№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 8 ліпеня

  • 1621

    Нарадзіўся Жан дэ Лафантэн (фр. Jean de La Fontaine, памёр 13 красавіка 1695), французскі паэт-байкапісец. Досыць рана ажаніўшыся (з чатырнаццацігадовай Мары Эрыкар), Лафантэн хутка пакінуў сям’ю і пераехаў у Парыж, адкуль вельмі рэдка (далёка не кожны год) ездзіў да родных. Захавалася ліставанне Лафантэна з жонкай, у якім ён падрабязна апавядае ёй пра свае рамантычныя прыгоды. Сваіх дзяцей байкапісец ведаў настолькі кепска, што, сустрэўшыся аднойчы з дарослым сынам, не пазнаў яго. Лафантэн стварыў новы жанр байкі, пазычыўшы вонкавую фабулу ў антычных аўтараў (у першую чаргу ў Эзопа і Федра). Большасць баек Лафантэна напісаная свабодным вершам. Апроч баек Лафантэн напісаў “Казкі” (сюжэты ён часткова браў з Бакача), аповесць “Каханне Псіхеі і Купідона” (Les amours de Psyché et de Cupidon, 1662), прыродазнаўчую “Паэму пра хіннае дрэва” (Poème du Quinquina, 1682) і інш.

  • 1822

    Памёр Персі Біш Шэлі (анг. Percy Bysshe Shelley, нар. 4 жніўня 1792), ангельскі паэт, празаік, драматург і эсэіст. Лічыцца адным з найвялікшых ангельскіх паэтаў-рамантыкаў ХІХ ст., муж Мэры Шэлі. На беларускую мову вершы Шэлі перакладалі Р. Барадулін, Ю. Гаўрук, Г. Янкута і інш.

  • 1861

    Нарадзілася Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве Завіша, у першым шлюбе Красінская; памерла 6 студзеня 1945), дзяячка беларускага культурнага руху, мецэнатка. Фінансавала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, Беларускае выдавецкае таварыства, газету “Беларус” і інш. Матэрыяльна падтрымлівала выданне першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло і інш. На знак удзячнасці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў “Лебедзь” на тытульным аркушы зборніка вершаў М. Багдановіча “Вянок”.

  • 1890

    Нарадзіўся Ганс Ёст (ням. Hanns Johst, памёр 23 лістапада 1978), нямецкі празаік, драматург, паэт, прэзідэнт Палаты пісьменнікаў Рэйха (Reichsschrifttumskammer, 1935—1945), групэнфюрэр СС (1942), аўтар афарызму “Калі я чую пра культуру, я здымаю з засцерагальніка свой браўнінг” (Wenn ich Kultur höre entsichere ich meinen Browning). Яго раннія сачыненні былі напісаныя пад уплывам экспрэсіянізму (“Пачатак”, Der Anfang, 1917; “Кароль”, Der König, 1920). Потым звярнуўся да натуралістычнай філасофіі (п'есы “Мяняла і гандляр”, Wechsler und Händler, 1923; “Томас Пэйн”, Thomas Paine, 1927). Першая п'еса Б. Брэхта “Ваал” была напісаная ў адказ на п'есу Ёста “Самотнік” (Der Einsame), драматызацыю біяграфіі антысеміцкага драматурга Грабэ.

  • 1892

    Нарадзіўся Рычард Олдынгтан (анг. Richard Aldington, памёр 27 ліпеня 1962), ангельскі паэт, празаік, крытык. Адзін з галоўных прадстаўнікоў імажызму, уваходзіў ва ўсе імажысцкія анталогіі, рэдагаваў часопіс The Egoist (1914—1917). У гэты час перакладаў старажытнарымскіх і старажытнагрэцкіх паэтаў. У 1920-я гг. Олдынгтан, дагэтуль больш вядомы як паэт, пачаў усё больш увагі аддаваць прозе. Ягоны раман “Смерць героя” (Death of a Hero, 1929) лічыцца адным з найлепшых антываенных раманаў побач з творамі Рэмарка і Хэмінгуэя.

  • 1922

    Памёр Моры Агаі (яп. Mori Ōgai (森 鷗外 / 森 鴎外, сапр. Моры Рынтара, нар. 17 лютага 1862), японскі пісьменнік, перакладчык, медык па прафесіі. Лічыцца адным са стваральнікаў сучаснай японскай літаратуры. Некалькі гадоў стажыраваўся ў Германіі, дзе захапіўся ідэямі нямецкага рамантызму, перакладаў Гётэ, Байрана, Шэкспіра. Аўтар рамантычных твораў, найбольш папулярным з якіх з’яўляецца раман “Дзікая гусь” (Gan, 1911—1913). У 1912 годзе пісьменнік быў настолькі ўражаны самагубствам аднаго з генералаў, які пайшоў на той свет услед за імператарам Мэйдзі, што пачаў пісаць гістарычную прозу, асноўнай тэмай якой быў кодэкс самурайскага гонару.

  • 1932

    Памёр Аляксандр Грын (руск. Александр Грин, сапр. Грынеўскі; нар. 23 жніўня 1880), рускі празаік (“Пунсовыя ветразі”, “Алые паруса”, 1923), прадстаўнік рамантычнага рэалізму. Сам адносіў сябе да сімвалістаў. Бацька А. Грына Стэфан Грынеўскі быў сасланы ўглыб Расіі пасля ўдзелу ў паўстанні 1863 году. З 1941 кнігі Грына не выдаваліся, а сам Грын быў пасмяротна абвінавачаны ў “буржуазным касмапалітызме”.