№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 ліпеня

  • 1778

    Памёр Жан-Жак Русо (фр. Jean-Jacques Rousseau, нар. 28 чэрвеня 1712), французскі пісьменнік і мысляр эпохі Асветніцтва, музыказнаўца, кампазітар і батанік. Маладосць правёў вельмі бурна, доўгі час не маючы грошай на жыццё і пехам падарожнічаючы па Еўропе. Творчы ўздым Русо пачаўся пасля таго, як ён выйграў прэмію Дыжонскай акадэміі на тэму “Ці судзейнічала адраджэнне навук і мастацтваў ачышчэнню нораваў”, напісаўшы, што “асвета шкодная, а сама культура — мана і злачынства”. Так Русо знайшоў сваю нішу ў культуры свайго часу і пачаў дзейнічаць у адпаведнасці з абранай філасофіяй. Самы знакаміты твор Русо — раман “Юлія, альбо Новая Элаіза” (Julie ou la Nouvelle Héloïse, 1761).

  • 1804

    Нарадзілася Жорж Санд (фр. George Sand, сапр. Амандына Аўрора Люсіль Дзюпэн; памерла 8 чэрвеня 1876), французская пісьменніца, аўтар шматлікіх раманаў, апавяданняў, раманаў, п'есаў і публіцыстычных тэкстаў. Яна не толькі прымае мужчынскі псеўданім, але пачынае з'яўляцца на публіцы ў мужчынскім адзенні, які стаў ёй пропускам у тэатр, бо ў партэр — адзінае месца, на якое ёй хапала грошай, — жанчын не пускалі. Каб зарабіць на жыццё, Аўрора вырашыла пісаць. У Парыж яны прывезла раман “Эме”, які збіралася паказаць дэ Кератры — чальцу палаты дэпутатаў і пісьменніку, які параіў ёй больш не займацца літаратурай. Аднак пасля гэтага Жорж Санд апублікавала больш за трыццаць раманаў і некалькі дзясяткаў іншых празаічных твораў.

  • 1892

    Нарадзіўся Джэймс Кейн (анг. James Mallahan Cain, нар. 1 ліпеня 1892), амерыканскі пісьменнік і журналіст, аўтар дэтэктываў. Разам з Дэшылам Хэметам і Рэймандам Чандлерам лічыцца заснавальнікам амерыканскага “крутога” дэтэктыву. Найлепшыя творы Кейна ў гэтым жанры — раман “Паштальён заўсёды звоніць двойчы” і аповесць “Двайная страхоўка”.

  • 1896

    Памерла Гарыет Бічэр-Стоў (анг. Harriet Elizabeth Beecher Stowe, нар. 14 чэрвеня 1811), амерыканская пісьменніца, аўтар знакамітага рамана “Хаціна дзядзькі Тома” (Uncle Tom's Cabin, 1852). Раман гэты зрабіў значны ўплыў на стаўленне сусветнай грамадскасці да афраамерыканцаў і рабства. У першы ж год ён разышоўся ў Амерыцы накладам 350 тысяч, а агулам — 600 тысяч асобнікаў, вытрымаў 35 выданняў у Англіі і быў перакладзены на 20 замежных моваў. У адказ на абвінавачанні ў неадпаведным рэчаіснасці паказе фактаў Бічэр-Стоў выпусціла ў свет “Ключ” (Key to uncle Tom's Cabin), у якім даказала, што сюжэт рамана ўзяты ёю проста з жыцця, часта нават да драбнюткіх падрабязнасцяў.

  • 1905

    Нарадзіўся Пятро Масальскі (псеўд. Пятро Сакол, памёр 6 ліпеня 1985), беларускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1923. У Люцынскай беларускай гімназіі выдаваў на шапірографе штомесячнік вучнёўскай творчасці і фальклорных запісаў “Ластаўка” (выйшлі 9 нумароў). Вершы, прасякнутыя духам пратэсту супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, змяшчаў у газеце “Голос беларуса”, часопісах “Беларуская школа ў Латвіі”, “Студэнцкая думка”. Перакладаў творы рускіх і ўкраінскіх паэтаў, прозу Я. Порука і паэзію Я. Райніса. Аўтар зборніка перакладаў з латышскай мовы “Дайны” (1987). Асабісты архіў Пятра Сакола захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску.

  • 1909

    Нарадзіўся Хуан Карлас Анэці (гішп. Juan Carlos Onetti, памёр 30 траўня 1994), уругвайскі пісьменнік, прадстаўнік “пакалення 1945-га году”. З 1975 году жыў у Гішпаніі. Лаўрэат прэміі Мігеля дэ Сервантэса, а таксама Вялікай літаратурнай прэміі Уругвая. Проза Анэці з героем-адзіночкам, які ўвесь час сумняецца ў сабе і ў свеце, паралельная пошукам французскіх экзістэнцыялістаў.

  • 1961

    Памёр Луі-Фердынад Селін (фр. Louis-Ferdinand Céline, нар. 27 траўня 1894), французскі пісьменнік, доктар паводле адукацыі. Раманы “Падарожжа на край ночы” (Voyage au bout de la nuit, 1932) і “Смерць у крэдыт” (Mort à crédit, 1936) адразу ж прынеслі аўтару шумны поспех, аднак лёс аўтара склаўся трагічна: наступныя творы замацавалі за Селінам рэпутацыю антысеміта і расіста. У канцы Другой сусветнай вайны Селін, абвінавачаны ў супрацы з акупантамі, збег спачатку на поўдзень Германіі, адтуль — у Данію, дзе яго арыштавалі. Пазней турэмнае зняволенне яму замянілі на высылку. З 1951 году Селін, амаль забыты ўсімі, вяртаецца ў Францыю па амністыі і да канца жыцця жыве ў парыжскім прыгарадзе Медоне і працуе доктарам для бедных. Толькі пасля смерці Селіна да яго зноў прыходзіць шырокая літаратурная вядомасць — гэтым разам дзякуючы аўтабіяграфічнай трылогіі “З замка ў замак” (D’un château l’autre, 1957), “Поўнач” (Nord, 1960) і “Рыгадон” (Rigodon, надр. у 1969).