№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 19 чэрвеня

  • 1855

    Памёр Канстанцін Бацюшкаў (руск. Константин Батюшков, нар. 29 траўня 1787), рускі паэт. У сем гадоў страціў маці, што пакутавала на душэўную хваробу, якая таксама была ў Бацюшкава і яго сястры Аляксандры. Вывучаў рускую і французскую літаратуру, пазней, пад уплывам свайго дзядзькі, пісьменніка Міхаіла Мураўёва, заняўся класікамі, стаў прыхільнікам Тыбула і Гарацыя. Абвастрэнне душэўнай хваробы, што пачалося ў 1822 годзе, прывяло да таго, што ў апошнія 34 гады яго жыцця да Бацюшкава амаль ніколі не вярталася яснасць розуму. Памёр ад тыфу ў Волагдзе. Бацюшкаў лічыцца непасрэдным папярэднікам Пушкіна і адным з пачынальнікаў новай рускай паэзіі.

  • 1874

    Памёр Жуль Жанэн (фр. Jules Gabriel Janin, нар. 16 лютага 1804), французскі пісьменнік, крытык, журналіст, сябра Французскай акадэміі. Вядомасць яму прынеслі шматлікія тэатральныя фельетоны, якія ён друкаваў у Journal des Débats. Пры гэтым у яго не было ясна сфармуляванай эстэтычнай тэорыі, ён пісаў пад уплывам настрою. Апублікаваў шмат літаратурных твораў, найлепшым з якіх лічыцца “Канец аднаго свету і пляменніка Рамо” (La fin d’un monde et un Neveu de Rameau, 1861), напісаны па матывах аповесці Д. Дзідро, дзе таленавіта паказваецца жыццё французскага грамадства XVIII стагоддзя. У рускім перакладзе найбольш вядомы раман Жанэна “Мёртвы асёл і гільятынаваная жанчына” (L'âne mort et la Femme guillotinée, 1829), які паўплываў на творчасць Пушкіна, Гогаля і іншых сучаснікаў.

  • 1912

    Нарадзіўся Пятро Бітэль (памёр 18 кастрычніка 1991), беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік. Аўтар паэмаў "Замкі і людзі" (1968), "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага" (1984). Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай" (1989), паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш.

  • 1924

    Нарадзіўся Васіль Быкаў (памёр 22 чэрвеня 2003), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. За савецкім часам лічыўся майстрам ваеннай прозы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964) за аповесць "Трэцяя ракета". У 1974 узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесць "Дажыць да світання" (1973), у 1980 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць "Знак бяды". Паводле твораў В. Быкава знятыя шматлікія фільмы, пастаўленыя спектаклі, напісаныя балет "Альпійская балада" Я. Глебава і опера “Сцежкаю жыцця " Г. Вагнера (1980, паводле "Воўчай зграі"). У гады перабудовы Быкаў выступаў таксама як грамадскі дзеяч, публіцыст. Канфлікты з уладай і стан здароўя сталі прычынай ягонага выезду за мяжу ў другой палове 1990-х.

  • 1937

    Памёр Джэймс Мэцью Бары (анг. James Matthew Barrie, 9 траўня 1860), шатландскі драматург і раманіст, аўтар вядомай дзіцячай казкі “Пітэр Пэн” (Peter Pan, п’еса пастаўленая ў 1904). У 1911 Бары перапрацаваў п’есу ў аповесць “Пітэр і Вэндзі” (Peter and Wendy).

  • 1941

    Нарадзіўся Іван Ласкоў (памёр 29 чэрвеня 1994), беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык і гісторык, аўтар “фінскай” канцэпцыі паходжання беларусаў. Пісаў па-беларуску і па-руску.

  • 1947

    Нарадзіўся Салман Рушдзі (анг. Ahmed Salman Rushdi), брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання, лаўрэат Букераўскай прэміі (1981). Скандальную славу атрымаў праз раман “Сатанінскія вершы” (The Satanic Verses, 1988), які выклікаў шалёны пратэст мусульман і за які пісьменнік быў прыгавораны да забойства рэлігійным прадпісаннем іранскага аяталы Хамэйні. Праз гэта пісьменнік мусіў хавацца і пазбягаў публічнасці доўгі час, аж да смерці аяталы. Найлепшым творам Рушдзі лічыцца яго другі па ліку раман “Дзеці поўначы” (Midnight's Children, 1981), які спачатку атрымаў Букера, а пасля быў абраны Букерам Букераў, г.зн. у 1993 быў прызнаны найлепшым раманам за 25 гадоў а ў 2008 — найлепшым за 40 гадоў існавання прэміі.

  • 1949

    Памёр Уладзімір Назор (харв. Vladimir Nazor, нар. 30 траўня 1876), харвацкі паэт і перакладчык, адзін з асноўных прадстаўнікоў харвацкага мадэрнізму, а таксама першы кіраўнік харвацкага парламента. Перакладаў творы шэрагу класічных аўтараў: Дантэ, Гётэ, Гайнэ, Гюго, Шэкспіра, Мюсэ.

  • 1993

    Памёр Ўільям Голдынг (анг. William Gerald Golding, нар. 19 верасня 1911), ангельскі пісьменнік, драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1983). Першы ж выдадзены раман “Уладар мух” (Lord of the Flies, 1954) прынёс яму сусветную вядомасць і стаў самым знакамітым з яго твораў. Букераўскай прэміяй быў адзначаны раман “Рытуалы плавання” (Rites of Passage, 1980), першы з марской трылогіі “На край свету” (To the Ends of the Earth). Характэрнай рысай твораў Голдынга з’яўляецца стварэнне для герояў сітуацыі штучнай ізаляцыі (дзеянні адбываюцца на выспе, шпілі, караблі), якая ставіць іх перад праблемай індывідуальнага выбару ў экстрэмальных умовах. На беларускую мову была навэлу Голдынга “Бог Скарпіён” пераклала Вольга Калацкая.