№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 19 ліпеня

  • 1374

    Памёр Франчэска Петрарка (іт. Francesco Petrarca, нар. 20 ліпеня 1304), італьянскі паэт, мысляр, адзін з заснавальнікаў еўрапейскай гуманістычнай культуры Адраджэння. Творы пісаў па-італьянску і на лаціне. Найбольш вядомы яго зборнік італьянскіх вершаў “Кніга песняў” (Canzoniere), прысвечаны каханай Лаўры, з якой ён нават не быў знаёмы асабіста, але пачуцці да якой натхнялі яго ўсё жыццё. Гэтая кніга яшчэ да пачатку XVII стагоддзя была перавыдадзеная больш за дзвесце разоў.

  • 1819

    Нарадзіўся Готфрыд Келер (ням. Gottfried Keller, памёр 15 ліпеня 1890), швейцарскі нямецкамоўны пісьменнік, класік швейцарскай літаратуры. У лік найбольш значных яго твораў уваходзяць раманы “Зялёны Генрых” (Der grüne Heinrich, 1854—1855; 2-я рэд. 1879—1880), “Марцін Заландэр” (Martin Salander, 1886), зборнікі “Цюрыхскія навэлы” (Züricher Novellen, 1879—1880) і “Прамовы” (Das Sinngedicht, 1881). Апавяданні з апошняга зборніка Келера высока цаніў Фрыдрых Ніцшэ.

  • 1849

    Нарадзіўся Фердынан Брунэцьер (фр. Ferdinand Brunetière, памёр 9 снежня 1906), французскі пісьменнік, гісторык, тэарэтык літаратуры, крытык. Каталік, манархіст. Прыхільнік тэорыі Дарвіна. Выхаванец і прыхільнік французскага класіцызму, лічыў пазнейшую літаратуру мастацкім заняпадам.

  • 1855

    Памёр Тамаш Зан (польск. Tomasz Zan, нар. 21 снежня 1796), беларуска-польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху, сябра А. Міцкевіча. Адзін з арганізатараў таемных віленскіх студэнцкіх таварыстваў — філаматаў, філарэтаў, прамяністых. На працэсе над філаматамі і філарэтамі ў 1823—1824 гг. усю віну ўзяў на сябе. Быў высланы ў Арэнбург разам з Янам Чачотам і Адамам Сузіным. У высылцы даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. У 1841 вярнуўся на радзіму, жыў у маёнтку Кахачын каля Оршы. У творчасці шырока выкарыстоўваў народныя вобразы і беларускі фальклор. Пісаў (па-польску) элегіі, балады, трыялеты, паэмы, а таксама сатырычныя творы, сярод якіх найбольш вядомая камічная паэма “Смерць табакеркі” (Zgon tabakiery, 1817—1818).

  • 1886

    Памёр Сэзарыё Вэрдэ (парт. Cesário Verde, нар. 25 лютага 1855), адзін з самых выбітных паэтаў Партугаліі. Пры жыцці не атрымаў шырокага прызнання, збор вершаў “Кніга Сэзарыё Вэрдэ” (O Livro de Cesário Verde, 1887) была апублікаваная сябрамі паэта пасля яго заўчаснай смерці ад сухотаў. У вершах пераважаюць тэмы штодзённага жыцця, аб’ектыўныя апісанні ўрбаністычных і сялянскіх пейзажаў. “Мяне цікавіць толькі тое, што вакол мяне”, — казаў паэт.

  • 1889

    Памёр Філіп Агюст Вілье дэ Ліль-Адан (фр. Jean-Marie-Matthieu-Philippe-Auguste Villiers de l’Isle Adam, нар. 7 лістапада 1838), французскі паэт-сімваліст. Поль Вэрлен адносіў яго да “выклятых паэтаў”. У літаратуры Вілье дэ Ліль-Адан дэбютаваў у 1858 зборнікам “Дзве вершаваныя спробы” (Deux Essais de Poesie), затым перайшоў да драмы, рамана і навелы.

  • 1893

    Нарадзіўся Уладзімір Маякоўскі (руск. Владимир Маяковский, памёр 14 красавіка 1930), рускі савецкі паэт-футурыст, драматург, рэдактар часопісаў “ЛЕФ” (Левы фронт) і “Новы ЛЕФ”. Сваёй творчасцю заслужыў званне “вялікага пралетарскага паэта”. Сярод найбольш значных твораў — паэмы “Облако в штанах” (1914—1915), “Флейта-позвоночник” (1915), “Люблю” (1922), “Про это” (1923), “Владимир Ильич Ленин” (1924), “Хорошо!” (1927), п’есы “Мистерия-буфф”, “Клоп” (1928), “Баня” (1929). Скончыў жыццё самагубствам, стрэліўшы сабе ў сэрца.

  • 1896

    Нарадзіўся Арчыбалд Джозэф Кронін (анг. Archibald Joseph Cronin; памёр 6 студзеня 1981), шатландскі пісьменнік, лекар. Сярод самых вядомых яго раманаў — “Замак Броўдзі”, “Цытадэль”. Многія раманы былі экранізаваныя. У 1994 у Расіі выйшаў 5-томнік яго твораў.

  • 1910

    Нарадзіўся Франсіска Калаанэ (гішп. Francisco Coloane Cárdenas, памёр 5 жніўня 2002), чылійскі пісьменнік. У 1964 атрымаў Нацыянальную прэмію па літаратуры, а ў 1997 быў узнагароджаны французскім Ордэнам мастацтваў і літаратуры. У творчасці пераважае тэма мора і марскіх вандровак. Сам пісьменнік быў нястомным вандроўнікам, і нават свой 89 год нараджэння сустрэў у плаванні па Ціхім акіяне. Замежныя крытыкі параўноўваюць Калаанэ з аўтарам легендарнага “Мобі Дзіка” Генры Мэлвілам. Сярод вядомых твораў — раманы “Вогненная зямля” (Tierra del Fuego, 1956; экранізаваны ў 2000) і “Дарога кітоў” (El camino de la ballena, 1962).

  • 1943

    Памёр Сяргей Дарожны (сапр. Сяргей Серада, нар. 25 лютага 1909), беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч. З 1921 выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі (аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча). У 1926 выйшла першая паэтычная кніга (сумесна з І. Плаўнікам). Быў сябрам літаб’яднанняў “Маладняк” (1926—1927), “Узвышша” (з 1928). Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, на радыё, адкуль быў звольнены за “сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону”. Па абвінавачанні ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу, пра якога збіраў матэрыялы для кнігі, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі і накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

  • 1957

    Памёр Курцыё Малапартэ (іт. Curzio Malaparte, нар. 9 чэрвеня 1898), італьянскі пісьменнік, журналіст, кінарэжысёр. Заснаваў літаратурны штоквартальнік “Дзевяцісотыя гады”, дзе друкаваліся Пікаса, Джэймс Джойс, Філіп Супо і інш.

  • 1965

    Памерла Інгрыд Ёнкер (афр. Ingrid Jonker, нар. 19 верасня 1933), паўднёваафрыканская паэтка. Пісала на афрыкаанс. Яе называюць паўднёваафрыканскай Сільвіяй Плат. Пачала пісаць вершы з шасці гадоў. У 1956 выйшла яе першая кніга “Уцёкі” (Ontvlugting), а ў 1963 — зборнік вершаў “Дым і вохра” (Rook en Oker), які быў вельмі стрымана сустрэты кансерватыўнай паўднёваафрыканскай публікай. Тым не менш, за яго Ёнкер атрымала прэмію. У 1961 Ёнкер трапіла ў псіхіятрычную клініку пасля нервовага зрыву, выкліканага тым, што яна зрабіла аборт, каб пазбавіцца дзіцяці ад аднаго з двух сваіх каханкаў-пісьменнікаў. На той час аборт быў пад забаронай. У 1965 годзе паэтка скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў заліве. У тым самым годзе была заснаваная літаратурная прэмія імя Інгрыд Ёнкер.