Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Жуль дэ Ганкур (фр. Jules de Goncourt, нар. 17 снежня 1830), французскі пісьменнік, малодшы брат Эдмона дэ Ганкура. Браты былі неразлучныя з дзяцінства і ў сталым узросце ўтварылі літаратурны дуэт. Разам імі былі напісаныя раманы “Сястра Філамэна” (Soeur Philomène, 1861), “Рэнэ Мапрэн” (Renée Mauperin, 1864), “Жэрміні Ласэрто” (Germinie Lacerteux, 1864), “Манэт Саламон” (Manette Salomon, 1867), “Мадам Жэрвезэ” (Madame Gervaisais, 1869), сюжэты і героі якіх былі ўзятыя з жыцця знаёмых і сваякоў. Браты таксама цікавіліся жывапісам і гісторыяй, у выніку чаго былі выдадзеныя працы “Мастацтва XVIII стагоддзя” (L’Art du dix-huitième siècle, 1859—1875), “Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі” (Histoire de la Société francaise pendant la Révolution, 1854) і інш. Пасля смерці Жуля, Эдмон працягнуў пісаць раманы самастойна, але ўжо з меншым поспехам.
Нарадзіўся Роберт Раждзественскі (руск. Роберт Рождественский, сапр. Пяткевіч; памёр 19 жніўня 1994), рускі паэт, перакладчык, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР (1979). Прадстаўнік “маладой паэзіі” 1950—1960-х, які сваім энергічным, пафасным пісьмом на актуальныя тэмы выступіў паслядоўнікам У. Маякоўскага. Напісаў тэксты мноства папулярных песняў, супрацоўнічаў практычна з усімі эстраднымі кампазітарамі.
Нарадзіўся Юрый Візбар (руск. Юрий Визбор, памёр 17 верасня 1984), рускі паэт, журналіст, сцэнарыст, кінаактор. Адзін з заснавальнікаў жанру аўтарскай песні і песні-рэпартажу, напісаў больш за 300 пессняў. Сур’ёзна захапляўся падарожжамі і альпінізмам, удзельнічаў у экспедыцыях на Каўказ, Памір, Цянь-Шань. Песні Візбара былі вельмі папулярныя сярод турыстаў, і не ўсе ведалі пра аўтарства, лічачы іх сапраўды народнымі.
Нарадзіўся Пол Малдун (анг. Paul Muldoon), ірландскі англамоўны паэт. Выдаў больш за трыццаць зборнікаў паэзіі, уганараваны прэміяй Т. С. Эліята (1994), Пулітцэраўскай (2003), Шэкспіраўскай (2004) і інш. З 2007 г. з’яўляецца рэдактарам паэтычнага раздзела часопіса The New Yorker і старшынём Брытанскага паэтычнага таварыства. Акрамя паэзіі займаўся рэдагаваннем шэрагу анталогій, напісаў дзве дзіцячыя кнігі, перакладаў творы іншых аўтараў і публікаваў крытычныя працы.
Памёр Пётра Сыч (нар. 18 студзеня 1912), беларускі пісьменнік, мемуарыст, журналіст. Пасля Другой сусветнай вайны жыў у Вялікабрытаніі, з 1951 — у Германіі, дзе і памёр. Быў адным з першых супрацоўнікаў Радыё Свабода (тады Радыё “Вызваленне”). Найбольш значны яго твор “Смерць і салаўі” прысвечаны адной з вызначальных стратэгічных аперацыяў Другой сусветнай вайны — бітве пад Монтэ-Касіна ў студзені-траўні 1944 году.