Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Луіс дэ Гонгара-і-Арготэ (гішп. Luis de Góngora y Argote, памёр 23 траўня 1627), гішпанскі паэт эпохі барока. Вывучаў права ва ўніверсітэце Саламанкі, служыў канонікам у кафедральным саборы Кордавы. З 1589 вандраваў па Гішпаніі, выконваючы даручэнні капітула. У 1609 вярнуўся ў родны горад. У 1617 быў прызначаны каралеўскім капеланам, да 1626 жыў пры двары караля Філіпа III у Мадрыдзе. У 1627 сур'ёзна захварэў, страціў памяць і зноў вярнуўся дадому, дзе ў скрайняй беднасці памёр неўзабаве ад апаплексіі. Творчасць Гонгары прынята дзяліць на два перыяды — “ясны” (да 1610 году) і “цёмны”. У першы перыяд ён піша лірычныя і сатырычныя вершы — традыцыйныя санэты, рамансы, летрыльі. Плён другога перыяду — “Ода на ўзяцце Ларачэ” (1610), міфалагічная паэма “Паданне пра Паліфема і Галатэю” (1613). Вяршыня паэзіі Гонгары і адна з вяршыняў гішпанскага вершаванага мастацтва — цыкл пастаральных “Паэмаў самоты” (Soledades). З задуманых чатырох паэмаў (“Самота ў полі”, “Самота на беразе”, “Самота ў лесе”, “Самота ў пустэльні”) напісаная толькі першая і частка другой. Створанае Гонгарам у гэты перыяд залічваюць да “вучонай” паэзіі, так званага культэранізму, або культызму (el culteranismo, el cultismo) — плыні барокавай слоўнасці, якая пры жыцці Гонгары выклікала вострую літаратурную палеміку. Яго супернікамі выступалі Лопэ дэ Вэга (з якім Гонгара абменьваўся абразлівымі вершамі) і Франсіска Кеведа (санэты апошняга, зрэшты, не чужыя “цёмнай” манеры). Святкаванне 300-годдзя з дня смерці Гонгары (1927), арганізаванае ў Севільі тарэадорам Ігнасіё Санчэсам Мехіясам, стала актам сімвалічнага згуртавання паэтаў, якія групаваліся вакол Федэрыка Гарсія Лоркі, і дало групе імя “пакалення 27 году”. Пасля гэтага створанае Гонгарам, які пры жыцці не апублікаваў ніводнай кнігі (яго вершы перапісваліся ад рукі і друкаваліся толькі ў анталогіях), уваходзіць у класічны канон.
Нарадзіўся Жан-Франсуа Мармантэль (фр. Jean-François Marmontel, памёр 31 снежня 1799), французскі пісьменнік. Паходзіў з беднай сям'і. Пасля навучання ў езуіцкай школе нядоўга займаў кафедру філасофіі ў Тулузе, у езуіцкай калегіі. Сябраваў з Вальтэрам, пры яго судзейнічанні выдаваў Observateur littéraire. Трагедыі Мармантэля невысока цэняцца крытыкамі, нашмат лепшымі прызнаюцца ягоныя “Маральныя аповеды” (Contes moraux). Вядомасцю карыстаецца таксама гістарычны раман Мармантэля “Белізар” (Bélisaire, 1767), які зазнаў пераслед Сарбоны за прапаведаванне верацярпімасці. Мармантэль таксама быў масонам і ўваходзіў у найвялікшую масонскую ложу “Дзевяць Сёстраў”.
Памёр Енэкіца Вэкерэску (рум. Ienăchiţă Văcărescu, нар. 1740), румынскі (валашскі) паэт, гісторык і філолаг, паліглот — ведаў старажытнагрэцкую, навагрэцкую, стараславянскую, арабскую, персідскую, французскую, нямецкую, італьянскую і турэцкую мовы. Аўтар адной з першых надрукаваных граматык румынскай мовы (1787), якая ўключае таксама раздзел па навучанні вершаскладанню. Таксама склаў граматыку грэцкай мовы. Лірычныя творы Вэкерэску натхнёныя лірыкай Анакрэонта і румынскім фальклорам.
Нарадзіўся Леон Блуа (фр. Léon Bloy, памёр 3 лістапада 1917), французскі пісьменнік, мысляр-містык. Школы не скончыў, атрымаў сямейнае выхаванне. Рана пачаў пісаць, вёў дзённік, адышоў ад рэлігіі. З 1864 — дробны клерк у Парыжы па пратэкцыі бацькі. У 1868 пазнаёміўся з Барбэ д'Арэвільі, які вярнуў яго ва ўлонне каталіцызму і добраахвотным сакратаром якога ён стаў. Удзельнічаў добраахвотнікам у франка-прускай вайне. Дэбютаваў у 1875. Публікаваўся ў газетах і часопісах, выступаў як гарачы палеміст. Аўтар раманаў, навэлаў, палемічных эсэ, дзённіка, які вёў многія гады. Атрымаў вядомасць як глыбокі каталіцкі мысляр. Яго постаць прыцягвала ўвагу М. Бярдзяева, Ф. Кафкі, Э. Юнгера, К. Шміта, Х. Л. Борхеса, Г. Бёля і іншых.
Памёр Ёзаф Каэтан Тыл (чэшск. Josef Kajetán Tyl, нар. 4 лютага 1808), чэшскі драматург і паэт, аўтар тэксту нацыянальнага гімна Чэхіі “Дзе Радзіма мая” (Kde domov můj). Арганізатарскую і драматычную дзейнасць па стварэнні чэшскага нацыянальнага тэатру Ё. К. Тыл разглядаў як мэту свайго жыцця. Яго п’есы дагэтуль ідуць на сцэне чэшскіх тэатраў.
Нарадзіўся Пятрас Вайчунас (літ. Petras Vaičiūnas, памёр 7 чэрвеня 1959), літоўскі паэт, драматург і перакладчык. Перакладаў з нямецкай, польскай, рускай, французскай моваў драматычныя творы К. Гамсуна, Г. Гаўптмана, Г. Ібсэна, М. Метэрлінка, С. Пшыбышэўскага, Ю. Славацкага, О. Ўайлда, Ф. Шылера — усяго больш за 30 п'есаў. Яго ўласныя драмы перакладзеныя на ідыш, латышскую, польскую, рускую, чэшскую, эстонскую і іншыя мовы.
Памёр Джон Вуд Кэмпбел-малодшы (анг. John Wood Campbell, Jr., нар. 8 чэрвеня 1910), уплывовы амерыканскі пісьменнік і рэдактар, які істотна паўплываў на станаўленне “Залатога веку” амерыканскай фантастыкі. Перастаў пісаць у 1938 г., тады ж заняў пасаду рэдактара Astounding, дзе праводзіць у жыццё даўно задуманую ім рэформу фантастыкі, знаходзіць такіх аўтараў, як Айзэк Азімаў, Роберт Э. Хайнлайн, Тэадор Старджан, Альфрэд ван Вогт і інш. У гонар Джона Кэмпбела названыя дзве прэміі — Мемарыяльная прэмія Джона В. Кэмпбела за найлепшы навукова-фантастычны раман і Прэмія Джона В. Кэмпбела найлепшаму новаму пісьменніку-фантасту.
Памёр Пэр Фабіян Лагерквіст (шведск. Pär Fabian Lagerkvist, нар. 23 траўня 1891), шведскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1951 году. Яго кнігі былі адзінай крыніцай ведаў пра жыццё пісьменніка, замкнёнага і стрыманага па прыродзе. Лагерквісту належыць знакамітая фраза “Я не ўмешваюся ў сваю творчасць”. Найбольш знакамітыя аповесці — “Кат” (Bödeln, 1933), “Сівіла” (Sibyllan, 1956) і “Марыямна” (Mariamne, 1968), раман “Карлік” (Dvärgen, 1944), прыпавесць “Варава” (Barabbas, 1950), п’есы “Таямніца неба” (Himlens hemlighet, 1919), “Нябачны” (Den osynlige, 1923), “Чалавек без душы” (Mannen utan själ, 1936), “Перамога ў цемры” (Seger i mörker, 1939). У 1940 годзе Лагерквіст быў абраны адным з 18 “несмяротных” чальцоў Шведскай акадэміі. Апавяданне Лагерквіста "Вызваленне" не беларускую мову пераклаў Валеры Буйвал.
Памёр Мэша Сэлімавіч (сербск. Меша Селимовић альбо Meša Selimović, нар. 26 красавіка 1910), баснійскі, сербскі і югаслаўскі пісьменнік, адзін з самых значных пісьменнікаў ХХ ст. гэтага рэгіёну. Самыя важныя творы Сэлімавіча — гістарычна-філасофскія раманы “Дэрвіш і смерць” (Derviš i smrt, 1966) і “Крэпасць” (Tvrđava, 1970) — цесна звязаныя з Босніяй і Герцагавінай і культурай баснійскай часткі насельніцтва Атаманскай правінцыі Босніі. Адна з крыніц рамана “Дэрвіш і яго смерць” — перажыванні аўтара з нагоды смерці брата, які быў расстраляны ў Другую сусветную вайну без суду і якога Сэлімавіч не змог уратаваць.
Забіты Хітосі Ігарасі (яп. 五十嵐一, нар. 1947), японскі навуковец, спецыяліст па арабскай і персідскай літаратуры і гісторыі, перакладчык рамана Салмана Рушдзі “Сатанінскія вершы” на японскую мову. Пасля таго, як аятала Хамейні выдаў фетву, якая прадпісвала забіць “аўтара кнігі “Сатанінскія вершы”, якая супраць ісламу, Прарока і Карана, і ўсіх тых, хто ўдзельнічаў у яе публікацыі і ведае яе змест”, Ігарасі быў зарэзаны невядомым у сваім кабінеце.