№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 14 ліпеня

  • 1454

    Нарадзіўся Анджэла Амбраджыні па мянушцы Паліцыяна (іт. Angelo Ambrogini detto Poliziano, памёр 29 верасня 1494), італьянскі паэт і драматург. Прыдворны паэт і сябар Ларэнца Медычы, выхавальнік яго сыноў. Прафесар грэцкай і лацінскай літаратуры ў Фларэнтыйскім універсітэце (1480—1494), аўтар паэмы “Стансы на турнір” (1475), першай свецкай п'есы ў італьянскай літаратуры “Паданне пра Арфея” (1471). Вялікі ўнёсак Паліцыяна зрабіў і ў філалогію, асабліва распрацоўкай метаду гістарычнай крытыкі тэксту, калі кожны тэкст успрымаецца ў кантэксце эпохі.

  • 1743

    Нарадзіўся Гаўрыіл Дзяржавін (руск. Гавриил Державин, памёр 20 ліпеня 1816), адзін з найвыбітнейшых рускіх паэтаў. У розныя гады займаў найвышэйшыя дзяржаўныя пасады: кіраўнік Аланецкага намесніцтва (1784—1785), губернатар Тамбоўскай губерні (1786—1788), кабінет-сакратар Кацярыны II (1791—1793), прэзідэнт Камерц-калегіі (з 1794), міністр юстыцыі (1802—1803). Чалец Расійскай акадэміі з моманту яе заснавання. Развіваў і рэфармаваў традыцыі рускага класіцызму, з'яўляючыся прадаўжальнікам Ламаносава і Сумарокава.

  • 1795

    "Марсельеза" абвешчаная дзяржаўным гімнам Францыі.

  • 1891

    Нарадзіўся Аляксандр Волкаў (руск. Александр Волков, памёр 3 ліпеня 1977), рускі пісьменнік, перакладчык і матэматык. Найбольшую вядомасць Волкаву прынесла серыя дзіцячых кніг пра Чароўную Краіну. Першая з іх, “Чараўнік Смарагдавага горада”, была заснаваная на творы “Цудоўны Чараўнік краіны Оз” Лаймэна Фрэнка Баўма. Волкаў выдаліў некаторыя раздзелы, дапісаў новыя, дадаў шмат уласных элементаў, а таксама змяніў імёны герояў. Бліжэй да 1960-x гадоў кніга зрабілася вельмі папулярнай у Савецкім Саюзе, і Волкаў напісаў некалькі ўласных працягаў, першы з іх — “Урфін Джус і яго драўляныя жаўнеры” (1963), а апошні — “Таямніца закінутага замка”, надрукаваны ў 1982 годзе ўжо пасля смерці аўтара. Як і першая кніга, працягі карысталіся вялікай папулярнасцю ў дзіцячым асяродку. Кнігі Волкава былі перакладзеныя на шэраг моваў. На тэрыторыі былой Усходняй Германіі і іншых краінаў былога савецкага лагеру, а таксама ў Кітаі яны вядомыя больш за кнігі Баўма.

  • 1903

    Нарадзіўся Ірвінг Стоўн (анг. Irving Stone, памёр 26 жніўня 1989), амерыканскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў біяграфічнага рамана, аўтар раманаў пра жыццё Ван Гога, Джэка Лондана, Зігмунда Фройда, Чарлза Дарвіна і іншых. Паводле словаў Стоўна, пісьменнікам ён зрабіўся дзякуючы раману Лондана “Марцін Ідэн”.

  • 1954

    Памёр Хасінта Бенавентэ-і-Марцінэс (гішп. Jacinto Benavente y Martínez, нар. 12 жніўня 1866), гішпанскі драматург “пакалення 98 году”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1922) — “за бліскучае майстэрства, з якім ён працягнуў слаўныя традыцыі гішпанскай драмы”.

  • 1967

    Памёр Тудор Аргезі (рум. Tudor Arghezi, сапр. Іён Н. Тэадарэску, нар. 21 траўня 1880), адзін з найвыбітнейшых румынскіх паэтаў ХХ ст. Першы вершаваны зборнік Аргезі “Патрэбныя словы” быў апублікаваны, калі паэту было 47 гадоў. Арыштаваны ў 1943 г. за публікацыю памфлета “Барон”, скіраванага супраць нацысцкай Германіі.

  • 1968

    Памёр Канстанцін Паўстоўскі (руск. Константин Паустовский, нар. 31 траўня 1892), рускі пісьменнік. Аўтар кніг “Сустрэчныя караблі”, “Зіхоткія аблокі”, “Кара-Бугаз”, “Калхіда”, “Залатая ружа” і інш.

  • 1992

    Памёр Аляксей Карпюк (нар. 14 красавіка 1920), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы (канец 1942) быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль — у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 уцёк з лагера і ўзяў удзел у партызанскай барацьбе. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута (1949). У 1961 скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў першай палове ХІХ ст. — на тэму, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесць “Данута”, раман-быль “Вершалінскі рай” ды інш.). Вакол А.Карпюка ў Гародні ў 1960—1970-х узнік своеасаблівы клуб вальнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, кантактаваў з сям'ёй Геніюшаў. Тэлефонныя размовы Карпюка пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся таемныя ператрусы. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў “Дзве сасны” (1958), “Данута” (1960), “Мая Гродзеншчына” (нарыс, 1960), “Пушчанская адысея” (1964), “Чаго мы варты” (1970), “След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны” (1972), “Вершалінскі рай” (1974), “Ольга Корбут” (1977), “Свежая рыба” (1978), “Партрэт” (1983), “Сучасны канфлікт” (1985), “Дзве сястры” (казка, 1986), раман “Карані” (1988). Выйшлі “Выбраныя творы” ў 2-х тамах у 1980 і 1990—1991, а таксама том выбранага ў “Беларускім кнігазборы” (2007).