Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джакома Леапардзі (іт. Giacomo Leopardi, памёр 14 чэрвеня 1837), італьянскі паэт-рамантык. Першыя дваццаць пяць гадоў жыцця пражыў у маёнтку бацькі, дакладней, у яго бібліятэцы, дзе самастойна вывучыў грэцкую, лаціну, іўрыт, ангельскую і французскую мовы, займаючыся перакладчыцкай і каментатарскай працай. Вельмі хваравіты ад прыроды, нешчаслівы ў каханні, ужо да дваццаці гадоў ён разбурыў здароўе пастаяннай цяжкай працай. Паэтычная спадчына Леапардзі налічвае ўсяго некалькі дзясяткаў вершаў, упершыню апублікаваных у 1831 годзе пад агульнай назвай “Песні” (Canti). У ліку празаічных працаў Леапардзі — “Маральныя нарысы” (Operette morali), філасофскія эсэ, напісаныя ў асноўным каля 1824 і апублікаваныя ў 1827; “Думкі” (Pensieri), апублікаваныя пасмяротна ў 1845, а таксама “Дзённік разважанняў” (Zibaldone).
Памёр Яўгеній Баратынскі (руск. Евгений Боратынский, нар. 2 сакавіка 1800), адзін з самых значных рускіх паэтаў першай паловы XIX стагоддзя, сябра А. Пушкіна. Сучаснікі бачылі ў Баратынскім таленавітага паэта, але перш за ўсё пушкінскай школы, яго познюю творчасць крытыка не прыняла. У другой палове XIX стагоддзя літаратуразнаўства лічыла яго другарадным паэтам. Перагляд яго паэзіі ў пачатку ХХ стагоддзя зрабілі рускія сімвалісты. Менавіта дзякуючы ім Баратынскага пачалі ўспрымаць як самастойнага лірыка-філосафа.
Памерла Элізабэт Барэт Браўнінг (анг. Elizabeth Barrett Browning, нар. 6 сакавіка 1806), адна з найвыбітнейшых ангельскіх паэтак віктарыянскай эпохі. Свой першы верш On the Cruelty of Forcement to Man Элізабэт напісала ў шасці- ці васьмігадовым узросце. Элізабэт захаплялася грэцкай літаратурай і пераклала трагедыю Эсхіла “Прыкуты Праметэй” (апублікаваная ў 1833). Лічыцца, што яе верш “Плач дзяцей” (The Cry of the Children), прысвечаны дзіцячаму рабству, які неаднойчы перакладаўся на рускую мову, стаў асновай для аднайменнага верша М. Някрасава.
Нарадзіўся Антуан дэ Сэнт-Экзюперы (фр. Antoine de Saint-Exupéry, памёр 31 ліпеня 1944), французскі празаік, паэт і прафесійны лётчык. Аўтар шэрагу добра вядомых і перакладзеных на многія мовы твораў: “Маленькі прынц” (Le petit prince, 1943), “Начны палёт” (Vol de nuit, 1931), “Планета людзей” (Terre des hommes, 1938). За сваю кар’еру лётчыка — і грамадзянскага, ваеннага — перажыў 15 аварыяў, многія з якіх ледзь не скончыліся трагічна. Памёр пісьменнік таксама ў выніку авіякатастрофы, пра абставіны якой нічога не было вядома да 1998 году, калі ў моры ля Марсэля адзін рыбак знайшоў яго бранзалет, а ў 2003 экспедыцыя не падняла з марскога дна рэшткі яго самалёта. Аповесць Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц” перакладалася на беларускую мову двойчы (Эдзі Агняцвет, Ніна Мацяш), раманы “Планета людзей” і “Начны палёт” пераклала Ніна Мацяш.
Памёр Жузэ Марыя Фэрэйра ды Каштру (парт. José Maria Ferreira de Castro, нар. 24 траўня 1898), партугальскі пісьменнік, журналіст. Ва ўзросце 12 гадоў іміграваў у Бразілію, дзе працаваў на плантацыях па здабычы гумы. Падзеі таго часу натхнілі яго на стварэнне самага яго знакамітага рамана “Сельва” (A Selva, 1930), па матывах якога ў 2002 быў зняты аднайменны партугальскі фільм. Па вяртанні ў Партугалію працаваў журналістам, супрацьстаяў дыктатарскаму рэжыму Салазара. Таксама вядомы за падарожныя нататкі “Вакол свету” (A Volta ao Mundo, 1940), двухтомны манументальны твор “Мастацкія цуды свету” (As Maravilhas Artísticas do Mundo, 1959, 1963). Фэрэйра ды Каштру — адзін з самых перакладаных у свеце партугальскамоўных аўтараў.
Памёр Іван Ласкоў (нар. 19 чэрвеня 1941), беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык і гісторык, аўтар “фінскай” канцэпцыі паходжання беларусаў. Пісаў па-беларуску і па-руску.