Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Генры Райдэр Хагард (анг. Henry Rider Haggard, памёр 14 траўня 1925), ангельскі пісьменнік, класік прыгодніцкай літаратуры. Сусветную вядомасць Хагарду прынеслі раманы пра Паўднёвую Афрыку, дзе аўтар пражыў некалькі гадоў; значная роля ў гэтых раманах адводзіцца фантастычнаму. Цэнтральным персанажам многіх раманаў з’яўляецца белы паляўнічы і шукальнік прыгодаў Алан Квотэрмэйн. Самы знакаміты раман Хагарда — “Капальні цара Саламона” (King Solomon’s Mines, 1885).
Нарадзіўся Эрых Марыя Рэмарк (ням. Erich Maria Remarque, сапр. Эрых Паўль Рэмарк, памёр 25 чэрвеня 1970), нямецкі пісьменнік. Аўтар вядомых антываенных раманаў “На Заходнім фронце нічога новага” (Im Westen nichts Neues, 1929), “Дарога назад” (Der Weg zurück, 1931), “Тры таварышы” (Drei Kameraden, 1938), “Любі бліжняга свайго” (Liebe Deinen Nächsten, 1941), “Трыюмфальная арка” (Arc de Triomphe, 1946), “Час жыць і час паміраць” (Zeit zu leben und Zeit zu sterben, 1954), “Чорны абеліск” (Der schwarze Obelisk, 1956), “Ноч у Лісабоне” (Die Nacht von Lissabon, 1962). У 1933, пасля эміграцыі Рэмарка ў Швейцарыю, яго творы былі забароненыя і публічна спаленыя. Першым перакладчыкам твораў Рэмарка на беларускую быў Хвядос Шынклер, у перакладзе якога ў 1931 выйшаў раман “На Заходнім фронце нічога новага”. Раман “Тры таварышы” ў 1995 выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў перакладзе Уладзіміра Папковіча.
Нарадзіўся Зянон Касідоўскі (польск. Zenon Kosidowski, памёр 14 верасня 1978), польскі пісьменнік, аўтар навукова-папулярных кніг па гісторыі старажытных цывілізацый і культур. “Біблейскія казанні” (Opowieści biblijne, 1963) з падрабязным пераказам Старога запавету і “Казанні евангелістаў” (Opowieści ewangelistów, 1979), прысвечаныя крытычнаму аналізу Старога і Новага запаветаў, былі шматразова перавыдадзеныя ў СССР.
Нарадзіўся Шандар Вёрэш (венг. Sándor Weöres, памёр 22 студзеня 1989), венгерскі паэт і перакладчык. Дэбютаваў у 15 гадоў, падчас камуністычнага рэжыму быў практычна забыты. Лаўрэат Еўрапейскай літаратурнай прэміі (1974). Перакладаў на венгерскую паэзію А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, І.Франко, Ш. Руставелі, Ў. Шэкспіра.
Нарадзіўся Дэн Браўн (анг. Dan Brown), амерыканскі пісьменнік, журналіст, музыка, вядомы як аўтар шырока раскрытыкаваных міжнародных бэстсэлераў “Код да Вінчы” (The Da Vinci Code, 2003) і “Анёлы і дэманы” (Angels & Demons, 2000), абодва экранізаваныя.
Памёр Васіль Быкаў (нар. 19 чэрвеня 1924), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. За савецкім часам лічыўся майстрам ваеннай прозы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964) за аповесць “Трэцяя ракета”. У 1974 узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесць “Дажыць да світання” (1973), у 1980 атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць “Знак бяды”. Паводле твораў В. Быкава знятыя шматлікія фільмы, пастаўленыя спектаклі, напісаныя балет “Альпійская балада” Я. Глебава і опера “Сцежкаю жыцця " Г. Вагнера (1980, паводле “Воўчай зграі”). У гады перабудовы Быкаў выступаў таксама як грамадскі дзеяч, публіцыст. Канфлікты з уладай і стан здароўя сталі прычынай ягонага выезду за мяжу ў другой палове 1990-х.