Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Лудавіка Арыёста (іт. Ludovico Ariosto, нар. 8 верасня 1474), італьянскі паэт і драматург эпохі Адраджэння. Знакаміты найперш сваёй паэмай “Неўтаймаваны Раланд” (Orlando furioso, 1532), якую пісаў 15 гадоў.
Памёр Томас Мор (анг. Thomas More, нар. 7 лютага 1478), ангельскі мысляр, пісьменнік, аўтар “Утопіі”.
Памёр Адам Станіслаў Нарушэвіч (польск. Adam Stanisław Naruszewicz, нар. 20 кастрычніка 1733), польска-беларуска-ўкраінскі (вялікалітоўскі) філолаг, гісторык, перакладчык, пісьменнік. Нарушэвіч адным з першых зрабіў пераклад Карнэлія Тацыта на славянскую мову (польскую), яго пераклад да цяперашняга часу лічыцца найлепшым у еўрапейскай літаратуры, а пераклады Гарацыя — самымі поўнымі і дасканалымі. Заснавальнік польскай школы гістарыяграфіі (г.зв. “школа Нарушэвіча”). Аўтар шматлікіх одаў, ідылій, сатырычных твораў.
Нарадзіўся Вернэр фон Хейдэнстам (шведск. Carl Gustaf Verner von Heidenstam, памёр 20 траўня 1940), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1916). Спачатку займаўся жывапісам, але знаёмства з Аўгустам Стрындбергам падштурхнула яго да вершаскладання і літаратурнай творчасці. Акрамя вершаў ім напісаныя літаратурны маніфест “Рэнесанс” (Renassans, 1890), раман у прозе і вершах “Ханс Альенус” (Hans Alienus, 1892) і шмат гістарычных кніг, якія апісваюць гераічнае мінулае Швецыі і прасякнутыя патрыятычным духам.
Нарадзіўся Аляксей Рэмізаў (руск. Алексей Ремизов, памёр 26 лістапада 1957), рускі пісьменнік, адзін з самых яркіх стылістаў у рускай літаратуры. Яго залічвалі да сімвалістаў, аднак сам пісьменнік не пазіцыянаваў сябе як сімваліст. Шырокую вядомасць яму прынеслі раманы і аповесці “Сажалка” (“Пруд”, 1905), “Крыжовыя сёстры” (“Крестовые сёстры”, 1910), а таксама мемуары “Узвіхраная Русь” (“Взвихренная Русь”, 1927).
Нарадзіўся Марк Шагал (ідыш מאַרק שאַגאַל, фр. Marc Chagall, памёр 28 сакавіка 1985), беларускі і французскі мастак і паэт габрэйскага паходжання. Цягам усяго жыцця друкаваў вершы, публіцыстычныя эсэ і мемуарыстыку на мове ідыш, многія яго творы перакладаліся на іўрыт, рускую, ангельскую і французскую мовы. На беларускую мову вершы Шагала пераклаў Р. Барадулін разам з Л. Бярынскім: М. Шагал “Паэзія” (1989).
Памёр Гі дэ Мапасан (фр. Henry-René-Albert-Guy de Maupassant, нар. 5 жніўня 1850), французскі пісьменнік, аўтар шматлікіх апавяданняў, аповесцяў і раманаў. Яго самыя знакамітыя раманы — “Жыццё” (Une vie, 1883), “Мілы сябар” (Bel Ami, 1885), “Мон-Арыёль” (Mont-Oriol, 1887) і інш.
Нарадзіўся Анатолій Марыенгоф (руск. Анатолий Мариенгоф, памёр 24 ліпеня 1962), рускі паэт-імажыніст, драматург, аўтар мемуараў. Аўтар рамана “Цынікі”, апублікаванага ў 1928 у Берліне, у Расіі — толькі ў 1988. І. Бродскі назваў гэты твор найлепшым рускім раманам.
Нарадзіўся Томас Оліў Мэбат (анг. Thomas Ollive Mabbott, памёр 28 траўня 1968), амерыканскі даследчык літаратуры, шырока вядомы сваімі працамі па творчасці Эдгара По. Даследаваў таксама творчасць Джона Мілтана, Ўолта Ўітмэна, Томаса Чатэртана і Эдварда Коўта Пінкні.
Нарадзіўся Іван Кашкін (руск. Иван Кашкин, памёр 26 лістапада 1963), рускі перакладчык, літаратуразнаўца, тэарэтык мастацкага перакладу, паэт. Перакладаў творы А. Хаўсмэна, Ў. Ўітмэна, Р. Фроста, Э. Хэмінгуэя, Дж. Джойса і інш. Стварыў школу мастацкага перакладу — т.зв. “кашкінцы”, якія часцей за ўсё публікаваліся ў часопісе “Интернациональная литература”.
Памёр Абай Кунанбаеў (каз. Абай Құнанбайұлы, нар. 10 жніўня 1845), казахскі паэт, перакладчык, філосаф, кампазітар, асветнік, мысляр, грамадскі дзеяч, заснавальнік казахскай пісьмовай літаратуры і яе першы класік, рэфарматар казахскай культуры ў духу збліжэння з еўрапейскай культурай на аснове асветніцкага ліберальнага ісламу. Выступаў супраць рабскага становішча жанчын на ўсходзе, супраць сацыяльнага зла і невуцтва. Перакладаў творы М. Лермантава, А. Пушкіна, Ё. Гётэ, Дж. Байрана і інш. на казахскую мову.
Нарадзіўся Пятро Глебка (псеўд. Язэп Касіла; памёр 18 снежня 1969), беларускі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, навуковец. Быў чальцом “Маладняка”, затым “Узвышша” (3 1926). З пераходам П. Глебкі ва “Узвышша” мяняецца яго творчая манера: яна робіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна паглыбленай. Аўтар паэтычных зборнікаў “Шыпшына” (1927), “Урачыстыя дні” (1930), “Хада падзей” (1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (1938) і інш. Быў кіраўніком групы па складанні “Руска-беларускага слоўніка” (1953). Ініцыяваў і ўзяў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці. На яго прапанову навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў).
Памёр Кенэт Грэм (анг. Kenneth Grahame, нар. 8 сакавіка 1859), шатландскі пісьменнік, сусветную славу якому прынесла кніга “Вецер у вербах” (The Wind in the Willows, 1908). Вялікую ролю ў жыцці пісьменніка адыграў яго адзіны сын Алістэр, хворае, слабае і сляпое на адно вока дзіця. Менавіта для свайго сына Грэм пачаў складаць і запісваць аповеды пра містэра Жаба, якія леглі ў аснову кнігі “Вецер у вербах”. Рукапіс гэтай кнігі не зацікавіў амерыканскія выдавецтвы, але ў 1908 г. яна была выдадзеная ў Англіі і прынесла аўтару шырокую вядомасць. У 1930 годзе гэтая аповесць легла ў аснову п'есы Алана Мілна “Містэр Жаб з Жаб-хола” (Toad of Toad Hall).
Памёр Багдан-Ігар Антоныч (укр. Богдан-Ігор Антонич, нар. 5 верасня 1909), украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, “закаханы ў жыццё паганец”. Праз афіцыйную забарону шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Але пры гэтым Антоныч зрабіў моцны ўплыў на сучасную ўкраінскую паэзію. Пры жыцці паэта выйшлі толькі тры яго паэтычныя зборнікі — “Прывітанне жыцця” (“Привітання життя”, 1931), “Тры пярсцёнкі” (“Три перстені”, 1933), “Кніга Льва” (“Книга Лева”, 1936). На беларускую мову вершы Б.-І. Антоныча перакладалі М. Аляхновіч, В. Рагойша і інш. У часопісе “ПрайдзіСвет” прадстаўленыя пераклады А. Пятровіч, К. Маціеўскай і М. Мартысевіч. Больш пра аўтара можна прачытаць тут.
Памёр Ўільям Фолкнэр (анг. William Faulkner, нар. 25 верасня 1897), амерыканскі пісьменнік, найбуйнейшы прадстаўнік літаратуры “новай свядомасці”. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1949) “за значны і з мастацкага пункту гледжання ўнікальны ўнёсак у развіццё сучаснага амерыканскага раману”, а таксама Пулітцэраўскай прэміі (1955, 1963). Сусветную вядомасць набылі празаічныя творы, якія склалі своеасаблівую эпапею з жыцця амерыканскага Поўдня: раманы “Сарторыс” (Sartoris (Flags in the Dust), 1929), “Шум і лютасць” (The Sound and the Fury, 1929), “Калі я памірала” (As I Lay Dying, 1930), "Святло ў жніўні" (Light in August, 1932) і інш.
Памёр Пятро Масальскі (псеўд. Пятро Сакол, нар. 1 ліпеня 1905), беларускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1923. У Люцынскай беларускай гімназіі выдаваў на шапірографе штомесячнік вучнёўскай творчасці і фальклорных запісаў “Ластаўка” (выйшлі 9 нумароў). Вершы, прасякнутыя духам пратэсту супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, змяшчаў у газеце “Голос беларуса”, часопісах “Беларуская школа ў Латвіі”, “Студэнцкая думка”. Перакладаў творы рускіх і ўкраінскіх паэтаў, прозу Я. Порука і паэзію Я. Райніса. Аўтар зборніка перакладаў з латышскай мовы “Дайны” (1987). Асабісты архіў Пятра Сакола захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску.
Памёр Клод Сімон (фр. Claude Simon, нар. 10 кастрычніка 1913), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1985) “за спалучэнне ў яго творчасці паэтычнага і жывапіснага пачаткаў”. Яго залічваюць да школы “новага раману”.
Памёр Васіль Аксёнаў (руск. Василий Аксёнов, нар. 20 жніўня 1932), руска-амерыканскі пісьменнік, сцэнарыст, кінадраматург, дысідэнт. Адзін з лідараў апавядальнай савецкай прозы 60-х гадоў ХХ стагоддзя, дзе выкарыстоўваецца гарадскі моладзевы слэнг. Належаў да пакалення шасцідзясятнікаў. 5 сакавіка 1966 удзельнічаў у дэманстрацыі супраць меркаванай рэабілітацыі Сталіна, быў затрыманы. Падпісаў шэраг лістоў у абарону дысідэнтаў. У 1970-я гг. яго творы перасталі публікаваць у Расіі. У 1980 выехаў у ЗША, дзе займаўся літаратурнай і журналісцкай дзейнасцю і выкладаў рускую літаратуру ва ўніверсітэтах. Сябра амерыканскага ПЭН-клуба і Амерыканскай аўтарскай лігі. Лаўрэат прэміі “Рускі Букер” за раман “Вальтэр'янцы і вальтэр'янкі” (“Вольтерьянцы и вольтерьянки”, 2004).