№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 5 ліпеня

  • 1789

    Нарадзіўся Фадзей Булгарын (пры нараджэнні Ян Тадэвуш Булгарын, польск. Jan Tadeusz Bułharyn, памёр 13 верасня 1859), рускі пісьменнік, журналіст, крытык, “герой” эпіграмаў Пушкіна, Вяземскага, Баратыскага, Лермантава, Някрасава і іншых. Лічыцца пачынальнікам авантурнага раману, фантастычнага раману, фельетону, выдавец першага ў Расіі тэатральнага альманаха. Польскі літаратар Осіп Пшэцлаўскі, які добра ведаў Булгарына, лічыў яго беларусам. Імя Тадэвуш Булгарын атрымаў у гонар Тадэвуша Касцюшкі.

  • 1889

    Нарадзіўся Жан Както (фр. Jean Cocteau, памёр 11 кастрычніка 1963), французскі паэт, празаік, драматург, мастак, рэжысёр, актор, “чалавек-аркестр” французскай культуры. Дэбютаваўшы вельмі рана паэтычным зборнікам “Лямпа Аладзіна”, у якім выявіўся прыхільнікам і паслядоўнікам сімвалізму і імпрэсіянізму, а таксама так званай салоннай паэзіі (Анна дэ Наай, Габрыэле Д'Анунцыё), неўзабаве рэзка мяняе погляды і паэтычныя арыентыры. Стратэгіі стварэння моды і кідання яе ў пошуках новага яшчэ да таго, як моду падхапілі іншыя, Както прытрымліваўся ўсё жыццё (“Както — змяя ад літаратуры, у яго суцэльныя выгіны”, — такога няўхвальнага меркавання прытрымліваліся многія крытыкі). Ад эксперыментальных і наватарскіх працаў у галіне тэатру і літаратуры ў 10-я гады ХХ ст. (такіх як балет “Парад”, опера-буф “Маладыя на Эйфелевай вежы”, раман “Патамак”) у 1920-я, у час, калі еўрапейскае мастацтва яшчэ не нагулялася авангардам, Както звяртаецца да строга класічнай паэтыкі. Адзін з пачынальнікаў французскага і еўрапейскага міфалагічнага тэатру (п'есы “Арфей”, “Пякельная машына”) і рэфарматар тэатру 1930-х — 1940-х (“Цяжкія бацькі”, “Святарныя монстры”), адзін з заснавальнікаў паэтычнага кінематографу (“Кроў паэта”, “Двухгаловы арол”, “Вечнае вяртанне”, “Арфей”, “Тэстамент Арфея” і інш.), ва ўсіх відах мастацтва Жан Както выявіўся, паводле азначэння Ігара Стравінскага, “наватарам высокага рангу”.

  • 1932

    Памёр Саша Чорны (руск. Саша Чёрный, сапр. Аляксандр Глікберг, нар. 13 кастрычніка 1880), рускі паэт Срэбнага стагоддзя, празаік, які атрымаў вядомасць дзякуючы сваім лірычна-сатырычным вершаваным фельетонам.

  • 1959

    Нарадзілася Людміла Рублеўская, беларуская паэтка, празаік, літаратурны крытык. Першы верш надрукавала ў 1983 (газета “Знамя юности”). Аўтар зборнікаў “Крокі па старых лесвіцах” (паэзія, 1990), “Адукацыя” (паэзія, 1990), “Замак месячнага сяйва” (паэзія), “Старасвецкія міфы горада Б.” (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей “Прыгоды мышкі Пік-Пік” (2000), аўтар аповесцяў “Дзеці Гамункулуса” (2000), “Сэрца мармуровага анёла” (2001), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2002), “Ночы на Плябанскіх Млынах” (2007), раманаў “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” (2007), “Сутарэнні Ромула” (2010), драматычных паэмаў “Пасля Цэзара”, “Першы запавет” і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.

  • 1994

    Памёр Барыс Сачанка (нар. 15 сакавіка 1936), беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец. Перакладаў з сербскай, славацкай, польскай моваў. Пераклаў на беларускую мову аповесць Я. Гуцалы “Школьны хлеб” (1976), П. Андрэева (П. Абрасімава) “Аповесць пра майго сябра” (1979), кнігу аповесцяў і апавяданняў І. Андрыча “Трывожны год” (1978), п'есы А. Салынскага “Барабаншчыца” (пастаўленая ў 1978) і А. Галіна “Апошняе спатканне” (пастаўленая ў 1980), паасобныя творы М. Прышвіна, С. Нікіціна, У. Багамолава, П. Мірнага, М. Кацюбінскага, Ф. Крайцвальда і інш.

  • 2001

    Памёр Масей Сяднёў (нар. 1 верасня 1913), беларускі паэт і празаік. У 1936 годзе быў арыштаваны, сасланы на Калыму. З 1944 году жыў у Германіі і ЗША. Друкавацца пачаў з 1933 году. Яго творы выходзілі ў часопісах “Полымя”, “Беларуская работніца і сялянка”, газетах “Савецкая Беларусь”, “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”. Падчас нямецкай акупацыі ў Беластоку падрыхтаваў зборнік вершаў “Ад сына твайго, Беларусь” і кнігу “Ахвяры бальшавізму”. Перакладаў Гётэ, Рыльке, Гёльдэрліна. Вялікі цыкл вершаў прысвяціў перажытаму ў турмах і лагерах. Напісаў раманы “Раман Корзюк” (1985), “І той дзень надышоў” (1987), зборнік вершаў “Патушаныя зоры” (1992), успаміны “Масеева кніга” (1995).