Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Шмуэль Ёсэф Агнон (сапр. Шмуэль Ёсэф Халеві Чачкес, іўр. שמואל יוסף עגנון; памёр 17 лютага 1970), ізраільскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1966). Пісаў на іўрыце і ідыш. Лічыцца адным з найяскравейшых габрэйскіх пісьменнікаў, яго параўноўваюць з Дж. Джойсам, М. Прустам, Ў. Фолкнэрам і асабліва з Ф. Кафкам, з якім яго збліжае шматзначнасць і змрочны каларыт. У апошнія гады жыцця Агнон зрабіўся нацыянальным кумірам Ізраіля. Калі ў раёне Ерусаліму, дзе ён жыў, пачаліся рамонтныя работы, мэр горада загадаў усталяваць непадалёк ад дома пісьменніка спецыяльны знак: “Захоўвайце цішыню! Агнон працуе!”
Нарадзіўся Эрл Стэнлі Гарднэр (анг. Erle Stanley Gardner, памёр 11 сакавіка 1970), амерыканскі пісьменнік, класік дэтэктыўнага жанру. Выдаў больш за 100 раманаў і мноства апавяданняў. Галоўны герой 72 раманаў Гарднэра, напісаных на працягу сарака гадоў, — адвакат Пэры Мэйсан. Да пачатку літаратурнай кар’еры Гарднэр сам працаваў адвакатам, а ў 1946—1960 гг. быў удзельнікам камітэта “Суд апошняй надзеі”, праваабарончай арганізацыі па пераглядзе смяротных выракаў. За дакументальную кнігу пра гэтую арганізацыю яму была прысуджаная прэмія Эдгара По Амерыканскай асацыяцыі дэтэктыўных пісьменнікаў (1962).
Памёр Эктор Мало (фр. Hector Henri Malot, нар. 20 траўня 1830), французскі пісьменнік. Напісаў каля шасцідзесяці раманаў. Найбольш папулярныя сёння ягоныя творы для дзяцей: “Рамэн Кальбры” (Romain Kalbris, 1867), “Без сям’і” (Sans famille, 1878; экранізаваны некалькі разоў), “У сям’і” (En famille, 1893). Аповесць “Без сям’і” ў Францыі з’яўляецца дзіцячай класікай, па якой вывучаюць родную мову.
Нарадзіўся Парфірый Гаратак (укр. Порфирій Горотак, памёр, здаецца, у 1948), фіктыўны аўтар “Д’ябалічных парабалаў” — зборніка вершаваных пародыяў на розных украінскіх дзеячаў, пісьменнікаў і мастакоў дыяспары. Зборнік напісаны ў суаўтарстве ўкраінскімі пісьменнікамі Юрыем Клёнам і Леанідам Мосендзам і выдадзены ў 1947 годзе. Аўтары дадалі ў зборнік выдуманую біяграфію Гаратака, якую можна пачытаць на сайце “ПрайдзіСвета”.
Памёр Джордж Ўільям Расэл (анг. George William Russell, нар. 10 красавіка 1867), англамоўны ірландскі паэт, мастак і тэасоф, выбітны дзеяч ірландскага літаратурнага адраджэння. Друкаваўся пад крыптанімам Æ. Сябраваў з Ўільямам Батлерам Ейтсам.
Нарадзіўся Барыс Пятровіч (сапр. Сачанка), беларускі празаік. Галоўны рэдактар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў” з 2009. Аўтар кніг “Ловы” (1992), “Сон між пачвар”, «Шчасьце быць», «Жыць не страшна: фрэскі» (2008).
Памёр Канстанцін Гамсахурдзія (груз. კონსტანტინე გამსახურდია, нар. 3 траўня 1893), грузінскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, што лічыцца адным з самых значных грузінскіх раманістаў ХХ стагоддзя. Яго сын, Звіяд Гамсахурдзія, быў савецкім дысідэнтам і ў 1991 годзе стаў першым прэзідэнтам незалежнай Грузіі.
Памерла Эдзі Агняцвет (сапр. Эдзі Каган, нар. 11 кастрычніка 1913), беларуская паэтка, перакладчыца. Пісала пераважна для дзяцей. Аўтар лібрэта операў для дзяцей “Джанат” (1962), “Марынка” (1956). Пераклала на беларускую творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі “Такое сэрца ў мяне” (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса “Сабака з рагаткай” (1976), Г. Сулейманавай “Сорак косак” (1982), М. Джаліля “Я гляджу на зоры” (1985). У яе перакладзе з французскай выйшлі кнігі П.-Ж. Беранжэ “Выбраныя песні” (1960), “Краіна Паэмія” (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюперы “Маленькі прынц” (1969), Г. Апалінэра “Зямны акіян” (1973), П. Элюара “З табою” (1980).