Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Андрэас Грыфіюс (ням. Andreas Gryphius; сапр. Андрэас Грайф; нар. 2 кастрычніка 1616), нямецкі паэт і драматург эпохі барока. Найбольш вядомы аўтар санэтаў XVII стагоддзя. Вершы пісаў па-нямецку і на лаціне, адна з п’есаў напісаная на сілезскім дыялекце (“Каханая ружа”).
Першая публікацыя А. Пушкіна — надрукаваны верш “К другу стихотворцу”.
Памёр П’ер Жан дэ Беранжэ (фр. Pierre-Jean de Béranger, нар. 19 жніўня 1780), французскі паэт. Найбольш знакаміты сваімі сатырычнымі творамі і зборнікамі песняў. За знявагу маралі, царквы і каралеўскай улады ў сваіх творах быў двойчы прыгавораны да турэмнага зняволення і грашовага штрафу, грошы на аплату якога сабралі яго шматлікія прыхільнікі.
Памёр Эдмон дэ Ганкур (фр. Edmond Huot de Goncourt, нар. 26 траўня 1822), французскі пісьменнік, гісторык, мастацкі крытык. Пісаў у суаўтарстве з братам Жулем, апроч іншага, пачынаючы з 1851 году браты вялі сумесны “Дзённік”. Ім належаць раманы “Сястра Філамэна” (Sœur Philomène, 1861), “Рэнэ Мапрэн” (Renée Mauperin, 1864), “Жэрміні Ласэрто” (Germinie Lacerteux, 1865) і інш. Пасля смерці Жуля (1870) Эдмон пісаў адзін і працягнуў “Дзённік”; выйшлі ягоныя раманы “Дзеўка Эліза” (La fille Élisa, 1875), “Браты Земгана” (Les frères Zemganno, 1879), “Акторка Фастэн” (La Faustin, 1882) — раман, заснаваны на абставінах жыцця знакамітай французскай акторкі Рашэль. Паводле тэстаменту Эдмона дэ Ганкура, складзенага ў 1896 годзе, у 1900-м было заснаванае Таварыства братоў Ганкураў і 21 снежня 1903 году ўручаная першая Ганкураўская прэмія.
Нарадзіўся Юрка Лявонны (сапр. Леанід Юркевіч, памёр 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт. Пры жыцці паэта былі выдадзеныя яго зборнікі “Камсамольскія вершы”, “Штурм” (1930), “Жалезныя віхуры”, “Разбег” (1931), “Стала і мужна” (1932), зборнік нарысаў “Крок пяцігодкі” (1931). Разам з С. Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Ж. Вэрна “80 000 кіламетраў пад вадой” (1937). Арыштаваны ў 1936 і расстраляны як “член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі”. Адзіны з падследных, хто не пацвердзіў, што Цішка Гартны — “контррэвалюцыянер”, “нацдэм” і г.д.
Нарадзіўся Роберт Шэклі (анг. Robert Sheckley, памёр 9 снежня 2005), амерыканскі пісьменнік-фантаст, майстар гумарыстычнага апавядання. Выдаў таксама шэраг навукова-фантастычных раманаў і аповесцяў. Акрамя ўласнай творчасці вядомы супрацоўніцтвам з Роджэрам Жэлязны, сумесна з якім напісаў трылогію пра прыгоды маладога дэмана Азі “Руды дэман”.
Нарадзілася Аніта Брукнэр (анг. Anita Brookner), ангельская пісьменніца і гісторык мастацтва. Яе раманы часта параўноўваюць з творамі Дж. Остэн. Найбольш знакаміты з іх — “Гатэль “Ля возера” (Hotel du Lac, 1984; экранізаваны ў 1985), за які ёй была прысуджаная Букераўская прэмія.
Нарадзіўся Даг Сульстад (нарв. Dag Solstad), нарвежскі пісьменнік. Напісаў каля 30 кніг. Адзіны аўтар у Нарвегіі, які атрымаў прэмію Нарвежскай літаратурнай крытыкі тройчы. У 2006 паводле яго знакамітага рамана “Аповед настаўніка гімназіі Педэрсэна пра вялікае палітычнае абуджэнне, якое звалілася на нашую краіну” (Gymnaslærer Pedersens beretning om den store politiske vekkelse som har hjemsøkt vårt land, 1982) быў зняты фільм “Таварыш Педэрсэн” (Gymnaslærer Pedersen).
Нарадзіўся Рэйнальда Арэнас (гішп. Reinaldo Arenas, памёр 7 снежня 1990), кубінскі пісьменнік. У сувязі з публікацыямі за мяжой трапіў пад нагляд і жорсткую крытыку ўладаў. Яго раман “Прымроены свет” быў пазбаўлены нацыянальнай прэміі праз рашэнне партыйных чыноўнікаў. Па абвінавачанні ў гомасэксуалізме быў зняволены і адседзеў два гады ў турме. Пра жыццё ў папраўчых лагерах Кубы расказваецца ў яго рамане “Артура, самая яркая зорка” (Arturo, la estrella más brillante, 1984). З 1980 Арэнас жыў у ЗША. Мемуары, выдадзеныя пасля яго смерці ў 1992 пад назвай “Перад тым, як настане ноч” (Antes que anochezca), сталі бэстсэлерам і былі экранізаваныя ў 2000 годзе.
Выдадзеная аповесць Дж. Сэлінджэра “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye).
Памёр Мікалай Асееў (руск. Николай Асеев, нар. 10 ліпеня 1889), рускі паэт, дзеяч футурызму, сябар Маякоўскага і Пастарнака. Першы яго зборнік “Начная флейта” (“Ночная флейта”, 1914) насіў сляды сімвалісцкай паэзіі. З 1923 удзельнічаў у групе “ЛЕФ”. Апублікаваў за жыццё больш за 70 паэтычных зборнікаў. Перакладаў вершы Мао Цзэдуна. Дачка М. Цвятаевай Арыядна Эфрон называе Асеева забойцам сваёй маці, бо Цвятаева скончыла жыццё самагубствам акурат пасля размовы з Асеевым, у якога прасіла дапамогі, але ён адмовіў ёй нават у месцы пасудамыйкі ў пісьменніцкай сталоўцы.
Памёр Янка Станкевіч (нар. 26 лютага 1891), беларускі мовазнаўца і гісторык, доктар філасофіі (1926), аўтар шэрагу навуковых працаў.
Памёр Генрых Бёль (ням. Heinrich Theodor Böll, нар. 21 снежня 1917), нямецкі пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1972). Пэўны час быў папулярны ў Савецкім Саюзе, шмат разоў прыязджаў у СССР, але за падтрымку дысідэнтаў (А. Салжаніцына, Л. Копелева) і крытыку савецкага рэжыму яго творы перасталі друкаваць. Найлепшымі творамі Бёля лічацца раманы “Більярд а палове дзясятай” (Billiard um Halbzehn, 1959), “Вачыма клоўна” (Ansichten eines Clowns, 1963), “Групавы партрэт з дамай” (Gruppenbild mit Dame, 1971). На беларускую мову раман “Більярд а палове дзясятай” і апавяданні пераклаў Л. Баршчэўскі (1993). Таксама ў 1996 у серыі “Школьная бібліятэка” выйшаў пераклад рамана “Дом без гаспадара”.
Памёр Міхаіл Матусоўскі (руск. Михаил Матусовский, нар. 23 ліпеня 1915), рускі савецкі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Аўтар папулярных песняў “Подмосковные вечера”, “Школьный вальс”, “Старый клён” і інш.