Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Джон Клэр (анг. John Claire, памёр 20 траўня 1864), ангельскі паэт. Вершы пачаў пісаць пад уражаннем ад паэзіі Джэймса Томсана. Адзін верш выпадкова трапіўся на вочы мясцоваму кнігагандляру, які адшукаў аўтара і звёў яго з выдаўцамі. Першы зборнік Клэра “Вершы, што апісваюць сельскае жыццё і краявіды” (Poems Descriptive of Rural Life and Scenery, 1820) меў вялікі поспех. Клэр прыехаў у Лондан, пазнаёміўся з літаратурнымі знакамітасцямі. Некалькі ангельскіх лордаў набылі для яго дом і забяспечылі яму пажыццёвую пенсію, аднак з новым ладам жыцця Клэр не звыкся. У далейшым былі выдадзеныя яшчэ тры кнігі Клэра, з якіх найлепшай лічыцца апошняя, “Сельская Муза” (The Rural Muse, 1835). Тым не менш сям'я Клэра жыла ў галечы. Ён прыахвоціўся да выпіўкі, яго здароўе моцна пахіснулася, яму сталі невыносныя гукі. З 1837 ён, за выключэннем кароткага прамежку ў 1841 годзе, ужо не пакідаў вар'ятні, дзе працягваў пісаць вершы. Забытыя больш чым на паўстагоддзя, вершы Клэра зазналі адраджэнне цікавасці да іх у пачатку XX стагоддзя.
Нарадзіўся Сяргей Сцяпняк-Краўчынскі (руск. Сергей Степняк-Кравчинский, памёр 23 снежня 1895), рускі рэвалюцыянер-народнік, пісьменнік, забойца шэфа жандармаў Мезянцова. Цягам жыцця погляды на рэвалюцыйную барацьбу Краўчынскага кардынальна змяняліся, і ўрэшце ён канчаткова адмовіўся ад тактыкі “хаджэння ў народ”, прыйшоўшы да высновы, што адзіны дзейсны метад барацьбы ў Расіі — тэрор. Пасля забойства Мезянцова збег у Швейцарыю, там надрукаваў брашуру “Смерць за смерць”, тлумачачы свой учынак помстай за шматлікія арышты прапагандыстаў народнікаў і смяротны прысуд тэрарысту Кавальскаму. У Расію больш не вярнуўся. Загінуў, трапіўшы ў Лондане пад цягнік. Прататып герояў раманаў Э. Л. Войніч “Авадзень” і Э. Заля “Жэрміналь”.
Памёр Роберт Хамерлінг (ням. Robert Hamerling, нар. 24 сакавіка 1830), аўстрыйскі паэт і драматург. У зборніках вершаў “Венера ў выгнанні” (Venus im Exil, 1858), “Лебядзіная песня рамантызму” (Ein Schwanenlied der Romantik, 1862), вядомай сатыры “Гамункул” (Homunculus; 1888) — крытыка бурнага росту прамысловасці, звязанай з ім механізацыі жыцця, ідэалізацыя мінулага як царства прыгажосці і гармоніі. Творчасць Хамерлінга — пастаянная барацьба паміж песімізмам і жыццярадаснасцю, характэрнай для аўстрыйскай інтэлігенцыі 1860-х.
Нарадзіўся Сяргей Клычкоў (руск. Сергей Клычков, памёр 8 кастрычніка 1937), рускі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і шаўца. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905 году. Паэт вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (пасля — на юрыдычным; выключаны ў 1913), затым, падчас Першай сусветнай вайны, пайшоў на фронт. У 1919—1921 жыў у Крыме, дзе ледзь не быў расстраляны (махноўцамі, затым белагвардзейцамі). У 1921 пераехаў у Маскву, дзе супрацоўнічаў у асноўным з часопісам “Красная новь”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Патаемны сад” (1913), “Дубраўна” (1918), “Госць цудоўны” (1923), “У гасцях у жураўлёў” (1930). Пераклаў на рускую знакамітую паэму Ш. Руставелі “Віцязь у тыгравай шкуры”. У 1937 арыштаваны па ілжывым абвінавачанні і прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956. У даведцы пра рэабілітацыю паказаная несапраўдная дата смерці — 21 студзеня 1940, якая перайшла ў некаторыя выданні.
Нарадзіўся Ісаак Бабель (руск. Исаак Бабель, памёр 27 студзеня 1940), рускі савецкі пісьменнік, драматург, вядомы сваімі “Адэскімі апавяданнямі” і зборнікам “Конармія” пра першую конную армію Будзённага. У 1939 годзе пісьменнік быў арыштаваны, у яго былі канфіскаваныя некалькі рукапісаў, страчаныя назаўжды. У 1940 годзе на загад, падпісаны асабіста І. Сталіным, ён быў прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны толькі ў 1954 годзе, а ў 1956 годзе, дзякуючы ўплыву К. Паўстоўскага, творы Бабеля былі вернутыя ў савецкую літаратуру.
Нарадзіўся Ўоле Шоінка (анг. Akinwande Oluwole “Wole” Soyinka), нігерыйскі драматург, празаік і паэт, першы афрыканскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1986). Вершы піша на мове яруба, празаічныя і драматычныя творы — па-ангельску. За антыўрадавыя выказванні неаднаразова арыштоўваўся ўладамі. Так, аднойчы ён абвясціў па радыё, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя. Праз два месяцы яго вызвалілі пры падтрымцы вялікай групы ангельскіх і амерыканскіх пісьменнікаў. Іншым разам яго пасадзілі ў “адзіночку” па абвінавачанні “ў змове з паўстанцамі” і, нягледзячы на пратэсты выбітных заходніх пісьменнікаў, трымалі там больш за два гады ў жахлівых умовах. Нягледзячы на небяспеку, што пагражала яго жыццю і здароўю, Шоінка таемна пісаў вершы і рабіў накіды раманаў і п’есаў у няволі. Пра час, праведзены ў турме, Шоінка пасля напісаў кнігу “Чалавек памёр” (The man died). Шоінка не прымаў скрайніх нацыяналістычных поглядаў, што выказвалі т.зв. “неграфілы”, з якімі ён вёў палеміку, але вельмі паважаў даўнія афрыканскія традыцыі (што прасочваецца і ў яго творах). У адрозненне ад “неграфілаў”, якія былі катэгарычна супраць еўрапейскай інтэграцыі, Шоінка лічыў, што некаторыя дасягненні цывілізацыі могуць прынесці грамадству карысць. Сярод найбольш значных п’есаў Шоінкі — “Людзі на балоце” (The Swamp Dwellers) і “Танец лясоў” (А Dance of the Forests), а таксама антырасісцкая п’еса “Вынаходніцтва” (The Invention). Самы вядомы яго зборнік вершаў — “Турэмныя вершы” (Poems From Prison).
У СССР выйшаў першы нумар часопіса “Иностранная литература” (раней выходзіў пад назвай “Интернациональная литература”).