Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Якуб Ясіньскі (польск. Jakub Jasiński, памёр 4 лістапада 1794), ваенны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, паэт, кіраўнік паўстання 1794 году на абшарах ВКЛ. Яму належаць іраікамічная паэма “Спрэчкі” (1788—1792), паэма “Цянця”. Верш Ясіньскага “Пра сталасць: да польскіх выгнаннікаў” быў асобна выдадзены ў Гародні ў 1793 годзе. Пісаў паэмы сатырычнага і казачнага характару. Некаторыя рамантычныя песні Ясіньскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю. Творы Ясіньскага былі выдадзеныя ў 1869 годзе ў Варшаве.
Нарадзіўся Аляксандр Дзюма (фр. Alexandre Dumas, памёр 5 снежня 1870), французскі пісьменнік. Яго прыгодніцкія раманы — “Граф Монтэ Крыста”, “Тры мушкецёры”, “Віконт дэ Бражэлон” — зрабілі яго адным з самых чытаных французскіх аўтараў у свеце. Таксама быў драматургам і журналістам.
Нарадзіўся Генрык Пантопідан (дацк. Henrik Pontoppidan, памёр 21 жніўня 1943), дацкі раманіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1917) — “за праўдзівае апісанне сучаснага жыцця Даніі”.
Нарадзіўся Франк Ведэкінд (ням. Benjamin Franklin Wedekind, сапр. Беньямін Франклін Ведэкінд; памёр 9 сакавіка 1918), нямецкі паэт і драматург, папярэднік экспрэсіянізму. Яго ставілі многія тэатры свету. У Ведэкінда была інтымная сувязь з аўстрыйскай пісьменніцай Фрыдай Уль, былой жонкай Аўгуста Стрындберга, ад якой нарадзіўся сын.
Нарадзіўся Эдвард Фрэдэрык Бэнсан (анг. Edward Frederic Benson, памёр 29 лютага 1940), ангельскі празаік, біёграф, мемуарыст, спартовец (прадстаўляў Англію на міжнародных спаборніцтвах па фігурным катанні). Першую кнігу апублікаваў яшчэ студэнтам. У наш час яго ведаюць найбольш па серыі гумарыстычных раманаў “Мап і Люсія” (Mapp and Lucia) пра жыццё прадстаўнікоў буйной буржуазіі ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя. Акрамя гумарыстычнай прозы Бэнсан пісаў гісторыі пра прывідаў. За дзесяць дзён да сваёй смерці Бэнсан адправіў свайму выдаўцу рукапіс аўтабіяграфіі пад назвай “Апошняя рэдакцыя” (Final Edition). Памёр ад раку. Г. Ф. Лаўкрафт высока ацэньваў творчасць Бэнсана ў сваёй працы “Звышнатуральная вусціш у літаратуры”, асабліва адзначыўшы яго апавяданне “Чалавек, што зайшоў занадта далёка” (The Man Who Went Too Far).
Нарадзіўся Эдвард Джон Мортан Дракс Планкет (анг. Edward John Moreton Drax Plunkett, памёр 25 кастрычніка 1957), васямнаццаты барон Дансэні (англ. Dunsany), ірландскі англамоўны празаік і паэт, які, паводле словаў Говарда Лаўкрафта і Роберта Говарда, зрабіў значны ўплыў на іх творчасць. Лічыцца адным з піянераў жанру фэнтэзі. Натхнёны ірландскім фальклорам і рамантычнай літаратурай ХІХ стагоддзя, стварыў цыкл твораў пра краіну Пегана (“Багі Пеганы”, “Час і багі” і інш.) Найбольш вядомы як аўтар рамана “Дачка караля эльфаў” і гумарыстычнай казкі “Скарб гібелінаў”.
Нарадзіўся Дзюньітыра Танідзакі (яп. 谷崎 潤一郎, памёр 30 ліпеня 1965), японскі празаік і драматург. На раннім этапе творчасці быў прыхільнікам мадэрнізму і авангардызму і паспрабаваў спалучыць у сваёй творчасці традыцыйныя японскія літаратурныя густы з прынцыпамі эстэтыкі заходнееўрапейскай дэкадэнцкай літаратуры. Стварыў шэраг унікальных для японскай літаратуры жаночых вобразаў, у прыватнасці, вобразы фатальных жанчын у аповесцях “Дзеці” (1910), “Сакрэт” (1911) і “Д’ябал” (1912) і вобразы “сучасных дзяўчат” (т.зв. “модан гару”) у рамане “Наомі” (1924).
Нарадзіўся Анатоль Астрэйка (сапр. Акім Астрэйка, памёр 23 жніўня 1978), беларускі пісьменнік, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і паэмы для дзяцей “Прыгоды дзеда Міхеда” (1956), тэкстаў многіх беларускіх песняў (“Нёман”, “Песня пра Заслонава”, “Шаўковыя травы” і інш.).
Памёр Руноскэ Акутагава (яп. 芥川 龍之介, нар. 1 сакавіка 1892), японскі пісьменнік. У дваццаць сем гадоў Акутагава ўжо быў аўтарам трох зборнікаў апавяданняў, кожны з якіх меў шумны поспех. У 1925 годзе ягонай кнігай распачалася шматтомная серыя “Збор сучасных твораў”. Такая інтэнсіўнасць літаратурнай працы не найлепшым чынам адбівалася на фізічным стане і псіхіцы пісьменніка. Да таго ж, Акутагаву палохала тое, што ён атрымаў у нядобрую спадчыну ад маці псіхічную хваробу, якая зрабіла яе вар'яткай. Але інакш ён жыць не мог — мастацтва, літаратура былі для яго і сэнсам, і апраўданнем жыцця. Пра гэта яго знакамітыя словы: “Чалавечае жыццё не каштуе і аднаго радка Бадлера”. Ва ўзросце трыццаці пяці гадоў Руноскэ Акутагава прыняў смяротную дозу вераналу. На беларускую мову Акутагаву перакладаў Уладзімір Шатон (1 і 2).
Памёр Анатолій Марыенгоф (руск. Анатолий Мариенгоф, нар. 6 ліпеня 1897), рускі паэт-імажыніст, драматург, аўтар мемуараў. Аўтар рамана “Цынікі”, апублікаванага ў 1928 у Берліне, у Расіі — толькі ў 1988. І. Бродскі назваў гэты твор найлепшым рускім раманам.
Памёр Ісак Башэвіч-Зінгер (анг. Isaac Bashevis Singer, нар. 14 ліпеня 1904), амерыканскі пісьменнік габрэйскага паходжання. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1978 году. Пісаў на мове ідыш.
Памёр Ахмад Шамлу (перс. احمد شاملو —, нар. 12 снежня 1925), іранскі празаік, паэт, перакладчык, намінант на Нобелеўскую прэмію. Аўтар больш як 70 кніг — зборнікаў паэзіі, раманаў, твораў для дзяцей.