№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 14 чэрвеня

  • 1811

    Нарадзілася Гарыет Бічэр-Стоў (анг. Harriet Elizabeth Beecher Stowe, памерла 1 ліпеня 1896), амерыканская пісьменніца, аўтар знакамітага рамана “Хаціна дзядзькі Тома” (Uncle Tom's Cabin, 1852). Раман гэты зрабіў значны ўплыў на стаўленне сусветнай грамадскасці да афраамерыканцаў і рабства. У першы ж год ён разышоўся ў Амерыцы накладам 350 тысяч, а агулам — 600 тысяч асобнікаў, вытрымаў 35 выданняў у Англіі і быў перакладзены на 20 замежных моваў. У адказ на абвінавачанні ў неадпаведным рэчаіснасці паказе фактаў Бічэр-Стоў выпусціла ў свет “Ключ” (Key to uncle Tom's Cabin), у якім даказала, што сюжэт рамана ўзяты ёю проста з жыцця, часта нават да драбнюткіх падрабязнасцяў.

  • 1837

    Памёр Джакома Леапардзі (іт. Giacomo Leopardi, нар. 29 чэрвеня 1798), італьянскі паэт-рамантык. Першыя дваццаць пяць гадоў жыцця пражыў у маёнтку бацькі, дакладней, у яго бібліятэцы, дзе самастойна вывучыў грэцкую, лаціну, іўрыт, ангельскую і французскую мовы, займаючыся перакладчыцкай і каментатарскай працай. Вельмі хваравіты ад прыроды, нешчаслівы ў каханні, ужо да дваццаці гадоў ён разбурыў здароўе пастаяннай цяжкай працай. Паэтычная спадчына Леапардзі налічвае ўсяго некалькі дзясяткаў вершаў, упершыню апублікаваных у 1831 годзе пад агульнай назвай “Песні” (Canti). У ліку празаічных працаў Леапардзі — “Маральныя нарысы” (Operette morali), філасофскія эсэ, напісаныя ў асноўным каля 1824 і апублікаваныя ў 1827; “Думкі” (Pensieri), апублікаваныя пасмяротна ў 1845, а таксама “Дзённік разважанняў” (Zibaldone).

  • 1883

    Памёр Эдвард Фіцджэралд (анг. Edward FitzGerald, нар. 31 сакавіка 1809), ангельскі пісьменнік і перакладчык, вядомы больш за ўсё дзякуючы свайму перакладу “Рубаята” Амара Хаяма. Фіцджэралд быў вельмі дасціпным чалавекам, хаця і надзвычай сціплым, і сваёй індывідуальнасцю моцна паўплываў на тагачасную ангельскую белетрыстыку. Вядомая наступная показка пра Фіцджэралда. З гадамі пісьменнік расчараваўся ў хрысціянстве і перастаў хадзіць у царкву. З гэтай нагоды мясцовы пастар наведаў яго, і Фіцджэралд праінфармаваў святара, што рашэнне адысці ад царквы для яго — вынік доўгіх і цяжкіх развагаў. Калі пастар пачаў пратэставаць і настойваць на сваім меркаванні, пісьменнік паказаў на дзверы са словамі: “Сэр, вы мусіце разумець, што чалавек у маім узросце шмат думае пра такія рэчы. Думаю, што я разважаў пра гэта не менш за Вас. А таму няма ніякай неабходнасці ў яшчэ адным візіце”.

  • 1927

    Памёр Джэром Клапка Джэром (анг. Jerome Klapka Jerome, 2 траўня 1859), ангельскі пісьменнік і гумарыст, больш за ўсё знакаміты дзякуючы гумарыстычнай кнізе-падарожжу “Трое ў лодцы” (Three Men in a Boat, 1889), напісанай адразу пасля вяртання з мядовага месяца, праведзенага на Тэмзе. Таксама вядомы яго зборнік эсэ “Марныя думкі гультая” (Idle Thoughts of an Idle Fellow, 1886), мемуары “Маё жыццё і эпоха” (My Life and Times, 1926), раман “Трое на чатырох колах” (Three Men on the Bummel, 1898) — працяг знакамітага твора, поспех якога пісьменнік не змог паўтарыць. Ва ўзросце 56 гадоў паспрабаваў пайсці добраахвотнікам на фронт, але ў брытанскім войску яму адмовілі, і ён паступіў кіроўцам хуткай дапамогі ў французскую армію. Рэдактар гумарыстычнага часопіса для мужчын “Гультай” (Idler).

  • 1933

    Нарадзіўся Ежы Касіньскі (польск. Jerzy Kosiński, памёр 3 траўня 1991), амерыканскі пісьменнік польскага паходжання, двойчы прэзідэнт амерыканскага ПЭН-клуба. Нарадзіўся ў Лодзі, у 1957 г. эміграваў у ЗША, дзе выйшла большасць яго твораў. Найбольш вядомы дзякуючы раманам “Размаляваная птушка” (The Painted Bird, 1965), “Быць там” (Being There, 1971), паводле якога быў зняты аднайменны фільм — лаўрэат “Оскара”. У 1980-я гады пісьменніка абвінавацілі ў плагіяце і падтасоўцы фактаў біяграфіі, якія леглі ў аснову яго галоўных твораў. Скончыў жыццё самагубствам.

  • 1936

    Памёр Гілберт Кіт Чэстэртан (анг. Gilbert Keith Chesterton, нар. 29 траўня 1874), ангельскі пісьменнік і журналіст. У юнацтве цікавіўся акультызмам, потым стаў каталіком. Маючы рост 193 см і вагу 130 кг, часта жартаваў пра гэта. Падчас Першай сусветнай вайны на пытанне “Чаму Вы не на фронце?” адказаў: “Калі вы абыдзеце вакол мяне, то ўбачыце, што я там”. На заўвагу, зробленую Чэстэртанам у размове з Бернардам Шоў: “Калі хто-небудзь паглядзіць на цябе, то падумае, што ў Англіі быў голад”, — Шоў адказаў: “А калі паглядзяць на цябе, то падумаюць, што гэта праз цябе”. П. Г. Вудхаўз у “Свеце містэра Мулінэра” пра вялікі шум напісаў: “Нібыта Чэстэртан упаў на ліст бляхі”. Чэстэртан часта забываў, куды ён мусіў ісці, здаралася, прапускаў цягнікі. Некалькі разоў ён дасылаў тэлеграмы сваёй жонцы Фрэнсіс Блог не з таго месца, дзе ён мусіў быць, прыкладна такога зместу: “Я на Маркет Харбар. Дзе я павінен быць?” На што яна яму адказвала “Дома”. Усяго Чэстэртан напісаў каля 80 кніг. Яго пяру належаць некалькі сотняў вершаў, 200 апавяданняў, 4000 эсэ, шэраг п'есаў, раманы “Чалавек, які быў чацвяргом”, “Шар і Крыж”, “Пералётныя карчма” і іншыя. Шырока вядомы дзякуючы цыклам дэтэктыўных навелаў з галоўнымі персанажамі патэрам Браўнам і Хорнам Фішэрам, а таксама рэлігійна-філасофскім трактатам, прысвечаным апалогіі хрысціянства.

  • 1939

    Памёр Уладзіслаў Хадасевіч (руск. Владислав Ходасевич, нар. 28 траўня 1886), рускі паэт і крытык. Часцей за ўсё ў дачыненні да яго ўжывалі эпітэт “зласлівы”. Горкі ў прыватных размовах і лістах казаў, што менавіта злосць — аснова яго паэтычнага дару. “Я лічуся злосным крытыкам, — казаў Хадасевіч. — А вось нядаўна зрабіў я “падлік сумлення”, як перад споведдзю... Так, многіх лаяў. Але з тых, каго лаяў, ні з аднаго нічога не атрымалася”. Хадасевіч любіў містыфікацыі, захапляючыся нейкім “літаратарам, які не піша”, майстрам на такія справы. Сам ён выкарыстоўваў містыфікацыю як літаратурны прыём, праз некаторы час выкрываючы яе. Так, ён напісаў некалькі вершаў ад чужога імені і нават выдумаў забытага паэта XVIII стагоддзя Васіля Траўнікава, напісаўшы за яго ўсе яго вершы, акрамя аднаго, які належыць сябру Хадасевіча Муні (Самуілу Кісіну). Паэт чытаў пра Траўнікава на літаратурным вечары і надрукаваў пра яго даследаванне (1936). Слухаючы вершы, якія чытаў Хадасевіч, адукаванае грамадства адчувала збянтэжанасць і здзіўленне, бо Хадасевіч адкрыў бясцэнны архіў найбуйнейшага паэта XVIII стагоддзя. Разам з жонкай Нінай Берберавай эміграваў з СССР у 1922 годзе. Жыў спачатку ў Берліне, потым пераехаў у Парыж. Памёр у Парыжы, пахаваны на могілках Булонь-Б’янкур.

  • 1968

    Памёр Сальваторэ Квазімада (іт. Salvatore Quasimodo, нар. 20 жніўня 1901), італьянскі паэт і перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1959 году “за лірычную паэзію, якая з класічнай жывасцю адлюстроўвае трагічны досвед нашага часу”. Перакладаў на італьянскую Шэкспіра і антычных аўтараў, у тым ліку Гамэра, Эсхіла, Сафокла, Вергілія і Катула, а таксама сучасных яму еўрапейскіх і амерыканскіх паэтаў, напрыклад, Пабла Неруду.

  • 1986

    Памёр Хорхе Луіс Борхес (гішп. Jorge Luis Borges, нар. 24 жніўня 1899), аргентынскі пісьменнік. Сам Борхес успамінаў, што пачаў пісаць у 6 ці 7 гадоў, а ў дзесяць пераклаў казку Оскара Ўайлда “Шчаслівы прынц” (“З самага майго дзяцінства, калі бацьку напаткала слепата, у нас у сям'і моўчкі мелася на ўвазе, што мне належыць ажыццявіць у літаратуры тое, чаго абставіны не далі здзейсніць майму бацьку”). У 1920-я гады стаў адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі. У 1937—1946 гадах Борхес працаваў бібліятэкарам, пасля ён называў гэты час “дзевяць глыбока нешчаслівых гадоў”, хоць менавіта ў той перыяд з'явіліся першыя яго шэдэўры. Пасля прыходу да ўлады Перона ў 1946 Борхес быў звольнены з бібліятэчнай пасады, якую яму вярнулі ў 1955 годзе, прычым вельмі ганаровую — дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аргентыны, аднак да таго часу Борхес быў ужо сляпы.

  • 1999

    Памёр Эрнст ван Алтэна (нід. Ernst van Altena, нар. 11 снежня 1933), нідэрландскі паэт, празаік і перакладчык, знакаміты перадусім як аўтар тэкстаў для многіх песняў Жака Брэля (у тым ліку песні “Раўнінны край” (Mijn vlakke land), перакладзенай на беларускую мову Ганнай Янкута). Перакладаў таксама песні Жака Брэля з французскай на нідэрландскую. Напісаў два раманы: “Адзін паміж двума” (Eén tussen twee, 1973) і “Звычайны нягоднік” (Een gewone schoft, 1974).