№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 26 чэрвеня

  • 1836

    Памёр Клод Жазэф Ружэ дэ Ліль (фр. фр. Claude Joseph Rouget de Lisle, нар. 10 траўня 1760), французскі паэт і кампазітар, аўтар французскага гімну “Марсельеза” (La Marseillaise). Яго “Эсэ ў вершах і прозе” (Essais en vers et en prose, 1797) змяшчаюць “Марсельезу”, апавяданне “Адэлаіда ў Манвілі” пра сентыментальнае дзіця і некалькі вершаў.

  • 1869

    Нарадзілася Жакеліна Э. ван дэр Валс (нід. Jacqueline E. van der Waals, памерла 20 красавіка 1922), нідэрландская паэтка, празаік і перакладчыца. Важную ролю ў яе жыцці адыгрывала рэлігія і містыцызм. У пратэстанцкім зборніку “Песеннік для царквы” (Liedboek voor de Kerken) сабраныя многія песні яе аўтарства. Поўны збор вершаў пісьменніцы выйшаў у 1994 годзе.

  • 1869

    Нарадзіўся Марцін Андэрсэн-Нэксё (дац. Martin Andersen Nexø, сапр. прозвішча Андэрсэн, памёр 1 чэрвеня 1954), дацкі пісьменнік-камуніст, адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Даніі. Першапачаткова ў творчасці Андэрсэна-Нэксё пераважаў песімізм часоў Fin de siècle, аднак пасля ўступлення пісьменніка ў Сацыял-дэмакратычную, а пасля Камуністычную партыю Даніі характар яго творчасці змяніўся. У 1906—1910 гадах Андэрсэн выдаў самую вядомую сваю працу — чатырохтомны раман “Пеле Заваёўнік” (Pelle Erobreren), які двойчы экранізавалі. Раман “Дытэ, дзіця чалавечае” (Ditte Menneskebarn, 1917—1921) прысвечаны самаахвярнасці жанчыны, а кніга “У жалезнае стагоддзе” (Midt i en Jærntid, 1929) высмейвае дацкіх фермераў часоў Першай сусветнай вайны. Пасля Другой сусветнай Андэрсэн-Нэксё перабраўся ў ГДР. Пачэсны грамадзянін Дрэздэна.

  • 1881

    Нарадзіўся Яакаў Коэн (іўр. יעקב כהן, памёр 20 лістапада 1960), ізраільскі паэт, празаік, драматург і перакладчык. Нарадзіўся ў Слуцку і ў 1934 годзе эміграваў у Палестыну. У 1938 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Бяліка — адну з самых прэстыжных ізраільскіх літаратурных прэміяў.

  • 1892

    Нарадзілася Перл Бак (анг. Pearl Sydenstricker Buck; кіт. Sài Zhēnzhū, памерла 6 сакавіка 1973), амерыканская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1938) “за шматграннае, сапраўды эпічнае апісанне жыцця кітайскіх сялянаў і за біяграфічныя шэдэўры”. Дачка місіянера, яна правяла дзяцінства і юнацтва ў Кітаі, які натхніў яе на літаратурную творчасць. У Кітаі яе часта называюць кітайскай пісьменніцай

  • 1909

    Нарадзіўся Антон Адамовіч (псеўд.: Альгердзіч Г., Бірыч В., Забранскі Д., Недасек Н., Склют Р., Юстапчык С.; крыпт. А.Ан.; памёр 12 чэрвеня 1998), беларускі літаратуразнавец, гісторык, публіцыст, празаік, доктар філалогіі. У 1920-я пісаў пра творчасць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць М. Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В. Маракова “Пялёсткі” (“Чырвоны сейбіт”, 1926). Уваходзіў у літаб'яднанне “Узвышша”. Двойчы арыштоўваўся, высылаўся ў Кіраў. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Мінск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У час Другой сусветнай вайны заставаўся ў Мінску. З ліпеня 1941 — адзін з арганізатараў выдання шэрагу беларускіх газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі “Свабода”. Працягваў пісаць гістарычна-літаратурныя і крытычныя артыкулы. Аўтар агулам каля 250 працаў, у тым ліку на ангельскай, нямецкай і рускай мовах.

  • 1941

    Памёр Зэлік Аксельрод (нар. 30 снежня 1904), беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі “Трапятанне” (1922), “Вершы” (1932), “І зноў вершы” (1935), “Сам-насам” (1937), “Вершы” (1938), “Чырвонаармейскія вершы” (1939), “Вершы” (Нью-Ёрк, 1961), “Ранішняе святло” (“Утренний свет”, Масква, 1963), “Вершы” (Масква, 1980). Пераклаў на ідыш паэму М. Някрасава “Чыгунка”, кнігу выбраных вершаў Я. Купалы (1936), паэму П. Броўкі “Прамова фактамі” (у кнізе “Паэзія БелАПП”, 1931) і п’есу французскага драматурга Лябіша “Труадэк” (з Ізі Харыкам, пастаўленая Маскоўскім дзяржаўным габрэйскім тэатрам).

  • 1957

    Памёр Альфрэд Дзёблін (ням. Alfred Döblin, нар. 10 жніўня 1868), нямецкі пісьменнік. Найбольш вядомы яго раман “Берлін, Аляксандэрпляц” (Berlin Alexanderplatz, 1929), напісаны ў форме калажу, блізкага да тэхнікі экспрэсіянізму і італьянскага футурызму, пошукаў Джойса і Дос Пасаса. У рамане адлюстраванае жыццё Берліна 1920-х гг. Некалькі разоў ён быў экранізаваны (упершыню ў 1931) і дагэтуль уключаецца экспертамі ў першую пяцёрку нямецкамоўных кніг.

  • 1990

    Памерла Ані Блумквіст (шведск. і фінск. Anni Blomqvist, сапр. Ані Вікторыя Карлсан, нар. 7 кастрычніка 1909), шведска-фінская пісьменніца. Калі ў 1961 годзе Блумквіст, жонка рыбака, страціла двух сыноў, якія выехалі ў лодцы ў моры і не вярнуліся (ні целы іх, ні лодка так і не былі знойдзеныя), яна пачала весці дзённік, а ў 1966 годзе выдала першы раман “Па слядах шторму” (I stormens spår), добра прыняты чытачамі. Праз два гады выйшаў першы том самай знакамітай працы Блумквіст, пяцітомнай серыі “Мая з Штармавых шхераў” (Stormskärs-Maja), — “Дарога на Штармавыя шхеры” (Vägen till Stormskäret). Серыя апавядае пра складанае жыццё Маі, жонкі рыбака, у патрыярхальным грамадстве. Пятая кніга гэтага цыклу “Дарога са Штармавых шхераў” (Vägen från Stormskäret) пабачыла свет у 1973 годзе. У 1987 годзе патануў яе сын Бенгт, і пра гэтую трагедыю Блумквіст напісала аўтабіяграфічны раман “Мора больш няма” (Havet finns inte mer, 1989).

  • 1994

    Памёр А. дэн Дорлард (нід. A. den Doolaard, сапр. Карнэліс Ёханэс Джордж (Боб) Спулстра-малодшы; нар. 7 лютага 1901), нідэрландскі пісьменнік і журналіст, аўтар мноства раманаў і зборнікаў вершаў. Гісторыю свайго жыцця і творчасці апісаў у рамане “Жыццё бадзягі” (Het leven van een landloper, 1958) — пісьменнік і праўда аб’ездзіў усю Еўропу, жыў у многіх краінах, у тым ліку ў Македоніі. Ханс Олінк, аўтар біяграфіі Дорларда “Ап’янелы жыццём” (Dronken van het leven, 2011), піша, што ў 1933 годзе Дорланд забіў у Македоніі каханка свае першае жонкі.