№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 чэрвеня

  • 1839

    Нарадзіўся Машаду ды Асіс (парт. Joaquim Maria Machado de Assis, памёр 29 верасня 1908), адзін з найбольш уплывовых бразільскіх класікаў, празаік, паэт, драматург, перакладчык. Вырас у беднай сям’і, практычна не меў магчымасці хадзіць у школу. Найбольш вядомыя яго раманы “Пасмяротныя мемуары Браза Кубаша” (Memórias Póstumas de Brás Cubas, 1881) і “Дон Кажмуру” (Dom Casmurro, 1899). Аўтар 9 раманаў і п’есаў, 200 апавяданняў, 5 вершаваных зборнікаў, распачаў рэалізм у бразільскай літаратуры. У 1896 стаў адным з заснавальнікаў Бразільскай літаратурнай акадэміі, прэзідэнтам якой заставаўся да сваёй смерці.

  • 1905

    Нарадзіўся Жан-Поль Сартр (фр. Jean-Paul Sartre, памёр 15 красавіка 1980), французскі філосаф-экзістэнцыяліст, пісьменнік. Літаратурную дзейнасць пачаў з рамана “Млосць” (La Nausée, 1938). У 1964 годзе Сартру была прысуджаная Нобелеўская прэмія па літаратуры “за багатую ідэямі, прасякнутую духам свабоды і пошукамі ісціны творчасць, якая зрабіла велізарны ўплыў на наш час”. Ён адмовіўся прыняць гэтую ўзнагароду, заявіўшы пра нежаданне быць чым-небудзь абавязаным якому-небудзь сацыяльнаму інстытуту і паставіць пад сумнеў сваю незалежнасць. На беларускую мову апавяданні і п’есы Сартра перакладаў Зміцер Колас.

  • 1910

    Нарадзіўся Аляксандр Твардоўскі (руск. Александр Твардовский, памёр 18 снежня 1971), рускі савецкі паэт, лаўрэат трох Сталінскіх прэмій, Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Найбольш вядомы як аўтар паэмы “Васіль Цёркін” (“Василий Тёркин”, 1941—1945), якая зрабіла яго культавым паэтам ваеннага пакалення. У 1960-х працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Новый мир”, які аб’яднаў антысталінскія сілы ў літаратуры, стаў органам легальнай апазіцыі савецкім уладам.

  • 1935

    Нарадзілася Франсуаза Саган (фр. Françoise Sagan, сапр. Куарэ; памерла 24 верасня 2004), французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбонскім універсітэце, але не скончыла яго. Першы раман “Вітаю, смутак” (Bonjour Tristesse, 1954), які яна напісала ў 18 гадоў, адразу зрабіў Ф. Саган вядомай, быў перакладзены на 22 мовы і выдадзены агульным накладам больш за 5 млн асобнікаў. Саган — аўтарка больш чым 50 кніг (раманы, п'есы, аповесці), значная колькасць якіх экранізаваная. З нагоды смерці Ф. Саган прэзідэнт Францыі Жак Шырак адзначыў, што яна была “вядучай прадстаўніцай свайго пакалення” і дапамагла вызваленню французскай жанчыны. На беларускую мову апавяданне Франсуазы Саган “Італьянскае неба” пераклаў Леанід Казыра (зборнік “Французская навела ХХ ст.”).

  • 1945

    Нарадзіўся Адам Загаеўскі (польск. Adam Zagajewski), адзін з найбольш вядомых у свеце польскіх паэтаў, раманіст, перакладчык. Нарадзіўся ў Львове, эміграваў у Парыж, але вярнуўся ў Польшчу, жыве ў Кракаве. Аўтар вершаваных зборнікаў “Паведамленне” (Komunikat, 1972), “Ліст. Ода да множнасці” (List. Oda do wielości, 1983), “Палатно” (Płótno, 1990), “Прага” (Pragnienie, 1999, намінаваны на літаратурную прэмію Ніке), зборнікаў нарысаў “Другое дыханне” (Drugi oddech, 1978), “Два гарады” (Dwa miasta, 1991) і інш.

  • 1948

    Нарадзіўся Ен Мак’юэн (анг. Ian Russell McEwan), адзін з найбуйнейшых сучасных пісьменнікаў Вялікабрытаніі, названы “экспертам сусветнага класу па ўсіх відах гвалту”. Дэбютаваў у 27 гадоў зборнікам гатычных апавяданняў “Першае каханне, апошнія абрады” (First Love, Last Rites, 1975), за які быў празваны “Ен Макабр” (ад французскага macabre — змрочны, жудасны). Лаўрэат Букераўскай прэміі па літаратуры (за раман “Амстэрдам”, Amsterdam, 1998), Нацыянальнай прэміі літаратурных крытыкаў (за раман “Выкупленне”, Atonement, 2001, прызнаны адным з найлепшых сучасных раманаў, паводле якога ў 2013 плануецца паставіць оперу).

  • 1948

    Нарадзіўся Анджэй Сапкоўскі (польск. Andrzej Sapkowski), польскі пісьменнік, найбольш вядомы дзякуючы серыі навэлаў-фэнтэзі “Вядзьмак” (Wiedźmin, 1986). На беларускую мову апавяданне А. Сапкоўскага “Варонка” пераклаў Юльян Гайдук, апавяданне “Пагодны ранак залаты” — Мікола Раманоўскі (зборнік “Дваццаць польскіх апавяданняў”).

  • 2003

    Памёр Леон Юрыс (анг. Leon Uris, нарадзіўся 3 жніўня 1924), амерыканскі пісьменнік, бацька якога — беларускі габрэй з Наваградка. Найбольш вядомы за скандальны раман “Выхад” (Exodus, 1958), які аўтар назваў бібліяй габрэйскіх дысідэнтаў у Расіі.