№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 12 ліпеня

  • 1468

    Нарадзіўся Хуан дэль Энсіна (гішп. Juan del Encina, сапр. дэ Фермаселье; памёр у 1529), гішпанскі паэт, кампазітар, заснавальнік гішпанскай драмы Адраджэння (“Дзейства пра бойку”, “Эклога пра карнавал”).

  • 1536

    Памёр Эразм Ратэрдамскі (лац. Erasmus Roterodamus, сапр. Герт Гертс; нар. 28 кастрычніка 1467 альбо 1465), нідэрландскі мысляр-гуманіст, пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Парыжскім універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Францыі, Італіі, Германіі, Швейцаріі, развіваючы ідэі гуманізму і вальнадумства. Яго літаратурная спадчына ўключае творы па філасофіі і багаслоўі, этычныя і педагагічныя трактаты, навучальныя дапаможнікі і анталогіі антычнай мудрасці, сатырычныя дыялогі і лірычныя вершы. Шмат часу Эразм Ратэрдамскі аддаў перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці. Трактат Эразма “Пахвала дурасці” (Moriae Encomium, sive Stultitiae Laus, 1509) на беларускую мову пераклаў Уладзімір Шатон.

  • 1817

    Нарадзіўся Генры Дэвід Таро (анг. Henry David Thoreau, памёр 6 траўня 1862), амерыканскі пісьменнік, мысляр, грамадскі дзеяч. Скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Ад Ралфа Эмерсана ўспрыняў ідэі трансцэндэнталізму. У 1845—1847 гг. Таро жыў у пабудаванай ім самім хаціне на беразе Ўолдэнскай сажалкі, самастойна забяспечваючы сябе ўсім неабходным для жыцця. Гэты досвед жыцця ўдалечыні ад грамадства ён апісаў у кнізе “Ўолдэн, альбо Жыццё ў лесе” (1854).

  • 1868

    Нарадзіўся Штэфан Георге (ням. Stefan George, сапр. Генрых Абелес; памёр 4 снежня 1933), адзін з найбуйнейшых аўстрыйскіх паэтаў, лідар неарамантыкаў. Вучыўся ў французскіх сімвалістаў, зрабіў вялікі ўплыў на сімвалістаў рускіх, такіх як Валерый Брусаў і Вячаслаў Іванаў. Яго вершы пакладзеныя на музыку многімі кампазітарамі: А. фон Цамлінскім, Арнольдам Шонбергам, Альбанам Бергам, Антонам Вэбернам, Вольфгангам Рымам і інш. Перакладаў на нямецкую Дантэ, Бадлера, санэты Шэкспіра, французскіх, ангельскіх і італьянскіх паэтаў. З прыходам нацызму сышоў у добраахвотнае выгнанне.

  • 1876

    Нарадзіўся Макс Жакоб (фр. Max Jacob, памёр 5 сакавіка 1944), французскі паэт і празаік. Пачынаў з кніг для дзяцей. Яго паэзія, поўная гратэску і слоўных розыгрышаў, блізкая да кубізму і сюррэалізму. На яго вершы пісалі музыку Эрык Саці, Франсіс Пуленк, Анры Саге. 24 лютага 1944 як габрэй і гомасэксуаліст Жакоб быў арыштаваны гестапа, адпраўлены ў турму Арлеана, затым у лагер Дрансі, дзе праз некалькі дзён памёр ад запалення лёгкіх. Брат і сястра Жакоба загінулі ў нацысцкіх канцлагерах. У 1949 яго парэшткі былі перанесеныя на могілкі ў Сэн-Бенуа-сюр-Луар, у 1960 яго афіцыйна прылічылі да паэтаў, якія загінулі за Францыю; ягонае імя напісанае на мемарыяльнай дошцы загінулым у 1939 — 1945 гг. пісьменнікам у парыжскім Пантэоне.

  • 1892

    Нарадзіўся Бруна Шульц (польск. Bruno Schulz, загінуў 19 лістапада 1942), польскі пісьменнік і мастак габрэйскага паходжання. Нарадзіўся ў Драгобычы (у той час Аўстра-Венгрыя, цяпер — Заходняя Украіна). Вывучаў жывапіс у Вене. Аўтар аповесцяў у навэлах “Цынамонавыя крамы” (1934) і “Санаторый пад клепсідрай” (1937). 30 чэрвеня 1941 нямецкія войскі акупавалі Драгобыч. Шульц быў застрэлены гестапаўцам на вуліцы драгобыцкага гета. Шэраг яго літаратурных твораў і практычна ўвесь жывапіс страчаныя. Па-беларуску навэлы Шульца выйшлі зборнікам “Цынамонавыя крамы” ў перакладах Лявона Баршчэўскага, Ігара Войніча, Кірылы Ільніцкага, Змітра Коласа, Сяргея Шупы.

  • 1904

    Нарадзіўся Пабла Нэруда (гішп. Pablo Neruda, сапр. Рыкарда Эліэсер Нефталі Рэес Басаальта; памёр 23 верасня 1973), чылійскі паэт, дыпламат, сенатар Чылійскай рэспублікі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1971) — “за паэзію, якая са звышнатуральнай сілай увасобіла ў сабе лёс цэлага кантынента”.