Тонгар супраць багоў” (Thongor Against the Gods, 1967) і інш.). Лаўрэат прэміі “Nova” (1972).
Нарадзіўся Джо Холдэман (анг. Joe Haldeman), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вядзе семестравыя творчыя курсы ў Масачусэтскім універсітэце. У сваёй творчасці падкрэслівае абсурднасць і бесчалавечнасць вайны. Поспех пісьменніку прынесла яго ранняя антываенная аповесць “Герой” (1972), пазней пераробленая ў яго самы вядомы раман “Бясконцая вайна” (The Forever War, 1975), за які ён атрымаў некалькі літаратурных прэмій. Лаўрэат прэмій “Х’юга” (1976, 1977, 1991, 1995, 1998), “Нэб’юла” (1975, 1990, 1993, 1998, 2004), “The Locus Poll” (1976, 1977, 1995, 1997), на апошнюю прэмію яго творы былі намінаваныя 41 раз.
Памёр Уга Бэці (іт. Ugo Betti, нар. 4 лютага 1892), італьянскі драматург, на думку крытыкі, найбуйнейшая фігура італьянскай сцэны пасля Пірандэла. Драмы Бэці, часцей за ўсё звязаныя з тэмай злачынства, віны і суда, перакладзеныя на шэраг моваў, ставіліся ў многіх краінах свету, экранізуюцца да сённяшняга дня (фільмы па ягоных п'есах ставілі Раберта Раселіні, Геза фон Радвані і інш.). Часам пісьменніка называюць італьянскім Кафкам.
Нарадзіўся Алесь Камоцкі, беларускі паэт і бард. Аўтар кніг “Спроба ісці па расе” (1997), “Глыбіня дажджу” і інш. Перакладаў папулярныя песні савецкіх часоў на беларускую мову (альбом “З бацькоўскай кружэлкі”, 2008).
Памёр Мігель Анхель Астурыяс (гішп. Miguel Ángel Asturias Rosales, нар. 19 кастрычніка 1899), гватэмальскі пісьменнік і дыпламат, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1967) і Міжнароднай Ленінскай прэміі “За ўмацаванне міру паміж народамі” (1966). Вучыўся ў Еўропе, дзе напісаў “Легенды Гватэмалы” (Leyendos de Guatemala, 1930) — паэтычную інтэрпрэтацыю міфалогіі мая. Адным з яго найлепшых твораў лічыцца раман “Маісавыя людзі” (Hombres de Maiz, 1946), у якім ён малюе чароўны свет індзейцаў мая і супрацьпастаўляе іх каштоўнасці прышлай лацінскай культуры.
Памёр Эрнст Яндль (ням. Ernst Jandl, нар. 1 жніўня 1925), аўстрыйскі паэт і празаік. Атрымаў вядомасць дзякуючы гумарыстычнаму падыходу да мовы эксперыментальнай паэзіі і некалькім неалагізмам, якія ўвайшлі ў гутарковую мову. Літаратурныя публікацыі з'яўляюцца з 1952 году, за якія пісьменнік атрымаў мноства прэмій, у тым ліку і літаратурную прэмію Георга Бюхнера (1984).
Памёр Анатоль Перэпадзя (укр. Анатоль Перепадя, нар. 23 жніўня 1935), украінскі перакладчык з раманскіх моваў. Лаўрэат многіх перакладчыцкіх прэміяў. Акрамя гэтага, двойчы — прэміі “Сковорода”, якую амбасада Францыі прысуджае за найлепшы пераклад, здзейснены ў межах аднайменнай праграмы, а таксама “Ars Translationis” — за пераклад з партугальскай рамана Ж. Амаду “Вялікая пастка”. Кавалер французскага Ордэна мастацтва і літаратуры Залатых пальмаў. Лаўрэат французска-ўкраінскай прэміі імя М. Зэрава. У перакладах А. Перэпадзі на ўкраінскую выйшлі творы Бальзака, Марыяка, Сент-Экзюперы, Камю, Маравіі, Мак’явэлі, Петраркі, Пруста, Мантэня і інш.
Памёр Альгіс Будрыс (анг. Algis Budrys, сапр. літ. Algirdas Jonas Budrys; нар. 9 снежня 1931), амерыканскі фантаст, літаратурны крытык і рэдактар літоўскага паходжання. Выкладаў пісьменніцкае майстэрства фантастам-пачаткоўцам і быў прызнаны адным з найлепшых у гэтай галіне. Лаўрэат прэміі “Pilgrim” за літаратурна-крытычную дзейнасць (2007).