Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Франчэска Петрарка (іт. Francesco Petrarca, памёр 19 ліпеня 1374), італьянскі паэт, мысляр, адзін з заснавальнікаў еўрапейскай гуманістычнай культуры Адраджэння. Творы пісаў па-італьянску і на лаціне. Найбольш вядомы яго зборнік італьянскіх вершаў “Кніга песняў” (Canzoniere), прысвечаны каханай Лаўры, з якой ён нават не быў знаёмы асабіста, але пачуцці да якой натхнялі яго ўсё жыццё. Гэтая кніга яшчэ да пачатку XVII стагоддзя была перавыдадзеная больш за дзвесце разоў.
Памёр Гаўрыіл Дзяржавін (руск. Гавриил Державин, нар. 14 ліпеня 1743), адзін з найвыбітнейшых рускіх паэтаў. У розныя гады займаў найвышэйшыя дзяржаўныя пасады: кіраўнік Аланецкага намесніцтва (1784—1785), губернатар Тамбоўскай губерні (1786—1788), кабінет-сакратар Кацярыны II (1791—1793), прэзідэнт Камерц-калегіі (з 1794), міністр юстыцыі (1802—1803). Чалец Расійскай акадэміі з моманту яе заснавання. Развіваў і рэфармаваў традыцыі рускага класіцызму, з'яўляючыся прадаўжальнікам Ламаносава і Сумарокава.
Нарадзіўся Эрык Аксель Карлфельт (шведск. Erik Axel Karlfeldt, памёр 8 красавіка 1931), шведскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1931 году — “за ягоную паэзію (пасмяротна)”. Ёсць меркаванне, што яму хацелі ўручыць прэмію ў 1919 г., але Карлфельт ад яе адмовіўся.
Нарадзіўся Галляш Леўчык (сапр. Ілля Ляўковіч, памёр у верасні 1944), беларусазнаўца, паэт, публіцыст, перакладчык, музыка. Друкавацца пачаў з 1908 у “Нашай ніве”. Выдаў зборнік вершаў “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). У 1920-я г. прымкнуў да рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку заходнебеларускай паэзіі. Выступаў як публіцыст, гумарыст і сатырык (друкаваўся ў гумарыстычных часопісах “Авадзень”, “Маланка”). Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам “Заранка”. Леўчык быў вялікім кніжнікам, меў багатыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Збіраў і апрацоўваў фальклор, узоры народнай керамікі. Перакладаў на беларускую мову творы Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, К. Тэтмаера, А. Ланге і інш. Падрыхтаваныя ім зборнікі вершаў “Беларускі жаваранак” і трыялетаў “Мудра пагаворка — соладка і горка” аўтару выдаць не ўдалося. Памёр падчас Варшаўскага паўстання, абставіны смерці не высветленыя.
Нарадзіўся Міхаіл Лазінскі (руск. Михаил Лозинский, памёр 31 студзеня 1955), рускі паэт, перакладчык і тэарэтык перакладу, адзін са стваральнікаў савецкай школы паэтычнага перакладу. Быў блізкі да акмеістаў, сябраваў з Мандэльштамам, Ахматавай, Гумілёвым. Арганізаваў выдавецтва “Гіпербарэй”, дзе друкаваліся творы акмеістаў, уваходзіў у гумілёўскі “Цэх паэтаў”. Пасля рэвалюцыі на запрашэнне М. Горкага працаваў у выдавецтве “Всемирная литература”, займаўся перакладамі і рэдактурай. Перакладаў заходнюю класіку — Шэкспіра, Карнэля, Мальера, Сервантэса, Мэрымэ, Ралана, а таксама ўсходніх паэтаў — Фірдаўсі, Саят-Нова, Бараташвілі. Сярод самых знакамітых працаў — рускія “Гамлет”, “Макбэт”, “Атэла”, “Сон у летнюю ноч” Шэкспіра, “Сабака на сене”, “Фуэнтэ Авехуна” Лопэ дэ Вэгі, “Боская камедыя” Дантэ, “Тарцюф” Мальера, “Кала Бруньён” Рамэна Ралана. За пераклад “Боскай камедыі” Лазінскі быў уганараваны Сталінскай прэміяй першай ступені (1946).
Нарадзіўся Франк Хелер (шведск. Frank Heller, сапр. Гунар Сэрнер; памёр 14 кастрычніка 1947), шведскі пісьменнік. Найбольш вядомы ў забаўляльным жанры, але пісаў таксама падарожныя нататкі і вершы. Найбольшы поспех яму прынесла серыя прыгодніцкіх раманаў пра дэтэктыва Філіпа Коліна. Пісаць ён вырашыў пасля таго, як дарэшты прайграўся ў казіно ў Монтэ Карла, а на Радзіму не мог вярнуцца, бо быў у вышуку за падробку векселя. Спачатку публікаваў апавяданні ў розных часопісах пад псеўданімам Марцін Мікаэль, а потым выйшаў на выдавецтва “Боніерс”, дзе пад псеўданімам Франк Хелер выдаў свае першыя зборнікі апавяданняў “Лонданскія справы гера Коліна” (Herr Collins affärer i London) і “У сталіцы азарту” (I hasardens huvudstad). “Лонданскія справы” выклікалі такі ажыятаж, што давялося ў першыя два гады выпусціць чатыры наклады. Творы Хелера перакладзеныя на пятнаццаць моваў, у тым ліку на рускую і польскую, а некаторыя з іх былі экранізаваныя.
Нарадзіўся Валерый Пералешын (руск. Валерий Перелешин, памёр 7 лістапада 1992), рускі паэт і перакладчык. Паходзіў са старажытнага польска-беларускага роду. У 1920 эміграваў з маці ў Харбін (Кітай), дзе скончыў гімназію і юрыдычны факультэт (1935), пасля чаго пачаў вывучаць кітайскую мову і кітайскае права. Першыя вершы апублікаваныя ў 1928, у канцы 1930-х у друку з'яўляюцца і пераклады з ангельскай і кітайскай. У 1938 прыняў манаскі пострыг пад імем Герман у Харбінскім Казанска-Багародскім манастыры. У 1946 атрымаў савецкае грамадзянства. Праз тры месяцы зняў з сябе сан. У 1950 вырашыў пераехаць на пастаяннае жыхарства ў ЗША, але быў высланы адтуль за спробу “стварэння кітайскай камуністычнай партыі” (пасля забарона была скасаваная). У 1953 перасяліўся ў Бразілію, дасканала авалодаўшы партугальскай мовай; усё наступнае жыццё пражыў у Рыё-дэ-Жанэйра, дзе выкладаў рускую мову, працаваў прадаўцом у ювелірнай краме і інш. Пры жыцці Пералешына апублікаваныя 14 (з іх апошні напісаны па-партугальску) зборнікаў арыгінальных вершаў, аўтабіяграфічная “Паэма без прадмета”, зборнікі перакладаў кітайскай і бразільскай паэзіі, пераклад старажытнакітайскага трактату «Дао Дэ Цзін» (асобныя выданні — 1994, 2000); многія вершы (у тым ліку напісаныя па-партугальску і па-ангельску) да сёння застаюцца нявыдадзенымі. Лічыцца адным з найбольш значных паэтаў рускага замежжа. Для яго вершаў характэрная класічная манера з арыентацыяй на цвёрдыя формы. Пералешын — майстар санэту, у 1960—1980 гг. стварыў мноства ўзораў гэтага жанру.
Нарадзіўся Ханс Лодэйзен (нід. Hans Lodeizen, памёр 26 ліпеня 1950), нідэрландскі паэт, які хаця і памёр ва ўзросце 26 гадоў, вельмі моцна паўплываў на нідэрландскую паэзію паваеннага перыяду. Адзін з вершаў Лодэйзена напісаны на доме ў Лейдэне ў межах праекту “Насценныя вершы”.
Нарадзіўся Павел Когаўт (чэшск. Pavel Kohout), чэшскі празаік, драматург, грамадскі дзеяч, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў пакалення “пражскай вясны”. Вядомасць прыйшла да яго дзякуючы драматычным творам. Вялікую папулярнасць набыла яго першая п’еса “Добрая песня” (Dobrá píseň, 1952). Псіхалагічная драма “Такая любоў” (Taková láska, 1957) інсцэніявалася многімі тэатрамі свету. Эвалюцыі ад прыхільніка ідэй камунізму да “рэакцыянера” прысвечаны яго першы раман “З дзённіка контррэвалюцыянера” (Z deníku kontrarevolucionáře, 1969), які зрабіўся бэстсэлерам на Захадзе. У 1979 выехаў у Аўстрыю і дзесяць гадоў не мог вярнуцца на радзіму, бо яго пазбавілі чэшскага грамадзянства. Цяпер жыве ў Вене і Празе.
Нарадзілася Катарына Тайкан (шведск. Katarina Taikon, памерла 30 снежня 1995), шведская пісьменніца цыганскага паходжання: яе бацька быў цыганам і да рэвалюцыі граў у маскоўскім Вялікім тэатры, а пасля спяваў і танчыў у Швецыі, дзе і сустрэў сваю будучую жонку Агду Карлсан. Разам з сястрой Розай Катарына вельмі актыўна займалася правамі цыганаў. Менавіта гэтая дзейнасць была штуршком да напісання яе першай кнігі “Цыганка” (Zigenerska) у 1963 годзе. Але найбольшую папулярнасць Катарыне прынесла серыя часткова аўтабіяграфічных кніг пра дзяўчынку Каціцы (цыганскае памяншальнае імя ад Катарыны). Гэта кнігі для дзяцей і падлеткаў, якія потым былі экранізаваныя.
Памёр Поль Валеры (фр. Paul Valéry, нар. 30 кастрычніка 1871), адзін з найлепшых французскіх паэтаў ХХ ст., эсэіст, філосаф. З 1925 быў сябрам Французскай акадэміі. Акрамя вершаў і прозы, знакаміты сваімі эсэ і афарызмамі, прысвечанымі мастацтву, гісторыі, літаратуры і музыцы.
Памёр Алесь Астапенка (нар. 15 ліпеня 1920), беларускі паэт і літаратуразнавец. Аўтар зборнікаў паэзіі “Выпрабаванне” (1947, дапоўненае выданне ў 1980), “Дзень маёй Радзімы” (1952), “Выбранае” (1957), “Сэрца спявае” (1960). Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, а таксама грузінскія казкі.