Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся святы Хуан дэ ла Крус (гішп. Juan de la Cruz, памёр 14 снежня 1591), каталіцкі святы, празаік і паэт-містык, рэфарматар ордэна кармелітаў, адзін з Настаўнікаў Царквы. Святы Хуан пачаў пісаць вершы ў турме, куды трапіў праз паклёпніцкія даносы. Яму належаць таксама празаічныя трактаты “Узыход на гару Кармель”, “Цёмная ноч душы”, “Песня духу”, “Жывое полымя любові”. Творамі св. Хуана цікавіліся рускія сімвалісты, у прыватнасці Дзмітрый Меражкоўскі, які напісаў пра яго кнігу. На рускую мову вершы паэта перакладалі Валерый Пералешын, Анатоль Гелескул, Барыс Дубін і інш.
Нарадзіўся Жан-Батыст дэ Буае, маркіз д’Аржан (фр. Jean-Baptiste de Boyer, Marquis d'Argens, памёр 11 студзеня 1771), французскі пісьменнік і філосаф эпохі Асветніцтва. Апроч заняткаў філасофіяй і літаратурай вывучаў юрыспрудэнцыю, ведаў шмат моваў, у тым ліку старажытнагрэцкую і іўрыт, займаўся хіміяй, анатоміяй і жывапісам. Сваім галоўным творам д’Аржан лічыў трактат “Філасофія здаровага сэнсу” (Philosophie du bon sens, 1755), які вытрымаў 15 перавыданняў і быў перакладзены на ангельскую, нямецкую і нідэрландскую мовы (многія антыклерыкальныя творы д’Аржана былі забароненыя ў Францыі і друкаваліся ў Гаазе). “Лісты” д’Аржана, натхнёныя “Персідскімі лістамі” Мантэск’ё, рабіліся ўзорамі для пераймання для пазнейшых аўтараў. “Кітайскія лісты” сталі адной з галоўных крыніцаў рамана Олівера Голдсміта “Грамадзянін свету”. І. Крылоў у “Пошце Духаў” пазычае з “Кабалістычных лістоў” д’Аржана цэлыя старонкі.
Нарадзіўся Ян Ходзька (памёр 10 лістапада 1851), беларускі пісьменнік, драматург, грамадскі дзеяч. Бацька Язэпа Ходзькі. У артыкуле ў часопісе Dzieje dobroczynnosci (1820, № 1) выказаўся за пашырэнне адукацыі сярод народа; ідэю народнай школы і асветы развіў у аповесці “Пан Ян са Свіслачы” (1821).
Нарадзіўся Амбраз Бірс (анг. Ambrose Gwinnett Bierce, дата смерці невядомая), амерыканскі пісьменнік, журналіст, аўтар сатырычных і “жахлівых” апавяданняў, звязаных з Грамадзянскай вайной у ЗША. Найбольш вядомае яго апавяданне “Здарэнне на мосце праз Савіны ручай” (An Occurrence at Owl Creek Bridge) і сатырычны “Слоўнік д’ябла” (The Devil's Dictionary). Таямніча знік у 1913 г. у Мексіцы, падчас рэвалюцыі 1910—1920 гг. На беларускую мову апавяданне Амбраза Бірса “Чужынец” пераклаў Алесь Кудраўцаў (“Далягляды”, 1992).
Нарадзіўся Кузьма Чорны (сапр. імя Мікалай Раманоўскі, памёр 22 лістапада 1944), беларускі пісьменнік. З 1923 году — сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 1926—1931 — старшыня літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. Аўтар раманаў “Сястра”, “Зямля”, “Бацькаўшчына”, “Трэцяе пакаленне”, аповесцяў “Лявон Бушмар”, “Люба Лук’янская”, п’есаў (“Бацькаўшчына”, ”Базылевічава сям’я”, “Ірынка”). Пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Горкага, Я. Гашака, У. Караленкі.
Нарадзіўся Эрнэста Сабата (гішп. Ernesto Sábato, памёр 30 красавіка 2011), адзін з найбуйнейшых аргентынскіх пісьменнікаў ХХ ст., эсэіст, мастак. Лаўрэат прэміі імя Сервантэса па літаратуры (1984). Вядомы як аўтар раманаў “Тунэль” (El túnel, 1948), “Пра герояў і магілы” (Sobre héroes y tumbas, 1961).
Памерла Эдыт Сёдэргран (шведск. Edith Södergran, нар. 4 красавіка 1892), адна з першых пісьменнікаў-мадэрністаў у шведскай літаратуры. Дэбютавала ў 24 гады са зборнікам “Вершы”. Яе паэтычныя эксперыменты ў кнізе “Вераснёвая ліра” не сутрэлі разумення з боку грамадскасці і крытыкі, і яна сама ўзяла слова ў знакамітым лісце-тлумачэнні ў Helsingforstidningen Dagens Press (1918), чым справакавала першыя дэбаты пра мадэрнісцкую паэзію на шведскай мове. Памерла ад сухотаў у сваім доме ў Райволе. Ад 1940 году гэтая тэрыторыя належыць Расіі. Магілу Сёдэргран цяпер не знайсці, але ў 1960 годзе ў Райволе ёй усталявалі помнік. У хуткім часе пасля вайны Райволу перайменавалі ў Рошчына (Рощино). Ад дому пісьменніцы застаўся толькі падмурак. Вершы Эдыт Сёдэргран на беларускую мову перакладала Алеся Башарымава.